Пятніца, 19.04.2024, 19:37

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ АРХІТЭКТУРЫ I ПОБЫТУ

Галоўная »
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ АРХІТЭКТУРЫ I ПОБЫТУ заснаваны пад адкрытым небам каля в.Азярцо Мінскага раёна паводле пастановы Урада Рэспублікі Беларусь ад 09.12.1976 г. Адкрыты для наведвання ў 1987 г. Асноўная мэта музея-скансэна — захаванне і дэманстрацыя помнікаў гісторыі і культуры ў блізкім да натуральнага асяроддзі праз навуковыя даследаванні, набыццё і рэстаўрацыю гісторыка-культурных каштоўнасцей.

музей народнай архітэктуры і побыту
музей народнай архітэктуры і побыту

Музеем кіравалі С.А.Сергачоў, А.Я.Кандратаў, Г.А.Ткацэвіч. З 2006 г. дырэктар С.А.Лакотка. Асноўны фонд музея (2008) налічвае звыш 20 тыс. адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — звыш 6 тыс. адзінак, у экспазіцыі больш за 20 помнікаў народнай архітэктуры канца 18 — пачатку 20 ст. Агульная плошча 151 га.

У музеі сфарміравана каля 30 калекцый. У калекцыі плеценых вырабаў з лубу, саломы, лазы, лучыны, каранёў хвоі, ўзоры мэблі канца 19 — пачатку 20 ст., лапці, капелюшы, ёмістасці для захоўвання і транспарціроўкі ягад, зерня, мукі, адзення і інш. Сярод кавальскіх вырабаў канца 19 — пачатку 20 ст. прадметы утылітарнага прызначэння з чорных і каляровых металаў: самавары, шалі, падсвечнікі. Калекцыя адзення прадстаўлена вырабамі з Палесся, Падняпроўя, Паазер'я і Панямоння. З абутку цікавыя мадэлі чаравікаў, боты ў гармошку, поршні. Захоўваюцца таксама калекцыі выяўленчага мастацтва, абразоў, керамікі, нумізматыкі, музычных інструментаў, гадзіннікаў, фарфору.

музей народнай архітэктуры і побыту

Структура музея складаецца з вытворча-гаспадарчай, інфармацыйна-сэрвіснай, экспазіцыйнай і запаведнай зон. У аснове вытворча-гаспадарчай зоны адміністрацыйна-навуковы комплекс, фондасховішча, вытворча-рэстаўрацыйныя майстэрні, выставачныя памяшканні і інш. Інфармацыйна-сэрвісную арганізуюць стэнды з інфармацыяй, атэлі, аб'екты харчавання, гандлю.

музей народнай архітэктуры і побыту

Экспазіцыйная зона прадугледжвае стварэнне 6 сектараў, якія адпавядаюць гісторыка-этнаграфічным рэгіёнам рэспублікі (Цэнтральная Беларусь, Падняпроўе, Паазер'е, Панямонне, Усходняе і Заходняе Палессе), і яшчэ — «Мястэчка» і унікальных помнікаў. Кожны сектар павінен быць прадстаўлены тыповым для дадзенага рэгіёна паселішчам 19 — пачатку 20 ст.: сяло, хутар, вёска з адлюстраваннем прыродна-геаграфічных і архітэктурна-этнаграфічных умоў. Дэманстрацыя помнікаў народнай архітэктуры прадугледжвае аднаўленне інтэр'ераў з прадметамі побыту, рамёстваў, промыслаў, прылад працы.

музей народнай архітэктуры і побыту

Дзейнічаюць (2008) экспазіцыі: «Цэнтральная Беларусь» і фрагментальна створаныя «Падняпроўе», «Паазер'е» і унікальных помнікаў. У 1-й размешчаны культавыя грамадскія, жылыя, гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы. Яго кампазіцыйная дамінанта — царква з в.Логнавічы Клецкага раёна (канец 18 ст.). Архітэктурная экспазіцыя сфарміравана як аднавулічнае пасяленне з перавагай двароў пагоннага тыпу. Сюды ўваходзяць помнікі канца 19 — пачатку 20 ст.: сядзібы з вёсак Агароднікі, Ісерна Слуцкага, Садавічы Капыльскага, Заброддзе Стаўбцоўскага раёнаў, школа з в.Калодчына Вілейскага, карчма з в.Хвоева Нясвіжскага раёнаў. Сектар «Падняпроўе» ўяўляе вёску з двухбаковай забудовай. Уключае Спаса-Праабражэнскую царкву з г.Барань Аршанскага раёна, сядзібы вяночнага тыпу з вёсак Волева Дубровенскага і Бракава Чавускага раёнаў. Сектар «Паазер'е» створаны ў выглядзе 2 пасяленняў: вёскі з бессістэмнай забудовай і хутара. Цэнтральнае месца тут займае царква з в.Вялец Глыбоцкага раёна (19 ст.). Сядзібныя комплексы прадстаўлены вяночным дваром з вёсак Будзічы Докшыцкага і Варашылкі Мядзельскага раёнаў, гаспадарчымі пабудовамі (пуні з в.Воўкаўшчына Міёрскага і в.Леановічы Пастаўскага раёнаў і інш.). У экспазіцыйны сектар унікальных помнікаў архітэктуры ўваходзяць капліца з в.Каралеўцы Вілейскага раёна і млыны канца 19 — пачатку 20 ст. з вёсак Даматканавічы Клецкага, Зелянец Хоцімскага і Янушаўка Мядзельскага раёнаў. Важным дапаўненнем з'яўляецца ландшафт. У асобных будынках — помніках народнай драўлянай архітэктуры — арганізаваны тэматычныя выстаўкі. У сектары «Цэнтральная Беларусь» у памяшканні гумна з Заброддзя дзейнічае выстаўка «Беларускі лён», дзе прадстаўлены традыцыйныя прылады працы па апрацоўцы лёну, прыстасаванні для ткацтва, а таксама фотаматэрыялы пра сучасны тэхналагічны працэс. Пад страхой павеці вяночнага двара з Волева ў сектары «Падняпроўе» размяшчаецца выстаўка «Пчалярства на Беларусі», якая знаёміць са старажытным промыслам на ўсіх этапах яго развіцця: ад бортніцтва да калодных і рамных вуллёў. У сектары «Паазер'е» ў адрыне з Ваўкаўшчыны выстаўка «Транспартныя сродкі» расказвае пра віды і выкарыстанне сухапутнага і рачнога транспарту Беларусі.

музей народнай архітэктуры і побыту

Запаведная зона музея — тэрыторыя гістарычных мясцін: гарадзішча, курганныя могільнікі, в.Строчыца, прыродаахоўныя аб'екты (рэкі Пціч і Менка, Воўчкавіцкае вадасховішча, ландшафт з захаванай флорай і фаунай). Тут сустракаюцца 76 відаў наземных пазваночных жывёл, выяўлены 30 рэдкіх відаў раслін, 7 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

На тэрыторыі музея святкуюць Каляды, Масленіцу, Гуканне вясны, Велікодную нядзелю, Купалле, Зажынкі і інш., прапануюць маладым і іх гасцям удзельнічаць у абрадзе «Беларускае вяселле», арганізоўваюць выстаўкі-продажы вырабаў народных майстроў і сувеніраў. Тэрыторыя музея часта выкарыстоўваецца ў якасці здымачнай пляцоўкі для кіна- і тэлефільмаў.

Адрас: 220004, г.Мінск, вул.Кальварыйская, д.17, к.614 (адміністрацыя)
Тэл.: +375 17 209-41-63 (пн-пт 9.00-17.20)
Адрас: 223021, Мінскі р-н, п.а.Азярцо (тэрыторыя музея)
Тэл.: +375 17 507-69-37
Сайт: http://www.etna.by/
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.