Пятніца, 26.04.2024, 01:03

АГІНСКІ КАНАЛ

Галоўная »
АГІНСКІ КАНАЛ, Вялікі Пінскі канал, Порт Агінскага — частка воднага шляху з Дняпра ў Нёман на тэрыторыі Пінскага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці. Злучае р.Ясельда (прыток Прыпяці) і р.Шчара (прыток Нёмана). Даўжыня (з Выганашчанскім возерам) 54 км.

Агінскі канал

Будаўніцтва пачалося ў 1765 г. на сродкі магната Міхала Казіміра Агінскага паводле ідэі, выказанай пінскім негацыянтам М.Бутрымовічам. Канал адкрываў магчымасці для экспарту лесу і інш. тавараў праз балтыйскія порты, таму яго будаўніцтва было падтрымана Варшаўскім соймам Рэчы Паспалітай 1768 г., які пастанавіў падараваць Агінскаму мястэчка Лагішын і в.Мышкаўцы з прылеглымі землямі і дазволіў з пачаткам сплаву спаганяць мыта "па 8 злотых з вясла ці ад спіцы". Канал, што злучыў Шчару з прытокам Прыпяці – Ясельдай, капалі крыху больш як дзесяць гадоў выключна жыхары Слонімскага павету. Даўжыня яго складала 54 кіламетры. 

Міхал Казімір Агінскі (дзядзька Міхала Клеафаса Агінскага, стваральніка агульнавядомых паланэзаў) займаў значныя пасады, служыў віленскім ваяводам, вялікім літоўскім гетманам. Быў кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай, а пазьней адным з кіраўнікоў узброенага змаганьня супраць Расійскай імперыі. Ягонае трохтысячнае войска пацярпела паражэнне пад Сталавічамі (1771 г.). Ад пакарання Міхала Казіміра ўратавала эміграцыя. У гэты час будаўнічыя работы працягваліся (з перапынкам) за дзяржаўны кошт: прыводзіліся ў парадак прылеглыя дарогі, ачышчаліся рэкі, у т.л. Нёман. У 1775 г. сойм Рэчы Паспалітай абвясціў пачатак сплаву, але канал яшчэ не быў поўнасцю добраўпарадкаваны. Праз пэўны час Агінскі быў памілаваны, прыехаў у Слонім, дзе вярнуў сабе секвестраваныя маёнткі. Ён назаўсёды адышоў ад вайсковых справаў і амаль 30 гадоў кіраваў Слонімскім паветам. 

Агінскі канал

Канал меў вялікае значэнне для Слоніма – галоўнай рэзідэнцыі М.К.Агінскага. Горад ператварыўся ў порт. Тут праходзілі грузавыя і пасажырскія судны, сплаўляўся лес. Вялікае значэнне мела і слонімская прыстань. Тут было шмат такоў, у якія засыпалася да пачатку навігацыі збожжа. Яно завозілася большай часткай зімою з навакольных мясцовасцяў. Кожны год на слонімскай прыстані грузіліся і па Шчары праходзілі некалькі соцень суднаў з рознымі таварамі.

Агінскі канал

Пасля далучэння заходняй часткі Беларусі да Расіі афіцэрамі Генеральнага штаба былі праведзены інструментальныя здымкі, рэкагнасцыровачныя работы, прамерана глыбіня канала і вызначана яго прапускная здольнасць. Да 1804 г. добраўпарадкаванне закончана і канал стаў поўнасцю суднаходным. Меў 10 шлюзаў. Па Агінскім канале пераважна сплаўлялі лес з палескіх пушчаў; плыты, паводле сведчання відавочцы (1820), выцягваліся «амаль бесперарыўна на 30 міль у даўжыню, ад Ясельды да Слоніма». Перавозілі таксама збожжа, сыравіну на вотчынныя мануфактуры ў Целяханах.

Мястэчка Целяханы на гэтым водным шляху адыгрывала не апошнюю ролю. Тут працавала прыстань, меліся добры рум, рамонтныя і суднабудаўнічыя майстэрні. Найбольш тут рабілі пласкадонныя баркі і паўбаркі рознай водазмяшчальнасці. У гэтыя часы ў Целяханах даваў прадукцыю і фаянсавы завод М.К.Агінскага. Жыццё ў тыя часы ў Целяханах бурліла. Мястэчка на вачах багацела. У ведамасці Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта, складзенай 10 верасня 1837 года змешчаны колькасьць і кошт тавараў, якія былі правезены праз Агінскі канал за 1836 год: соль, пшаніца, воцат, семя льняное, авёс, сала, гарох, жыта, гліняны і фаянсавы посуд, шкло, цэгла, дошкі, тытунь і інш. (на паўтары мільёны рублёў). З-за мяжы прывозілі жалеза і вырабы з яго, вырабы з каштоўных металаў, з поўдня – шоўк, віно.

Агінскі канал

Са з’яўленнем чыгуначных шляхоў значэнне Агінскага канала зменшылася. Але каналам працягваў карыстацца малы флот еўрапейскіх краін, аб чым сведчыць вялікая колькасць здымкаў старога часу з Польшчы, Нямеччыны, Літвы і нават Галандыі. У гады 1-й Сусветнай (1914 — 1918) і савецка-польскай (1920) войнаў канал апынуўся ў зоне актыўных ваенных дзеянняў, што прывяло да разбурэння гідратэхнічных збудаванняў.

Але польскія ўлады ўзяліся за аднаўленне воднай артэрыі. Навігацыя пачала наладжвацца з 1926 г., поўнасцю канал адноўлены ў 1928 г. У 1939-м савецкая ўлада рэпрэсіравала інжынераў, палякаў па паходжанню, якія працавалі на канале, і гэта прывяло да заняпаду гідратэхнікі. Да 1941 г. канал выкарыстоўваўся для лесасплаву, эпізадычна — для суднаходства. У 2-ю Сусветную вайну шлюзы і плаціны былі часткова разбураны ці пашкоджаны. Спробы аднавіць канал у пасляваенны час не мелі поспеху, у выніку рэчышча абмялела і стала зарастаць, канал страціў гаспадарчае значэнне. А зусім абяскровіла канал татальная меліярацыя. У 1960-я гады на канале Агінскага былі ўзарваныя ўсе шлюзы. Аднаўляецца ў наш час.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.