Субота, 20.04.2024, 12:04

БУ́ЛЬБА

Галоўная »
бульбаБУ́ЛЬБА (лац.: Solanum tuberosum) – шматгадовыя клубняносныя расліны роду паслён сямейства паслёнавых. Радзіма – Паўднёвая Амерыка, дзе яе вырошчвалі ацтэкі і інкі, а таксама паўночнаамерыканскія плямёны іракезаў. У XVI ст. завезена ў Еўропу (Іспанія, Англія). У Рэчы Паспалітай стала вядомая ў XVII ст. Лічыцца, што ўпершыню бульбу ў краіну завёз кароль Ян III Сабескі пасля перамогі над туркамі ў бітве пад Венай (12 верасня 1683 году). Першапачаткова бульбу выкарыстоўвалі як лекавую і дэкаратыўную расліну, у якасці ядомай палявой культуры пачала масава спажывацца па ўсёй Еўропе з 2-ой паловы XVIII ст. У якасці экзатычнай стравы бульба стала вядомая на магнацкім стале ў Рэчы Паспалітай напрыканцы XVII ст. 

Упершыню бульбу пачалі вырошчваць у Беларусі падчас панавання караля польскага і вялікага князя літоўскага, Аўгуста III (1736 – 1763 гг.), на тэрыторыі сучаснай Гарадзеншчыны ў 2-ой трэці XVIII ст. Але ў гэты час яна вырошчвалася толькі ў каралеўскіх эканоміях, нямецкімі каланістамі. Найбольш значным бульбаводчым цэнтрам напрыканцы 1780-х гадоў стала тэрыторыя Полацкага намесніцтва. У 1788 годзе тут у "пасеве" бульба займала усяго 7 чвэрцяў, а ў "ураджаі" – 21 чвэрць, але праз два гады ў "пасеве" было 4617 чвэрцяў, а ў "ураджаі" – 18759 чвэрцяў Першапачаткова беларускае сялянства паставілася надзвычай недаверліва да гэтай агрыкультурнай навацыі, здзяйсняла акты сабатажу, адмаўляючыся яе садзіць. XIX ст. стала часам шырокага распаўсюджання новай агрыкультуры на беларускіх палетках. Калі ў Гродзенскай губерні ў 1822 годзе было сабрана 7,1 тысяча чвэрцяў бульбы, то ў 1827 годзе ўжо ў 100 раз болей. Стравы з бульбы, у гэты ж час становяцца надзвычай важным элементам харчавання беларускага народу. Бульба насамрэч у гэты час становіцца пануючай палявой культурай, "другім хлебам”, хаця не будзе перабольшваннем сказаць, што для бяднейшых сялян яна была ўвогуле ці не адзіным і першым хлебам. Услухаемся ў радкі аднаго з сучаснікаў: "...горох, часть ячменя, овес крестьяне сбывают, а картофелем питаются почти круглый год".

Поспехі бульбаводства, "бульбяны бум", далі свае станоўчыя вынікі ў галіне селекцыі. Ужо ў 1860-х гадах узнікаюць мясцовыя, беларускія гатункі бульбы. У жніўні 1853 года ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце была адкрытая выстава, на якой экспанавалася 28 гатункаў бульбы з батанічнага саду інстытута, а таксама прадукты з бульбы ў выглядзе мукі і крупкі.

бульба

Паводле дадзеных змешчаных у "Живописной России" (1882 год) на тэрыторыі Беларускай вобласці (пад гэтым тэрмінам у выданні разумеліся Мінская, Магілёўская, Віцебская і этнаграфічна беларускія часткі Смаленскай губерняў) збіралася да 5 мільёнаў чвэрцяў бульбы. На той жа тэрыторыі ў 1905 годзе пасяўная плошча пад бульбу займала 202 580 дзесяцін ворнай зямлі (5,8 працэнтаў усёй пасяўной плошчы). У 1890-я гады на тэрыторыі Беларусі ўжо вылучаліся 4 зоны бульбаводства. Да першай адносіўся Рэчыцкі павет. Тут пад бульбу былі заняты 18,1 % пасяўных плошчаў. Да другой зоны належалі тэрыторыі Барысаўскага, Гомельскага, Рагачоўскага, Чэрыкаўскага паветаў (12,1 – 15 % плошчаў). Да трэцяй зоны адносіліся Мінскі, Бабруйскі, Клімавіцкі, Чавускі, Быхаўскі, Магілёўскі, Аршанскі, Сенненскі паветы (9,1 – 12 % плошчаў), а да чацвёртай зоны адносілася тэрыторыя Горацкага павету ды ўсёй Віцебскай губерні (6,1 – 9% плошчаў). 

Такім чынам, поўная і незваротная "беларусізацыя" бульбы адбылася ў XIX ст. У сярэдзіне таго ж стагоддзя без бульбы немагчыма было ўжо ўявіць жыццё беларускага паспалітага люду. Бульба ўваходзіць у фальклор, пра яе складаюць песні, танчаць пад іх. 

Сёння бульба ў Беларусі лічыцца нацыянальнай культурай, "другім хлебам", пасяўныя плошчы займаюць 749,3 тыс. га (1993).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.