Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Пятніца, 02.06.2023, 17:11 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
БУДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙГалоўная »БУДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім раёнах. Для яго характэрны разнастайнасць прыёмаў вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі, завязаны ззаду. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». ![]() Буда-Кашалёўскі строй. Жанчына ў святочным убранстве ![]() Буда-Кашалёўскі строй. Жанчыны ў святочным убранні ![]() Буда-Кашалёўскі строй. Ручнік. Гарадскі пасёлак Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна. 1930-я г. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі, крыжыкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі: тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі (калошкай) ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыстатканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульна-нацыянальных відаў і форм не маюць. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівы ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнай распрацоўкай рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі і аблямоўкай, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна чорнай ці белай ніткай у дробныя гафрыраваныя складачкі), якім утвараюцца рэльефныя ўзорыстыя паскі на версе і нізе рукавоў кашулі. Аўтар: М.Ф. Раманюк Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с. |
|