АНДАРАК — паясное
адзенне беларускіх жанчын — спадніца з шарсцяной ці паўшарсцяной саматканкі ў клетку або ў падоўжныя ці папярочныя палосы. Лакальная назва даматкан, сукня.
Шылі з 3 — 5 полак, вытканых у 2 — 3 ніты. Малюнак утвараўся на вохрыста-ружовым, вішнёвым, сінім, зялёным, серабрыста-белым, чорным фоне тканіны. Часта дадатковымі элементамі дэкору служылі запрасаваныя складкі,
вышыўка, нашыўкі карункавых тасёмак, стужак.
Андарак. Вёска Збляны Лідскага раёна. 1920-я гадыУ канцы 19 — пачатку 20 ст. найбольш распаўсюджанымі былі клятчастыя андаракі (чырвона-чорныя клеткі размяшчаліся па ўсім полі — ваўкавыска-камянецкі строй). Паступова да чорнага і чырвонага колераў пачалі дабаўляць зялёны, ружовы, жоўты і інш. У паўднёва-заходніх і цэнтральных раёнах Беларусі пераважалі андаракі ў папярочныя палосы (ляхавіцкі строй, пухавіцкі строй), ва ўсходніх — у падоўжныя (шырокія чырвоныя перамяжаліся з больш вузкімі белымі паскамі).
Андарак. Вёска Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. Пачатак ХХ ст.
З пачатку 20 ст. былі пашыраны аднатонныя чырвоныя, сінія і іншыя андаракі Святочныя андаракі абавязкова гафрыравалі (складзены ў складкі андарак клалі на ўслон, накрывалі чыстым ручніком і прыкладвалі гарачым хлебам). Вядомы на ўсёй Беларусі, за выключэннем паўночна-заходніх раёнаў; ва ўсходніх і паўднёва-ўсходніх раёнах андаракі былі з прышыўным ліфам. Выйшаў з ужытку ў 1920-я г., у Заходнім Палессі — у 1930-я г.