Серада, 08.05.2024, 20:30

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

Галоўная »
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ створаны ў Мінску ў 1944 г. паводле пастановы Бюро ЦК КП(б)Б «Аб стварэнні музея па гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі акупантамі» ад 30.09.1943 г. Пралогам да стварэння музея з'явілася выстаўка «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай», якая адкрылася ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве ў 1942 г. У яе аснову былі пакладзены матэрыялы Камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, заснаванай у снежні 1941 г. у ходзе контрнаступлення Чырвонай Арміі пад Масквой. Афіцыяльнае адкрыццё музея адбылося 22.10.1944 г. у Доме прафсаюзаў. Першай часовай экспазіцыяй з'явіліся 2 выстаўкі: «Зброя» і «Партызанскі друк», матэрыялы да якіх размяшчаліся ў 15 залах і складалі 1261 экспанат: лістоўкі, газеты, рукапісныя часопісы, фотаздымкі, узоры зброі, у тым ліку трафейнай і самаробнай, творы выяўленчага мастацтва. Стацыянарная экспазіцыя адкрылася ў 1947 г. З 1966 г. музей займае будынак на Кастрычніцкай плошчы, які пабудаваны па праекце Г.Бенядзіктава і Г.Заборскага. Экспазіцыя адкрылася ў 1967 г. Музеем кіравалі: В.Дз.Стальноў, М.Е.Гракаў, С.Р.Шчуцкі, П.С.Лавецкі, А.І.Ульяновіч, Г.І.Баркун. З 2004 г. дырэктар С.І.Азаронак.

музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 104 291 адзінку захоўвання, навукова-дапаможны — 35 630 адзінак. Экспазіцыя размешчана ў 26 экспазіцыйных (плошча 3275 м²) і 2 выставачных залах (плошча 120 м² і 80 м²). Аснову экспазіцыі складаюць прадметы, сабраныя супрацоўнікамі музея ў перыяд баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, Усходняй Еўропы і Германіі, а таксама перададзеныя пасольствамі Германіі, ЗША у пасляваенны час. Фарміраванне музейных калекцый ажыццяўляецца па 26 раздзелах, якія ўключаюць ваенную археалогію, фалерыстыку, баністыку, сфрагістыку, геральдыку, нумізматыку, мастацкія вырабы, зброю, сцягі, вайсковыя абмундзіраванне і атрыбут, прадметы побыту, кінафотаматэрыялы, друкаваныя і рукапісныя матэрыялы. Калекцыя дакументаў налічвае 27 тыс. адзінак, у тым ліку баявыя данясенні, справаздачы і часопісы ваенных дзеянняў, дзённікі, загады, а таксама ў складзе асабовых комплексаў — баявыя характарыстыкі чырвонаармейцаў, іх кніжкі, падзякі, ганаровыя і ўзнагародныя граматы, успаміны, пасведчанні аб гібелі. Унікальным дакументам з'яўляецца ліст камандуючага 6-й арміяй вермахта генерала Ф.Паўлюса ад 19.09.1942 г. Зберагаюцца ўзоры агнястрэльнай і халоднай зброі, ваеннага і цывільнага адзення СССР, Германіі, Італіі, ЗША, Чэхаславакіі, Францыі. Рарытэтным лічыцца Ганаровы рэвалюцыйны сцяг 56-й стралковай Маскоўскай дывізіі, захаваны камсамольцамі Віцебшчыны ва ўмовах акупацыі. Сярод узнагарод — ордэн Нахімава 1-й ступені ўраджэнца Гродзенскай вобласці контрадмірала К.І.Сакольскага, прабітая куляй медаль «За адвагу» чырвонаармейца С.Р.Летава, ордэн Чырвонага Сцяга А.С.Скараварава за савецка-фінляндскую вайну. Экспазіцыя налічвае звыш 500 мастацкіх твораў, у тым ліку палотны Героя Беларусі, народнага мастака М.А.Савіцкага, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі М.Ц.Гуціева і інш. Кожны год фонды музея папаўняюцца ад 500 да 1000 прадметаў.

Матэрыялы залаў 1 — 2 «Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі. 22 чэрвеня — жнівень 1941 г.» і «Смаленская бітва. Маскоўская бітва» ахопліваюць пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны ад прыгранічных баёў да бітвы пад Масквой. Асаблівая ўвага надаецца абароне Брэсцкай крэпасці і Магілёва (3-26.07.1941 г.). Экспануюцца фотадакументальныя і прадметныя матэрыялы: Пакт аб ненападзенні ад 23.08.1939 г., паведамленне ТАСС ад 14.06.1941 г., плакаты, газеты, асабістыя рэчы, якімі карысталіся байцы і камандзіры ў 1941 г., зброя, першыя трафеі. Асобныя тэматычныя комплексы ўключаюць абмундзіраванне і забеспячэнне чырвонаармейца ў 1941 г., паказваюць ролю авіяцыі, артылерыі ў вайне. Значнае месца займаюць макет нямецкага танка Т-3 у натуральную велічыню, дыярамы.

музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

У зале 3 «Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі. 1941—1944 гг.» атмасфера генацыду, тэрору, насілля, нявольніцтва, здзекавання над нацыянальнымі пачуццямі беларусаў, якія былі характэрны для «новага парадку», перададзена праз мастацкае афармленне залы, выкананае ў чорных фарбах з «падаючымі» канструкцыямі, што падкрэслівае рэжым акупацыі як часовую з'яву. Экспануюцца прадметы з лагера смерці Малы Трасцянец (будка вартаўніка, калючы дрот, вісельня і інш.), лагера Дразды, шталага № 352 для ваеннапалонных у Масюкоўшчыне (усе на тэрыторыі сучаснага Мінска), а таксама дакументы, адзенне, зброя, асабістыя рэчы ворага. Асобныя матэрыялы апавядаюць аб калабарацыяністах, якія супрацоўнічалі з акупацыйным рэжымам.

музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

У залах 4 — 5 «Трагедыя Мінска. 1941 — 1942 гг.», «Мінскае антыфашысцкае падполле» серыя дакументальных фотаздымкаў захавала трагедыю бамбардзіроўкі Мінска гітлераўскай авіяцыяй 23-24.6.1941 г., знятую лётчыкам люфтвафэ. Трафейныя фотаздымкі і дакументы адлюстроўваюць першыя дні і месяцы акупацыі Мінска, жыццё цывільнага насельніцтва і першае публічнае пакаранне смерцю ў Мінску 26.10.1941 г. Асобная зала прысвечана дзейнасці Мінскага антыфашысцкага падполля, маладзёжных падпольных груп, кіраўніцтву падполлем, друкаванню ў Мінску газеты «Звязда» і лістовак. Атмасфера таго часу перадаецца ў макеце явачнай кватэры з інтэр'ерам перыяду вайны.

музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

У экспазіцыі залы 6 «Партызанскі pyx у Беларусі. 1941 — 1942 гг.» прадстаўлены комплекс матэрыялаў пра Героя Савецкага Саюза В.З.Каржа, камандзіра аднаго з першых партызанскіх атрадаў, яго ўзнагароды, мундзір, дакументы. Сярод матэрыялаў аб першых партызанах Героях Савецкага Саюза Ц.П.Бумажкове і Ф.І.Паўлоўскім экспануюцца аўтамат, лісты, дакументы. Калекцыі самаробных партызанскіх сцягоў, зброі, рукапісных часопісаў, адзення і амуніцыі сведчаць аб актыўным супрацьстаянні акупантам. Цікавым экспанатам з'яўляецца партызанская гармата на колах ад воза, якая належала партызанскаму атраду «Праўда» і прымала ўдзел у баявых аперацыях і парадзе партызан 16.70.1944 г. у Мінску. Асобная экспазіцыя прадстаўляе Віцебскія «вароты» (10.5 — 28.9.1942 г.) — пралом у лініі фронту, праз які падтрымлівалася сувязь партызанскіх злучэнняў з рэгулярнымі часцямі ЧырвонайАрміі.

музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Зала 7 «Савецкі тыл — фронту» прысвечана пераходу народнай гаспадаркі на ваенныя патрэбы краіны. Асобныя раздзелы экспазіцыі адлюстроўваюць цяжкасці эвакуацыі прадпрыемстваў і людзей з Беларусі ў тылавыя раёны, працу прадпрыемстваў прамысловасці, сельскай гаспадаркі, чыгуначнага транспарту і культуры. Дэманструюцца прылады працы, станкі і прадукцыя прадпрыемстваў тылавых раёнаў, а таксама граматы, узнагароды, асабістыя рэчы працоўных тылу.

музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Зала 8 «Карэнны пералом у Вялікай Айчыннай вайне. 1943 г.» адлюстроўвае першапачатковы этап вызвалення тэрыторыі Беларусі пасля Сталінградскай і Курскай бітваў, чаму прысвечана каляровая карта. У экспазіцыі прадстаўлены асабістыя рэчы беларусаў — герояў падзей 1943 г.: прабіты асколкам снарада кіцель генерала М.І.Зіньковіча, прабіты куляй камсамольскі білет санінструктара І.Ц.Нікіценкі, узнагароды камандзіра гарматнага разліку сяржанта І.Е.Самбука. Глеба з Мамаева кургана са шматлікімі асколкамі сведчыць аб жорсткасці баёў у Сталінградзе.

музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

У залах 9 — 13 «Партызанскі рух на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў 1943 — 1944 гг.» маляўнічыя палотны, макеты зямлянкі, зброевай і скураной майстэрань перадаюць умовы барацьбы, жыцця і побыту партызан. У экспазіцыі прадстаўлены асабістыя рэчы партызан, камандзіраў атрадаў, брыгад і злучэнняў, узнагароды, самаробная карта, партызанскія сцягі, зброя. Дэманструюцца партызанскія трафеі: ад нямецкага бінокля да ручнога кулямёта і зенітнай гарматы «Эрлікон» (Швейцарыя). Карта баявых аперацый і статыстычныя дадзеныя сведчаць аб маштабе партызанскага руху ў Беларусі. Асобная экспазіцыя прысвечана Герою Савецкага Саюза П.М.Машэраву.

музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

У залах 14 — 16 «Наступленне Чырвонай Арміі ў 1944 г.» наступленне Чырвонай Арміі ад Баранцава да Чорнага мораў, вызваленне ўсёй акупіраванай тэрыторыі СССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адлюстроўвае карта баявых дзеянняў у 1944 г. Сярод прадстаўленых матэрыялаў: фотаздымак першага пагранічнага слупа, устаноўленага 26.03.1944 г. на мяжы з Румыніяй, станковы кулямёт сістэмы Гарунова, асабістыя рэчы беларусаў — удзельнікаў баявых дзеянняў у Крыму, ва Украіне, пад Ленінградам і Мурманскам, у Прыбалтыцы. Асобная экспазіцыя прадстаўляе Беларускую наступальную аперацыю «Баграціён» (23.6 — 29.9.1944 г.) войск 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў, узаемадзеянне Чырвонай Арміі і партызан, удзел у вызваленні Беларусі французскага авіяпалка «Нармандыя — Нёман». Экспануецца матор самалёта Як-9, на якім лятаў і загінуў французскі лётчык Ж.Гастон. Экспазіцыю дапаўняюць сцягі і мастацкія палотны, сярод якіх карціна А.Волкава «Парад партызан 16.07.1944 г.», дыярама «Мінскі кацёл».

музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

У экспазіцыі залы 17 «Вызваленчая місія Чырвонай Арміі» адлюстроўваюцца баявыя падзеі ў час вызвалення Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, Югаславіі, Чэхаславакіі, Польшчы, нацыянальныя паўстанні супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўдзел беларусаў у руху супраціўлення еўрапейскіх краін. Яе аснову складаюць заклікі Чырвонай Арміі да насельніцтва вызваленых краін, карты, асабістыя рэчы і дакументы байцоў і камандзіраў, зброя. Цікавы прадмет — шабля з серабра, інкруставаная каштоўнымі камянямі, якая была падаравана Старшынёю СФРЮ І.Ціта Герою Савецкага Саюза У.А.Парахневічу.

Сярод экспанатаў залы 18 «Разгром фашысцкай Германіі і мілітарысцкай Японіі» асабістыя рэчы двойчы Героя Савецкага Саюза П.Я.Галавачова: лётны камбінезон, крагі, узнагароды. Зберагаюцца ваенная кашуля Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава, ордэны Славы 3 ступеней беларуса — радавога Р.Ф.Нагорнага, узнагароды і зброя Германіі і Японіі, падарункі воінам Чырвонай Арміі ад жыхароў вызваленых раёнаў Кітая. У зале таксама прадстаўлены матэрыялы аб саюзніках СССР у барацьбе з фашызмам: фотаздымкі, форменнае адзенне, узнагароды арміі ЗША. Завяршае экспазіцыю пано «Падпісанне капітуляцыі фашысцкай Германіі».

Залы 19 — 20 — «Зала Перамогі» і «Гарады-героі». Асобная экспазіцыя прысвечана Параду Перамогі 24.06.1945 г. у Маскве. Муляжы штандартаў усіх франтоў, слайды і фотапано дэманструюць урачыстасць Вялікай Перамогі. У зале «Гарады-героі» экспануюцца дакументы аб прысваенні ганаровага звання 12 гарадам Савецкага Саюза і Брэсцкай крэпасці, фотаздымкі месцаў баявых дзеянняў, мемарыялаў і помнікаў.

музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

У Мемарыяльных залах 21 — 24 увекавечаны назвы воінскіх часцей і злучэнняў, якія вызначыліся ў баях за Беларусь. Зала партызанскіх фарміраванняў утрымлівае назвы ўсіх злучэнняў, брыгад і атрадаў, якія дзейнічалі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў час вайны. Асобная зала прысвечана 2169 Героям Савецкага Саюза і 76 поўным кавалерам ордэна Славы — беларусам і прадстаўнікам 70 нацыянальнасцей, што ўдзельнічалі ў баях на тэрыторыі Беларусі.

Выстаўка баявой тэхнікі і ўзбраення Чырвонай Арміі адкрыта для наведвальнікаў 03.07.1977 г. Экспазіцыя ўключае ўзоры ваеннай тэхнікі: танкі Т-34, 1C-2, ІС-3, артылерыйскія гарматы, у тым ліку карабельныя, мінамётныя ўстаноўкі, палявую кухню, аўтамабілі ЗІС-5 і ГАЗ-АА, самалёт Лі-2, а таксама авіяцыйныя і глыбінныя бомбы, тарпеды і іншую зброю.

музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

На базе музея праводзіцца да 10 стацыянарных і перасоўных выставак у год: «Плакат Вялікай Айчыннай», «Зброя Пабеды», «Пачатак...» да 65-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і Маскоўскай бітвы, «Героі Міншчыны», «Дзяцінства, абпаленае вайной». Распрацоўваюцца новыя тэмы: «Патрыятычная роля праваслаўнай царквы», «Місія ААН-ЮНРРА у Беларусі ў 1946 — 1947 гг.», ствараюцца экспрэс-выстаўкі на святочных гарадскіх і музейных мерапрыемствах.

Філіял музея — мемарыяльны комплекс «Рэспубліканскі помнік воінам-інтэрнацыяналістам» у выглядзе капліцы размяшчаецца ў Траецкім прадмесці ў Мінску. Капліца пабудавана па праекце творчага калектыву пад кіраўніцтвам Ю.Паўлава. Адкрыты для наведвання ў 1996. Кожны год музей і яго філіял наведваюць больш за 200 тыс. турыстаў, моладзі, членаў дэлегацый з краін СНД і далёкага замежжа.

музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны


Адрас: 220030, г.Мінск, пр-т. Незалежнасці, 25-а
Тэл.: +375-17-227-56-11, +375-17-227-56-65 (факс)
Сайт: http://www.warmuseum.by/
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1395]
Здарэнні [467]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.