Аўторак, 19.03.2024, 13:49

АРНАМЕНТ

Галоўная »
АРНАМЕНТ (ад лац. ornamentum упрыгожанне) — узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, архітэктурных збудаванняў, прадметаў хатняга ўжытку. У залежнасці ад матэрыялу выконваецца рознымі тэхнічнымі сродкамі.

У беларускім народным мастацтве вядомы тканы, вышываны, плецены, набіваны, аплікацыйны, ляпны, гравіраваны, разьбяны, маляваны і іншыя арнаменты (народныя назвы: аздоба, цацкаванне, украса).

Арнамент тканы
Арнамент тканы

На Беларусі найбольш раннія формы арнаменту выяўлены на рэчах эпохі верхняга палеаліту (вырабы з косці і рогу). Пашырыўся ў мезаліце, дасягнуў значнай разнастайнасці ў мастацтве неаліту (на керамічным посудзе, касцяных вырабах побач з геаметрычным арнаментам сустракаюцца антрапаморфныя, арнітаморфныя выявы). У жалезным веку арнаментаваліся і металічныя вырабы.

Беларускі арнамент развіваўся ў рэчышчы культуры Старажытнай Русі ва ўзаемасувязі з рускім, украінскім, літоўскім, польскім арнаментальным мастацтвам і набыў нацыянальную адметнасць у перыяд фарміравання беларускай народнасці (14 — 16 ст.). Характэрныя рысы беларускага арнаменту найбольш выразна выяўлены ў народнай вышыўцы, ткацтве, разьбе па дрэве, кераміцы.

Арнамент вышываны
Арнамент вышываны

Традыцыйны беларускі вышываны арнамент — складанае перапляценне некалькіх разнастайных па храналогіі і этнічных традыцыях пластоў. Пераважае геаметрычны ўзор, асноўныя элементы якога — прамыя і зігзагападобныя лініі, трохвугольнікі, рознай формы крыжыкі, шматпялёсткавыя разеткі, квадраты, прамавугольнікі. Характэрная асаблівасць — дамінаванне ромба (круга) і яго шматлікіх па канфігурацыі варыянтаў, вакол якіх звычайна кампануюцца іншыя фігуры. Ромба-геаметрычным арнаментам звычайна ўпрыгожвалі жаночае адзенне (наміткі і іншыя галаўныя ўборы, кашулі, фартухі, спадніцы). Нацыянальная самабытнасць вышыванага арнамента праяўляецца ў колеравай гаме (спалучэнне чырвонага з нязначнымі дадаткамі чорнага або сіняга на белым фоне палатна), у выкарыстанні пэўных прыёмаў арнаментацыі (лікавыя швы), у распрацоўцы матываў. Пераважаюць узоры арнаментальных палос-бардзюраў, у некаторых рэгіёнах сустракаюцца сеткавыя кампазіцыі (размяшчэнне фігур уздоўж прамых ці нахіленых восей), а таксама арнамент з выкарыстаннем адзінкавых (медальённых) матываў. На рубяжы 19 — 20 ст. выкарыстоўваўся таксама раслінна-геаметрызаваны і раслінны арнамент: асаблівую папулярнасць набылі выявы гнуткай хвалепадобнай галінкі з рытмічна адыходзячымі ў розныя бакі кветкамі і лісцем, вінаграднай лазы з гронкамі, квітучага вазона, стылізаванага дрэва-кветкі і інш. Радзей ужываліся арнітаморфныя і зааморфныя матывы (стылізаваныя выявы пеўняў, качак, галубоў, індыкоў на ручніках, кашулях, фартухах).

У арнаменце беларускіх тканых вырабаў пераважаюць ромба-геаметрычныя ўзоры бранага (перабіранага) ткацтва, якімі арнаментавалі жаночыя і мужчынскія кашулі, паясы, посцілкі, ручнікі, абрусы. Стылістычная распрацоўка ўзораў старажытнага перабірання мела шмат агульных рыс з арнаментам традыцыйнага палескага нашывання наборам (процягам). Нескладаны геаметрычны арнамент у клеткі, кругі («шашкі», «балонкі», «люлькі», «каціныя лапкі») характэрны для ручнікоў, абрусаў, посцілак, вырабленых 4-, 8-нітовым ткацтвам. Разнастайнасцю арнаментальных форм вызначаюцца посцілкі і дываны, выкананыя ў тэхніцы адна- і двухбаковага пераборнага ткацтва: узоры ў выглядзе буйных ромбаў, квадратаў з 8-пялёсткавымі разеткамі (зоркамі), раслінныя (вазоны, дубовае лісце, вінаград), зааморфныя (каты, ільвы). На ручніках ткалі таксама выявы галубоў, пеўняў і інш.

Строгай геаметрычнасцю вылучаецца арнамент плеценых з нітак асновы карункаў, дробнаўзорыстых плеценых чапцоў, паясоў. Для вязаных кручком (радзей пруткамі) абрусаў, сурвэтак, прошваў, карункаў характэрна гарманічнае спалучэнне геаметрычнага арнамента з расліннымі ўзорамі, зааморфнымі і арнітаморфнымі матывамі.

Арнамент разьбы фрыза і ліштваў
Арнамент разьбы фрыза і ліштваў

З даўніх часоў на Беларусі арнаментальнай разьбой (контурнай, рэльефнай, выемчатай, ажурвай) аздаблялі жыллё (вільчакі, ліштвы, дзверы, ганкі), мэблю, прылады працы, посуд, табакеркі, рамкі, набоечныя і пернікарскія дошкі. Традыцыйныя элементы — нарэзкі, рубчыкі, зубцы, паскі, зігзагі, разеткі. Асаблівай прыгажосцю вызначаліся разьбяныя ўзоры прылад, што прызначаліся для падарункаў жанчынам, — прасніц, чаўнакоў, цурак, качалак. У арнаменце пераважалі традыцыйныя геаметрычныя і стылізаваныя зааморфныя, раслінныя ўзоры.

Арнамент беларускай керамікі звычайна абмяжоўваўся сціплымі штампаванымі, гравіраванымі або ляпнымі ўзорамі хвалістых і роўных палосак, сетак, елачак. Паліваныя вырабы аздаблялі ангобнай размалёўкай у выглядзе кропак, завіткоў, раслінных матываў. Арнаментам упрыгожвалі звычайна верхнюю частку посуду, дно і сценкі талерак і місак.

У наш час са змяненнем тэхнічных прыёмаў і спосабаў аздаблення адбыліся змены ў традыцыйным арнаменце. У параўнанні з узорамі канца 19 — пачатку 20 ст. прыкметна ўзбуйняюцца арнаментальныя матывы, манахромная гама ўзбагачаецца дадатковымі колерамі, ускладняецца форма вырабаў, ужываюцца новыя тэхнікі і матэрыялы арнамеятацыі.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1378]
Здарэнні [459]
Грамадства [463]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.