БУДНЫ Сымон (каля 1530-й – 1593 гг.) – гісторык, філосаф, асветнік, тэолаг і рэлігійны рэфарматар, паэт
ВКЛ. З сям'і дробнага мазоўскага шляхціца. Скончыў Ягелонскі універсітэт у Кракаве (магчыма, яшчэ і Базельскі). З 1558 г. выкладаў на беларускай мове Катэхізіс у пратэстанцкай віленскай школе.
З 1560 г. – на Беларусі., пачаў прапаведаваць у
Клецку. Разам з Л.Крышкоўскім і М.Кавячынскім заснаваў у Нясвіжы друкарню і ў 1562 г. выдаў па-беларуску «Катэхізіс» – першую на беларускіх землях кнігу на роднай мове. Пазней – іншыя кнігі, з якіх не ўсе захаваліся. Паступова Будны пачаў незадавальняцца рэлігійна-філасофскімі поглядамі кальвіністаў і займаць радыкальныя пазіцыі, галоўным чынам у пытаннях пра Боскую Тройцу і прыроду Хрыста.
З сярэдзіны 1560-х жыў у маёнтках магнатаў Кішкаў, актыўна займаючыся літаратурна-публіцыстычнай дзейнасцю. Працягваў выданні кніг (Біблія, Новы запавет), да якіх пісаў свае прадмовы і каментарыі, дзе першы ў сусветнай практыцы паспрабаваў да разгляду евангельскіх кніг падыйсці з рацыяналістычных пазіцый. Перакладаў з французскай мовы на польскую (пра падзеі Варфаламееўскай ночы), аўтар прадмовы да трактата А.Маджэўскага-Фрычэ «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай».
Браў удзел у рабоце арыянскіх сінодаў, вёў вострую рэлігійна-філасофскую і сацыяльную палеміку, пазней палемізаваў з езуіцкімі тэолагамі, абвяргаючы тэзіс пра бессмяротнасць душы. Крытыкаваў феадальнае свавольства, прапаведаваў гуманізм, інтэлектуальную свабоду, заклікаў да глыбокага засваення еўрапейскай культуры, створанай на розных мовах. Крытыкуючы праваслаўных дзеячаў за ўхіленне ад заходне-еўрапейскай адукаванасці, тым не менш падкрэсліваў нацыянальную годнасць славян, багатыя духоўныя вытокі беларускага народа і далейшы паспяховы працяг развіцця яго карэннай мовы і культуры.
У гэтым сэнсе Будны ўслед за Ф.Скарынам шмат зрабіў для станаўлення беларускай нацыянальнай самасвядомасці. У сваіх працах, палеміцы праяўляў высокую эрудыцыю, шмат цытаваў старажытных і сучасных яму пісьменнікаў. Аўтар шматлікіх эпікграм (грэч.) а) надпіс на помніку; б) паэтычны жанр панегірычна-дыдактычнага характару ў старажытнай беларускай літаратуры; в) кароткі сатырычны верш, дзе дасціпна высмейваецца пэўная асоба ці грамадская з'ява).
Высока цаніў пазнавальнае, маральна-выхаваўчае значэнне паэзіі, увогуле мастацтва. У палеміцы з рускім царкоўным пісьменнікам Арцеміем адстойваў прынцып рэнесансавага рэалізму, не згаджаючыся з маляваннем на абразах Бога, якога ніхто не бачыў. Некаторыя даследчыкі зазначаюць і пэўныя хібы Буднага ў поглядзе на мастацтва, у непрыманні
карагодаў і інш. Апошнія гады жыў на Валожыншчыне, дзе і памёр. Сымон Будны ўшанаваны помнікамі ў Нясвіжы і Мінску.