Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Чацвер, 01.06.2023, 05:12 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
БІБЛІЯТЭКІГалоўная »БІБЛІЯТЭКІ (ад грэч. кніга і сховішча) – грамадска-дзяржаўныя ўстановы, прыватныя кнігазборы. На Беларусі пачалі збірацца пры цэрквах і манастырах з XI ст. У ліку найбольш старажытных – бібліятэка пры Полацкім Сафійскім саборы. У ХVІ – ХVІІІ стст. бібліятэкі сталі сістэмай пры ордэне базыльян, асновай якіх найперш былі біблітэкі праваслаўных манастыроў. Асноўныя бібліятэкі базыльян знаходзіліся ў Віленскім Святатраецкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Шматкніжныя бібліятэкі былі пры каталіцкіх кляштарах: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. З пратэстанцкіх бібліятэк найбуйнешыя былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і Смаргонскім зборы. З XVI ст. вядомыя бібліятэкі навучальных устаноў (Віленская акадэмія), пры Полацкай езуіцкай акадэміі было звыш 40 тысяч кнігадрукаў. У XVIII ст. бібліятэкі пашырыліся, сталі вядомыя ў Гродне, Брэсце, Мінску, Мазыры, Пінску, Паставах, Навагрудку, Бабруйску, Халопенічах і інш. У ХVІІІ – ХІХ стст. бібліятэкі меліся пры гімназіях, Горы-Горацкім земляробчым інстытуце, пры народных вучылішчах (пры Віленскай навучальнай акрузе ў 1894 г. іх было 733). З прыватных бібліятэк на Беларусі самымі вялікімі былі Радзівілаўская бібліятэка ў Нясвіжы, Сапегаў і Храптовічаў , князёў Алелькавічаў, магнатаў Солтанаў і інш. У XIX – пачатку XX стст. прыватных бібліятэк больш стала ў сем'ях інтэлігентаў (Тышкевічы ў Лагойску, Г.Татур у Шнеку, Т.Урублеўскі ў Вільні і інш). У XIX – пачатку XX стст. у гарадах Беларусі наладжваюцца публічныя бібліятэкі (Гродна, Магілёў, Мінск, Віцебск і інш.). У 1921 г. пачала складвацца фундаментальная бібліятэка Белдзяржуніверсітэта, якая лічыцца першай на Беларусі навуковай, з 1925 года стала шырокавядомай сённяшняя Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, з 1926-га – Нацыянальная бібліятэка, з 1933 года пачала дзейнічаць бібліятэка пры Доме урада. З 1938 г. дзейнічаюць абласныя бібліятэкі. У гады Другой сусветнай вайны амаль усе бібліятэкі былі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана, толькі ў 1950 г. колькасць бібліятэк і агульны кніжны фонд іх перавысілі даваенныя. ![]() Нацыянальная бібліятэка ў Мінску |
|