Чацвер, 25.04.2024, 16:47

АРХІТЭКТУРА

Галоўная »
АРХІТЭКТУРА (лац. ад грэч. будаўнік) – дойлідства, будынкі і іншыя адзіночныя і комплексныя збудаванні, прызначаныя для жыцця і дзейнасці чалавека; умельства праектаваць і ствараць збудаванні і іх комплексы ў адпаведнасці з прызначэннем, сучаснымі тэхнічнымі магчымасцямі, эстэтычнымі поглядамі грамадства. У адрозненне ад выяўленчага мастацтва, дзе многа вырашаецца малюнкам, колерам, пластыкай, светлаценем і інш., архітэктура сама з'яўляецца часткай матэрыяльнага свету і адлюстроўвае яго ў мастацкіх вобразах, таму яна адначасова галіна матэрыяльнай культуры і мастацкай творчасці. Выконвае пэўныя ідэйна-эстэтычныя задачы грамадства, яго кіруючых вярхоў. Паводле функцыянальнага прызначэння архітэктура падзяляецца на шмат відаў і падвідаў: жыллёвая, прамысловая, грамадскія будынкі і збудаванні, садова-паркавая. У асобныя галіны выдзелілася ў забудове гарадоў і вёсак. Ставячы сваёй задачай мэтазгоднасць, трываласць і прыгажосць, архітэктура на асобных тэмах празмерна паддавалася патрабаванням ідэалогій, валюнтарысцка-кан'юктурным рашэнням. Лепшыя творы архітэктуры ярка адлюстравалі дух сваёй эпохі, яе густ і ўмельства. Напрыклад, егіпецкія піраміды (светапогляд фараонаў і жрацоў), афінскі акропаль і рымскія форумы (сутнасць рабаўладальніцкай дэмакратыі), збудаванні стыляў барока і класіцызму (дваранская культура), небаскробы (хмарачосы) у ЗША і іншых краінах (росквіт капіталізму).

Маскоўскі крэмль падкрэсліваў станаўленне, набіранне моцы рускай дзяржавы; Камянецкая вежа, замкі ў Лідзе, Крэве, Навагрудку, Міры, цэрквы ў в. Мураванка (Шчучынскі раён) і в.Сынковічы (Зэльвенскі раён) – з сістэмы абарончых умацаванняў нашага народа ад захопнікаў.

У СССР архітэктура ў асноўным была дапасавана да практычных патрэб часу, у многім не вызначалася фантазіяй, мастацтвам, з-за чаго часта яе называюць «шэрай», аддавала ўвагу канструктывізму, штучнай фарматворчасці, масавай забудове, праўда, з рознымі матэрыяламі і кампазіцыямі, элементамі азелянення. Новай класікай у ёй лічыўся маўзалей Леніна ў Маскве, у Мінску – грувасты Дом урада і г.д.

У архітэктуры важнае значэнне набываюць такія паняцці, як архітэктоніка, сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, прапорцыі і маштабнасць, ансамбль, сінтэз мастацтваў, стыль і г.д. У многіх краінах свету архітэктура мае нацыянальны характар, які выяўляецца ў лакальных асаблівасцях дойлідства таго ці іншага народа або пэўнага рэгіёна. Гэта залежыць ад асаблівасцей гістарычнага развіцця народа, яго эканомікі і культуры, этнічных і мастацкіх традыцый. Асабліва яркі нацыянальны характар маюць помнікі народнага дойлідства, дзе адлюстраваны народны мастацкі светапогляд, народная дэмакратычная культура. Адначасова да народнага дойлідства дадаюцца рысы і з іншых культур.

На беларускіх землях раннія жыллёвыя збудаванні адносяцца да часоў палеаліту (стаянкі каля в.Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага раёнаў). З эпохі неаліту і бронзавага веку захаваліся рэшткі пабудоў на палях і паўзямлянках. У перыяд распаду родавага ладу (жалезны век) існавалі рознай формы ў плане паселішчаў – гарадзішчы, размешчаныя на ўзгорках сярод балот і лясоў, на астравах і мысах, умацаваныя сістэмай валоў, равоў і драўлянымі збудаваннямі. Гарадзішчы былі цэнтрамі, вакол іх месціліся селішчы. У паўднёвых раёнах часцей будавалі зямлянкі і паўзямлянкі слупавай канструкцыі, у паўночных лясных раёнах пашырыліся зрубныя збудаванні, у цэнтральнай частцы Беларусі выяўлены рэшткі жылля абодвух тыпаў. Ужо ў IX і X стагоддзі на нашай зямлі пачалі ўзнікаць гарады, якія станавіліся цэнтрам адміністрацыйна-палітычнага, эканамічнага, ваеннага і культурнага жыцця (Полацк, Віцебск, Тураў і інш.). Ваенна-абарончы характар гарадоў меў асаблівасць – цесна спалучаць прыродныя перашкоды (высокія берагі рэк, абрывы) і штучныя збудаванні. Дзядзінец і вакольны горад абкружалі новым земляным валам, а на ім рабілі ўмацаванні з бярвення. Гэта спрыяла таму, што вораг не мог напасці раптоўна. У Х-ХIII стагоддзях, калі пачасціліся зацяжныя аблогі, жыццё паклікала ўдасканальваць формы, змест абарончага дойлідства. Узнікаюць магутныя драўляна-зямельныя збудаванні з унутрывалавымі гліняна-каменнымі і драўлянымі канструкцыямі (Полацк, Мінск, Давыд-Гарадок). Вастраколы, зрубныя сцены-гародні ўмацоўвалі драўлянымі і мураванымі вежамі (Гродна). У XIII стагоддзі вялікае значэнне набылі шмат'ярусныя прамавугольныя ці круглыя ў плане мураваныя вежы-"стаўпы" (Камянецкая вежа). У ХІ-ХІІ стагоддзях створаны асновы горадабудаўніцтва, склаліся радыяльна-кольцавая і радыяльна-веерная планіроўкі вуліц. Архітэктура Х-ХІІІ стагоддзяў на Беларусі, маючы нямала падобнага з суседзямі, тым не менш набыла своеасаблівыя рысы, у XII стагоддзі сфарміраваліся мясцовыя архітэктурныя школы (Полацкая і Гродзенская школы дойлідства). Сярод выдатных збудаванняў таго часу – Полацкі Сафійскі сабор і Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Дабравешчанская царква, Гродзенская Барысаглебская царква і інш.

У ХІV-ХVІ стагоддзях больш выразна пачынае фарміравацца беларуская народнасць, культура. У сувязі са станаўленнем Вялікага княства Літоўскага і ўзнікненнем цяснейшых сувязей з Еўропай, акрамя ранейшых стасункаў з усходнеславянскім мастацтвам, яны пашыраюцца і з заходнееўрапейскім, набіраюць моц такія мастацкія накірункі, як раманскі стыль, готыка, рэнесанс (Адраджэнне). У манументальнай архітэктуры развіваецца абарончы характар збудаванняў (дзесяткі крэпасцей і замкаў, абарончыя ўмацаванні адвольнай формы вакол пасадаў у Полацку, Віцебску, Магілёве і інш.). Сцены і вежы былі пераважна драўляныя. Пры ўзвядзенні будынкаў з валуноў і буйнапамернай цэглы ўжывалі трохслаёвую муроўку – 2 цагляныя сцяны, а паміж імі насып дробных камянёў і бітай цэглы, заліты вапнавым растворам (Навагрудак, Ліда, Крэва). У ХV-ХVІ стагоддзях большасць беларускіх гарадоў фарміравалася з двух цэнтраў: замак уладальніка і гандлёвая плошча з крамамі; у гарадах, што атрымлівалі магдэбургскае права (тып самакіравання), на плошчы ставілася ратуша. З развіццём рамяства і гандлю пашыраліся пасады, ішло іх упарадкаванне, брукаваліся вуліцы. Па краях плошчы і на прылеглых вуліцах ставіліся дамы рамеснікаў і гандляроў, пры будаўніцтве ўжывалася тэхніка "прускага муру". У той перыяд пабольшала прыватнаўласніцкіх феадальных замкаў рознай формы, але таксама са спажываннем прыродных асаблівасцей – натуральных ці штучных узвышшаў, сістэм абваднення (Геранёнскі замак, Навагрудскі замак). Часта замак спалучаўся з прыбудаваным да сцяны невялікім палацам і замкавым храмам.

У 2-й палове XVI стагоддзя замкавыя палацы пачынаюць пышнець як рэзідэнцыі, у іх становіцца больш памяшканняў, рэнесансавага дэкору (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замак). Пад уплывам фартыфікацыйнага дойлідства Італіі і Нідэрландаў пачало пашырацца будаўніцтва ўмацаванняў бастыённай сістэмы (Заслаўскі замак, Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс). Абарончыя рысы мелі таксама храмы ХV-ХVІ стагоддзяў. Цэрквы, касцёлы, кальвінісцкія саборы часам мелі характар храмаў-крэпасцей. У ХVII-ХVIII стагоддзях горадабудаўнічая канцэпцыя на Беларусі вызначылася сацыяльна-палітычнай і эканамічнай сітуацыяй, што існавала тады ў Рэчы Паспалітай. Не маглі не ўлічвацца былыя абаронныя пабудовы. Па-ранейшаму ў гарадах меліся 2 цэнтры, вуліцы ўлічвалі гандлёвыя шляхі і вытворчую дзейнасць гараджан. У сувязі з новымі пабудовамі тыпы жылля больш разнастаяцца – ад простых прамавугольных адназрубных да складаных дамоў з развітай кампазіцыяй аб'ёмаў і дэкораў фасадаў (Нясвіжскі "дом на рынку"). У 1760-я г. ўпершыню комплексна ажыццёўлена ідэя тыпавога маламетражнага жылля з эканамічным спалучэннем будаўнічых матэрыялаў (Варнянскі архітэктурны ансамбль, Пастаўскі архітэктурны ансамбль). У гарадах будаваліся ратушы, тэатры, мануфактуры, арсеналы, шпіталі, аптэкі, цэхавыя дамы, корчмы, лазні і іншыя пабудовы грамадскага і прамысловага прызначэння, а сярод іх разнастайнымі па тыпах былі гандлёвыя рады і гасцінныя двары. У пэўнай ступені адлюстроўваліся спрэчкі характараў будаўніцтва культавага прызначэння (каталіцызм і праваслаўе). У школах, друкарнях, бальніцах. Асноўнымі тыпамі манументальнага будаўніцтва ў гэты перыяд былі кляштары, манастыры і жылыя рэзідэнцыі заможнікаў. На працягу ўсяго XVII стагоддзя і першых трох чвэрцяў XVIII стагоддзя ў манументальнай архітэктуры пераважала барока.

Лепшымі архітэктурнымі ўзорамі таго часу былі Нясвіжскі касцёл езуітаў, Магілёўскі Багаяўленскі сабор, Магілёўская Мікалаеўская царква, Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў, Гродзенскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў, Мінскі касцёл і кляштар езуітаў, Віцебская і Магілёўская ратушы і інш. Іх стваралі ў асноўным мясцовыя майстры, часамі манахі, а ў некаторых выпадках вядомыя архітэктары. Спецыфічныя рысы мела архітэктура сінагог на Беларусі. Традыцыйныя тыпы драўляных культавых пабудоў развіваліся пад уплывам народнага дойлідства і мураванай архітэктуры.

Манументальнае беларускае драўлянае дойлідства XVII-XVIII стагоддзяў вызначалася цэласнасцю аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі збудаванняў, сціплым вонкавым дэкорам. З развіццём ваеннай тэхнікі з пачатку XVIII стагоддзя галоўнымі ў абароне сталі фартыфікацыйныя прыстасаванні за межамі будынкаў. Пачынае набіраць моц палацава-замкавае будаўніцтва, пасля – палацава-паркавае (Гальшаны Ашмянскага раёна, Нясвіж). Пашыралася садова-паркавае мастацтва, а з канца XVIII стагоддзя – пейзажныя паркі. Архітэктура палаца набывае свецкія парадныя рысы, павялічыліся плошча і колькасць паверхаў, з'явіліся анфілады парадных пакояў.

У 2-й палове XVIII стагоддзя набылі жыццё архітэктурныя збудаванні пераходнага тыпу ад барока да класіцызму – Гродзенскі каралеўскі палац, Ружанскі палац, Свяцкі палац. Пачаткам сцвярджэння класіцызму з'яўляецца прыкладна 1780 год (Дзярэчынскі палац, Шчорсаўскі палац і інш.). На пазнейшае развіццё архітэктуры вялікі ўплыў аказалі новыя грамадска-палітычныя, эканамічныя з'явы, што пачалі складвацца ў выніку далучэння Беларусі да Расійскай імперыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у апошняй чвэрці XVIII стагоддзя. З ростам гарадоў пачало пашырацца мураванае жыллё і грамадзянскае будаўніцтва.

У той жа час і ў 1-й палове XIX стагоддзя структура многіх беларусікх гарадоў пачала перагледжвацца згодна прынцыпаў рускага класіцызму. Планы гарадоў падганяліся пад формы прамавугольнікаў і шматкутнікаў. Гэта рабілася ў 3 этапы: з 1778 г. – Бабінавічы, Беліца, Быхаў, Віцебск, Гарадок, Клімавічы, Капыль, Магілёў, Мсціслаў, Орша, Полацк, Рагачоў, Сураж; з 1800 г. – Вілейка, Бабруйск, Барысаў, Дзісна, Ігумен, Мінск, Мазыр; у 1-й палове XIX стагоддзя – Брэст, Пінск і інш. Існуючыя архітэктурныя ансамблі не маглі не ўлічвацца, але новыя планы не заўсёды ўлічвалі рэльефныя асаблівасці, затое ўважліва, нават пільна ўлічвалася іншае: размяшчэнне, будаўніцтва сімвалаў новай, царска-імперскай улады – будынкі губернскіх, павятовых праўленняў, судоў, паштовых станцый і інш., многае з чаго размяшчалася ў цэнтры горада. Пад рознымі агаворкамі ў многіх гарадах пачалі знішчацца сімвалы былой улады – скажам, ратушы, што падкрэслівалі пэўныя вольнасці горада, яго самакіраванне. Ёсць звесткі, што, да слова, будынак ратушы ў Мінску гараджане адмовіліся разбураць, дык гэта зрабілі зняволеныя, якім паабяцалі палёгкі ці нават вызваленне. Ратушу ў Мінску аднавілі толькі ў нашы дні, хоць пакуль што, апроч антуражнасці альбо музейнасці, не ўсім зразумелае яе новае прызначэнне.

Сярод новых (па ўзоры класіцызму канца XVIII – 1-й паловы XIX стагоддзя) – архітэктурныя помнікі: Гомельскі., Сноўскі (Нясвіжскі раён), Жыліцкі (Кіраўскі раён) палацы, Гродзенскі дом віцэгубернатара, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і інш. У сярэдзіне XIX стагоддзя пачаўся заняпад класічнай школы. Як лічаць многія, і па палітычна-эканамічных прычынах, у сувязі з тым, што ў жыццё пачалі больш актыўна ўмешвацца капіталістычныя адносіны. У другой палове XIX стагоддзя гарады пачалі забудоўвацца больш шчыльна, ускраіны абрасталі рабочымі пасёлкамі з цеснымі і хаатычнымі збудаваннямі. Больш упарадкаваныя цэнтры мелі доступ да цывілізацыі – да слова, да вадаправода (Мінск, 1874; Гродна, 1876; Магілёў, 1897; Мазыр, 1900), каналізацыі, электрычнага асвятлення, тэлефона; разбіваліся сады і паркі. З'явіліся новыя тыпы забудоў – асабнякі, шматпавярховыя даходныя дамы, гандлёва-крэдытнафінансавыя ўстановы, вакзалы і г.д. У гарадскім будаўніцтве больш пачала выкарыстоўвацца цэгла, а з ёю – новыя і новыя будаўнічыя матэрыялы: чыгун, пракатнае жалеза, пазней жалезабетон. Вучоныя-мастацтвазнаўцы зазначаюць такую асаблівасць: побач з новымі тэхналогіямі пачаўся эстэтычны заняпад у архітэктурным будаўніцтве, запанаваў эклетызм, падкрэсліваліся вонкавыя дэкоры фасадаў, пачалі развівацца рэтраспектыўныя плыні – неакласіцызм (рэальнае вучылішча ў Гродне і інш.), неараманскі стыль (Чырвоны касцёл у Мінску і інш.), несапраўдная готыка і неарускі стыль (пазямельны банк у Віцебску, дом архірэя ў Мінску і інш.). У канцы XIX стагоддзя ўзнік новы стыль – мадэрн. Тады ж у гарадах пачалі будаваць буйныя прамысловыя прадпрыемствы, пераважна на ўскраінах, на берагах рэк або непадалёку чыгунак (дрожджа-патачны завод у Мінску (канец XIX ст.), чыгуна-медналіцейны і механічны завод у Магілёве, 1915 г.). З чыгункай узніклі вакзалы: у 1874 годзе ў Мінску, у 1896-м – у Брэсце, у 1902-м – у Магілёве, а таксама новыя масты. На ўскраінах вялікіх гарадоў захоўваліся сельскія забудовы.

У вёсках бытавалі традыцыйны формы народнага дойлідства – для бедных накрытыя саломай аднапакаёвыя хаты, для сярэднякоў і заможных – 2-3-пакаёвыя. Да хаты прылягалі розныя гаспадарчыя пабудовы, што складалі сядзібу. У Першую сусветную і грамадзянскую войны беларускія гарады і вёскі былі значна разбураны. Пасля 1917 года архітэктурнае будаўніцтва ў Беларусі ішло пад знакам савецкага. Да сярэдзіны 1920-х гадоў ішоў працэс аднаўлення, рэканструкцыі, упарадкавання сельскай гаспадаркі. Мясцовым уладам былі перададзены канфіскаваныя ў прыватных асоб будынкі, прадпрыемствы, інжынерныя збудаванні, школы, тэатры, музеі і інш. На базе былых даходных дамоў утвараліся дамы Саветаў, дзе пасяляліся рабочыя сем'і (на вуліцах Савецкай і К. Маркса ў Мінску і інш.). Пасля рэканструкцыі ў вялікіх будынках размяшчаліся грамадскія, лячэбныя, прамысловыя і транспартныя ўстановы. З другой паловы 1920 гадоў з павелічэннем будаўніцтва пачалі сцвярджацца прынцыпы савецкай архітэктуры. На вольных землях пачалі стварацца рабочыя пасёлкі Камінтэрна, Грушаўка ў Мінску, імя Кірава ў Магілёве, дзе побач з малапавярховымі 4-16-кватэрнымі жылымі дамамі будаваліся дзіцячыя садкі, школы, культурна-асветныя, камунальна-бытавыя ўстановы. У цэнтрах гарадоў будавалі капітальныя жылыя дамы і грамадскія будынкі (Гомельскі дом-камуна, універсітэцкі гарадок, клінічны гарадок, Дзяржбанк у Мінску і інш.). У 1934 годзе былі ўтвораны Саюз архітэктараў БССР, крыху пазней – інстытуты па праектаванні, якія пачалі працаваць на задачы індустрыялізацыі, дзеля чаго былі складзены планы рэканструкцыі і забудовы гарадоў (Мінска ў 1936-1938 гады), з 1939-1940 гадоў гэты падыход распаўсюдзіўся на гарады былой Заходняй Беларусі. А ўвогуле перад вайной ажыццяўляўся пераход да ансамблевага прынцыпу забудовы. Будаваліся кварталы шматпавярховых жылых дамоў ў цэнтрах Мінска, Гомеля, Магілёва, Віцебска і інш. дзеля масавага засялення, разгарнулася будаўніцтва масавых тыпаў грамадскіх збудаванняў – школьных, лячэбна-прафілактычных і культурна-асветных устаноў. У будаўніцтве пачаў набіраць моц паточна-скарасны метад. Адначасова ствараліся унікальныя манументальныя грамадскія збудаванні, такія, як Дом урада БССР, Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР, Акруговы Дом афіцэраў, галоўны корпус АН БССР (1935-1939), ЦК КПБ. У 1930-я гады адбыліся пэўныя змены ў сельскім будаўніцтве.

У Другую сусветную вайну было разбурана і спустошана 209 гарадоў і раённых цэнтраў, спалена 9200 вёсак, знішчана больш за 8 мільёнаў квадратных метраў жылога фонду, 1,2 мільёна дамоў, разбурана больш за 10 тысяч прамысловых прадпрыемстваў, большасць грамадскіх будынкаў і збудаванняў (энцыклапедычныя дадзеныя за 1984 год). Пасля вызвалення пачалося хуткаснае аднаўленне, што дыктавалася найперш эканамічна-сацыяльнымі патрэбамі дня. Па новых генпланах па-свойму планаваліся забудова цэнтраў і аддаленых раёнаў гарадоў, ансамбляў галоўных магістраляў і плошчаў. Некаторыя лічаць вялікім архітэктурным дасягненнем таго часу забудову Ленінскага праспекта ў Мінску (цяпер праспекта Незалежнасці), вуліц Кірава ў Віцебску, Леніна ў Гомелі, Першамайскай у Магілёве. У 1-е пасляваеннае дзесяцігоддзе было шмат пабудавана рабочых пасёлкаў, малапавярховых забудоў ("баракаў") з цэглы і дрэва пры прамысловых прадпрыемствах і цэлых раёнаў у аддаленых гарадскіх частках. У многіх вёсках пачалі фарміравацца грамадскія цэнтры. У гарадах аднаўляліся і будаваліся 1-3-павярховыя (на 8-24 кватэры) жылыя дамы. У першых паверхах вялікіх жылых дамоў размяшчаліся розныя канторы, крамы, рэстараны, аптэкі і г.д. Практыкаваліся розныя штучныя аздобы. Былі пабудаваны такія буйныя прамысловыя прадпрыемствы, як мінскія трактарны і аўтамабільны заводы, Гомсельмаш, шматлікія адміністрацыйныя і грамадскія будынкі (Дзяржбанк, ГУМ, паштамт і інш.). З сярэдзіны 1950-х узмацняюцца індустрыяльныя метады будаўніцтва, пабудова жылых ("спальных") масіваў на прылеглых да горада ваколіцах. Укараняецца буйнаблочнае і буйнапанэльнае домабудаўніцтва, у канцы 1950-х – сярэдзіне 1960-х укараніліся жылыя раёны і мікрараёны з "хрушчоўкамі". Прамысловыя прадпрыемствы аб'ядноўваюцца ў буйныя комплексы, многія з іх размяшчаліся ў невялікіх гарадах. Вядучы ўзмоцненую антырэлігійную барацьбу, у гэты час працягвалі разбураць паўразбураныя і яшчэ ацалелыя храмы, працягваліся абыякавыя адносіны і да іншых ("буржуазных") помнікаў гісторыі і культуры. З сярэдзіны 1960-х вядзецца комплексная забудова індустрыяльнымі метадамі вялікіх жылых раёнаў ("шанхай", "кітайская сцяна"): Чыжоўка, Серабранка, Усход, Зялёны Луг, Паўднёвы Захад, Захад у Мінску, Паўночны ў Гродне, Усходні ў Брэсце, Задняпроўскі ў Магілёве, Паўночна-Усходні ў Гомелі.

У 1960-я на базе развіцця многіх галін прамысловасці на месцы пэўных вёсак забудоўваюцца новыя гарады (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк), амаль усюды з аднатыпнымі дамамі ("каробкамі"). У 1960-1970-я гады складзены новыя генпланы для большасці гарадоў, некаторыя (як для Мінска) да 2000 года. У 1960-я пачынаюць узнікаць буйнапанэльныя 9-павярховыя дамы (у Мінску на вул.Талбухіна, на плошчы Перамогі ў Віцебску). Архітэктуры грамадскіх збудаванняў уласціва лаканічнасць сродкаў мастацкай выразнасці, эканамічнасць. Выдзяляюцца НДІ, спартыўныя збудаванні, гасцініцы, матэлі. Ствараюцца новыя тыпы масавых дашкольных і школьных будынкаў, гандлёвых збудаванняў. У 1970-1980-я гады разгарнулася будаўніцтва па тыпавых і індывідуальных праектах з улікам свайго і замежнага вопыту. З'яўляюцца, на думку тагачасных ідэолагаў, узорныя сельскія забудаванні ў асобных перадавых гаспадарках, у вёсках большае буйных жывёлагадоўчых комплексаў, якія ў асобных мясцінах не толькі давалі шмат прадукцыі, але і пачалі наносіць вялікую шкоду навакольнаму асяроддзю. У многіх гарадах, у лепшых іхніх частках, з'яўляюцца жылыя дамы з большай жыллёвай плошчай і палепшанай планіроўкай для элітнай часткі грамадства ("андатравыя" раёны).

У 1990-я амаль пры кожным вялікім і малым горадзе паўсталі як грыбы пасля дажджу забудовы тыпу катэджаў ("замкі" для "новых беларусаў"). Вядзецца рэстаўрацыя, адбудова помнікаў гісторыі і культуры. Мірскі замак унесены ў Спіс сусветнай спадчыны, распрацавана дзяржаўная праграма па яго далейшым аднаўленні і станаўленні структур па аднаўленні былых рамёстваў і развіцці турызму.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 10
Гасцей: 9
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.