БРЭСЦКАЯ УНІЯ 1596 года – спроба перамовамі і актавай дамовай аб'яднаць на землях Рэчы Паспалітай праваслаўе з каталіцызмам. Тую спробу зацвердзіў кароль Жыгімонт III Ваза. Згодна гэтаму, праваслаўе захоўвала сваю іерархію (ад грэч. - паслядоўнае размяшчэнне пасад, званняў, з'яў ад ніжэйшых да вышэйшых у парадку іх падпарадкавання), але прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі дагматызм і такім чынам ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Да ўсяго, праваслаўе захоўвала ўсе праваслаўныя
абрады, богаслужэнні і пропаведзі на царкоўна-славянскай і беларускай мовах (на Украіне – на ўкраінскай).
Брэсцкую унію прапаведавалі кіруючыя колы
ВКЛ (гэтую ідэю распрацоўваў яшчэ знакаміты ў ВКЛ і ва ўсёй Еўропе
Вітаўт Вялікі (1350 – 1430). Заключэнне Брэсцкай уніі падспешыла заключэнне ў 1569 г. уніі паміж ВКЛ і Польшчай – зразумела, і з палітычных меркаванняў. Вышэйназваны акт выклікаў і рознагалоссі як у праваслаўным, так і ў каталіцкім асяроддзі. Тым не менш уніяцтва ў XVII ст. ахапіла да 75 % беларускіх насельнікаў. Пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай уніяцтва па ініцыятыве праваслаўя і царскага ўрада было скасаванае Полацкім царкоўным саборам 1839 г. (падрабязней пра гэта можна прачытаць у даведніку «БЕЛАРУСЬ». Мн., «Беларуская энцыклапедыя», 1995).