Панядзелак, 22.07.2019, 00:14

БЫХАЎ


БЫХАЎгорад раённага падпарадкавання, цэнтр раёна; прыстань на правым беразе Дняпра. За 51 км на поўдзень ад Магілёва; чыгуначнай станцыі на лініі Магілёў — Жлобін, аўтадарогамі злучаны з Магілёвам, Рагачовам, Гомелем, Бабруйскам. 16,4 тысяч жыхароў (2007).

Быхаў
Герб гораду

Першыя паселішчы чалавека на тэрыторыі сучаснага Быхава і яго ваколіц паявіліся ў глыбокай старажытнасці. Ва ўрочышчы Узлужжа, што за 2 км на поўдзень ад горада, на левым беразе р.Рдзіца і на правым беразе Дняпра, знойдзены сляды паселішча 1-га тыс. н.э. і эпохі Кіеўскай Русі; на паўд. ускраіне горада — старажытнае паселішча, у самім горадзе — гарадзішча мілаградскай, ранняга этапу зарубінецкай культур і эпохі Кіеўскай Русі. Згодна з паданнем стараж. Быхаў склаўся на месцы ўмацаванага гарадзішча, дзе пазней быў узведзены замак, які размяшчаўся ў балоцістай мясцовасці і служыў надзейным сховішчам ад варожых нападаў, гэта значыць «быў хоў» (адсюль назва).

Паводле пісьмовых крыніц упершыню згадваецца як Стары Быхаў у 14 ст. ў складзе Кіеўскага княства ВКЛ. У 1430 г. ўпамінаецца як уладанне Свідрыгайлы (пасля смерці Вітаўта — вялікі князь літоўскі ў 1430-32 гг.). З 16 ст. ў складзе Рэчы Паспалітай. Прывілеямі караля Сігізмунда Аўгуста ад 1556 і 1568 гг. падараваны старасце жмудскаму і губернатару ліфляндскаму Яну Хадкевічу, які стаў называцца графам на Быхаве. У 1560 г. цэнтр воласці. Гетман ВКЛ Ян Кароль Хадкевіч у 1590-1610 гг. узвёў тут замак і ператварыў Быхаў у магутную крэпасць. У 1600 г. заснаваны Старабыхаўскі кляштар, у 1613 г. пабудаваны касцёл. У 1603 г. Быхаў упамінаецца ў Баркулабаўскай хроніцы. З 1628 г., паводле шлюбнага дагавору дачкі Хадкевіча Ганны з літоўскім маршалкам Іванам Сапегам, перайшоў ва ўладанне Сапегаў. Тэрыторыя крэпaсці складала каля 25 га. Размяшчаліся жылая забудова, рыначная плошча з гандлёвымі радамі, кляштар, 2 праваслаўныя царквы, сінагога, кузня, 2 бровары. Сістэму ўмацаванняў складалі валы з бастыёнамі і равамі, утвараючы паўкруг радыусам 400 м. Сам горад знаходзіўся на роўным плато. 3амак узмацняў усходні бок фартыфікацыйнай сістэмы горада-крэпасці, быў кампазіцыйнай дамінантай Старога Быхава. Аддзелены ад горада дадатковым ровам і пад'ёмным мостам, ён меў уласныя абарончыя прыстасаванні. Складаўся з некалькіх мураваных карпусоў, якія ўтваралі няправільны чатырохвугольнік памерам 75х70 м. З поўначы ўнутраны двор замыкаўся мураванай сцяной з выхадам на гарадскі вал. У напрамку да Дняпра быў выцягнуты 2-павярховы (з падвалам) будынак палаца, накрыты клінападобным чарапічным дахам. Да ўсходняга і паўднёвага фасадаў далучаліся 5-ярусныя гранёныя вежы. На поўдні знаходзіўся 2-павярховы службовы корпус, за якім цягнулася мураваная сцяна. 3 заходняга боку замкавага двара размяшчаліся казармы з 8-граннымі вуглавымі вежамі і ўязная брама з пад'ёмным мостам. Мураваны будынак сінагогі, які з'яўляўся самастойным абарончым пунктам, быў узведзены ў пачатку 17 ст. і меў рысы абарончага дойлідства, рэнесанса і барока. У канцы 16 ст., падчас антыфеадальных паўстанняў на Украіне і Беларусі, у наваколлі Быхава дзейнічалі казацкія атрады пад кіраўніцтвам Мацюшы, Севярына Налівайкі. У 1-й палове 17 ст., у адрозненне ад узнікшага мястэчка Новы Быхаў, сам Быхаў пачынаюць называць Старым Быхавам; стаў цэнтрам Быхаўскага графства ў Аршанскім павеце. У снежні 1648 г. горад асаджала, але не здолела ўзяць казацкае войска на чале з Філонам Гаркушай. Зімой 1655 г. казацкія палкі пад камандаваннем гетмана Івана Залатарэнкі авалодалі Быхавам. У баі ён быў смяротна паранены. Казацкія атрады ўзначаліў Іван Нячай, які ў хуткім часе перайшоў на бок польскіх улад і ў 1659 г. адкрыта выступіў супраць рускіх войск. На падаўленне мяцежнікаў з Магілёва прыбыло войска пад камандаваннем маскоўскіх ваяводаў Далгарукава, Лабанава-Растоўскага і Змеева. І.Нячай, пацярпеўшы паражэнне пад Мсціславам, схаваўся з рэшткамі палкоў у Быхаўскай крэпасці. У маі рускія войскі акружылі горад і 04.12.1659 г. штурмам авалодалі ім. У 1655 г. граматай польскага караля Казіміра Яна Сапегі Быхаў на 20 гадоў быў вызвалены ад падаткаў, а ў 1676 г. пастановай сейма — яшчэ на 10 гадоў. У Паўночную вайну 1700-21 гг. у 1702 г. саюзныя атрады караля Аўгуста II і Пятра I больш за месяц асаджалі ў горадзе прыхільніка Станіслава Ляшчынскага К.Сапегу. 23.06.1706 г. па дняпроўскім шляху ў Кіеў тут спыняўся Пётр I. У 1737 г. ў кляштары адкрыта школа (9 навучэнцаў). У горадзе дзейнічала гута, дзе варылі шкло «простае белае і зялёнае розных гатункаў». У 1747 г. ў Быхаве 247 двароў. Меліся паташня, лазня, саладоўня, бібліятэка, мост, астрог. Насельніцтва групавалася ў мяшчанскай і яўрэйскіх абшчынах. За карыстанне зямлёй уладальнік горада атрымліваў грашовы чынш. Жыхары неслі павіннасці і па падтрыманні крэпасці. У 1755 г. — 534 двары, 2522 жыхары, 9 гандлёвых радоў, малітоўная школа, праводзіліся 3 кірмашы на год. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі, мястэчка. 12.03.1777 г. яму нададзены статус горада. 16.08.1781 г. зацверджаны герб: на чырвоным полі 2 скрыжаваныя чыгунныя гарматы. У 1783 г. — 2622 жыхары, 534 дамы, павятовае вучылішча. У 1796 — 1806 гг. заштатны горад Беларускай губерні, з 1802 г. цэнтр Старабыхаўскага, з 1852 г. Быхаўскага паветаў Магілёўскай губерні.

Паводле плана 1778 г. старажытная ўмацаваная частка з замкам і гандлёвай плошчай захоўвалася як планіровачнае ядро, вакол якога разгортвалася новая забудова. Планам 1781 г. прадугледжвалася блізкая да рэгулярнай структура горада. Сетка ўзаемна перпендыкулярных вуліц утварала 32 кварталы. Воссю горада была прамавугольная плошча памерам 220х90 м, якую перасякала галоўная вуліца. Яе шырыня складала каля 10 м, астатніх вуліц — да 4 м. Да паловы 19 ст. былі пабудаваны 3 уязныя брамы: Падольная (Дольная), што вяла да Дняпра, Магілёўская (у паўночнай частцы горада) і Рагачоўская (Навабыхаўская, у паўднёвай частцы), людвісарня (2-я палова 16—18 ст.), сінагога (сярэдзіна 17 ст., з цэглы), Троіцкая царква (сярэдзіна 19 ст., з цэглы).

У 1811 г. ў Быхаве 5 тысяч чалавек. Летам 1812 г. 2-я руская армія пад камандаваннем П.І. Баграціёна (35 тысяч чалавек), пад націскам пераўзыходзячых сіл праціўніка, адыходзіла да Дняпра. Заняўшы Магілёў, французскі маршал Даву спрабаваў адрэзаць рускія войскі ад ракі і знішчыць іх. 11 — 12 ліпеня 7-ы корпус генерал-лейтэнанта М.М. Раеўскага стрымліваў французаў на поўначы ад Быхава, што дазволіла асноўным войскам Баграціёна пераправіцца цераз Дняпро. У 1825 г. ў горадзе 569 дамоў, 2 навучальныя ўстановы, 8 крам, 13 корчмаў, 3 лазні, 5 садоў, 5 гаспадарскіх дамоў. Існаваў замак з 2 вежамі і 8 калонамі, мелася карцінная галерэя. У 1831 г. за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830-31 гг. маёнтак перайшоў у валоданне Магілёўскай казённай палаты. У 1841 г. ў горадзе 5475 жыхароў, 652 дамы, 19 вуліц і завулкаў. У рамесных майстэрнях працавалі 14 краўцоў, 12 шаўцоў, 5 кавалёў, 4 майстры па рамонце гадзіннікаў, 3 слесары, 2 алавяншчыкі і 2 майстры-ювеліры па золаце і срэбры. Дзейнічаў скураны завод. Галоўным таварам у гандлі была пянька (у 1841 г. яе прададзена 1690 бяркоўцаў). У сярэдзіне 19 ст. пабудаваны цагельны завод (1850) і драўляная царква. У час паўстання 1863-64 гг. у Польшчы, Літве і на Беларусі ў красавіку-маі 1863 г. дзейнічаў паўстанцкі атрад на чале з І.Анцыпам. На пачатку 1880-х г. у горадзе 6078 жыхароў (з іх 36,2% пісьменныя), 766 драўляных дамоў, 809 будынкаў, у тым ліку 3 цагляныя, 2 прадпрыемствы па вырабе запалак і цэглы, крупадзёрка, 4 ветраныя млыны, двухкласнае павятовае (адкрыта ў 1865 г.) і прыходскае (з жаночай зменай) вучылішчы, 1 цагляная і 3 драўляныя царквы, 2 касцёлы, сінагога, 10 малітоўных школ; гарбарная майстэрня (з 1880), тэлеграфная станцыя (з 1882), меліся 84 гандлёвыя пункты. У 1897 г. ў Быхаве каля 6,4 тысяч жыхароў, 816 дамоў. На галоўных вуліцах з'явіліся дашчаныя тратуары (1876), устаноўлены газавыя ліхтары (1878), гарадскі гадзіннік (1879), запрацавалі бальніца (6 ложкаў), аптэка, паштовая і натарыяльная канторы. У маі-чэрвені 1900 г., пад кіраўніцтвам студэнта Харкаўскага універсітэта У.Я. Бабкова (ураджэнец Быхава), была створана сацыял-дэмакратычная група, пад уплывам якой у жніўні-верасні адбыліся першыя ў горадзе эканамічныя забастоўкі. 08.03.1905 г. рабочыя быхаўскіх прадпрыемстваў явачным шляхам устанавілі 8-гадзінны рабочы дзень. У час рэвалюцыі 1905-07 гг. праводзіліся эканамічныя і палітычныя стачкі, дэманстрацыі, масоўкі, у якіх удзельнічала каля 3,5 тысяч чалавек. У 1911 г. ў горадзе 6 навучальных устаноў, у ліку якіх 3-класнае гарадское, ніжэйшае рамеснае вучылішчы, прыходскія мужчынскае і жаночае вучылішчы, 2 царкоўна-прыходскія школы. У 1913 г. 8,1 тыс. жыхароў, у жніўні адкрыты 1-ы кінатэатр, запрацавалі мукамольнае і лесапільнае прадпрыемствы, у 1916 г. пабудаваны мост цераз Дняпро. 05.03.1918 г. Быхаў заняты германскімі войскамі і польскімі часцямі Ю.Доўбар-Мусніцкага. У тыле ворага дзейнічалі Быхаўскі падпольны падраённы камітэт РКП(б) на чале з Ц.І. Сарокіным, 1-ы Быхаўскі партызанскі атрад (камандзір С.К. Дзергачоў). Вызвалены 16.11.1918 г. 152-м і 153-м палкамі 17-й стралк. дывізіі Чырвонай Арміі. 18.12.1918 г. адбылася 1-я агульнапавятовая партыйная канферэнцыя. З 25.12.1918 г. пачала выходзіць газета «Известия Быховского ревкома». У барацьбе за ўстанаўленне савецкай улады ў Быхаўскім раёне актыўны ўдзел прымаў 20-гадовы Н.Л. Француз. Рызыкуючы жыццём, ён арганізаваў дастаўку зброі і бальшавіцкай літаратуры з перавалачнага пункта ў Оршы ў в.Студзёнка, дзе фарміраваўся партызанскі атрад. У лютым 1919 г. горад у складзе Магілёўскай губерні адышоў да РСФСР. З красавіка 1919 г. Быхаў — цэнтр павета Гомельскай губерні. У 1923 г. дзейнічалі 2 няпоўныя сярэднія школы, у якіх навучалася звыш 900 дзяцей, рабочы і гарадскі клубы, дзіцячы сад, бальніца, урачэбная амбулаторыя, 148 дробных рамесніцкіх прадпрыемстваў, у 1924 г. адкрыты аптэка, бібліятэка і народны дом.

Быхаў
Замак

З 20.08.1924 г. да 1930 г. Быхаў — цэнтр раёна ў Магілёўскай акрузе. У 1926 г. тут 1120 дамоў, 7657 жыхароў, у эксплуатацыю здадзена электрастанцыя ад паравой машыны магутнасцю 20 кВт (1927). У 1930 г. 8,4 тысяч жыхароў; пачала выходзіць раённая газета «Маяк Прыдняпроўя», адкрыты дзіцячы сад (60 дзяцей). У 1930-я г. арганізуюцца калгасы «Рэвалюцыя», імя М.В. Фрунзе, «Шлях Леніна», створана Быхаўская МТС (дзейнічала да 31.03.1958 г.), у 1932 г. ўступіў у строй ацэтонавы завод — буйное прадпрыемства хімічнай прамысловасці рэспублікі. З 15.01.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1939 г. 11 тысяч жыхароў.

Быхаў
Сінагога

У Вялікую Айчынную вайну 05.07.1941 г. Быхаў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У верасні 1941 г. ўзнікла падпольная арганізацыя, якая мела сувязь з гарадскім магілёўскім «Камітэтам садзеяння Чырвонай Арміі». Дзейнічалі падпольныя райкомы партыі і камсамола, у раёне была створана шырокая сетка камсамольскіх груповак, выдаваўся рукапісны часопіс «Партизан Быховщины». За годы акупацыі гітлераўцамі знішчаны 9158 жыхароў. Вызвалены горад 28.06.1944 г. войскамі 19-га стралковага корпуса 50-й арміі 2-га Беларускага фронту. 12 ураджэнцаў раёна і 10 чалавек іншых нацыянальнасцей удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Поўнымі кавалерамі ордэна Славы сталі М.Р. Бяляеў і М.І. Перавознікаў. У пасляваенныя гады аднаўляліся тэлеграфная і тэлефонная сувязь, здадзены ў эксплуатацыю радыёвузел (1945), хутка развіваліся многія прадпрыемствы. У 1959 г. ў Быхаве 13 тысяч, у 1970 г. — 17,4 тысяч, у 1982 г. — 18,1 тыс. жыхароў.

Быхаў
Свята-Троіцкая царква

Галіновая кампазіцыйная вось сучаснага горада — вуліца Леніна, пры ўездзе сфарміравалася Кастрычніцкая плошча. Паводле генпланаў 1986 г. і цэнтральнай часткі горада 1998 г. ствараецца новы грамадскі цэнтр каля вуліцы Красоўскага, вядзецца шматпавярховая забудова па вуліцы Чырвонаармейскай. У 1990 — 2000-я г. з'явіліся будынак паліклінікі, фантан па вуліцы Красоўскага, закладзены парк 50-годдзя Перамогі, створаны мікрараён Колас і інш. Зона адпачынку — сквер па вуліцы Савецкай і ўзбярэжжа Дняпра.

Быхаў
Будынак чыгуначнай станцыі

У канцы 20 ст. працавалі Быхаўскае аб'яднанне па вытворчасці і прамысловай пераапрацоўцы агародніны і садавіны, заводы масла і сухога абястлушчанага малака, металавырабаў, ільнозавод, хлебазавод, камбінаты бытавога абслугоўвання, камунальных прадпрыемстваў, міжраённае аб'яднанне «Сельгастэхніка» і раённае «Сельгасхімія», леспрамгас; агульнаадукацыйныя 3 сярэднія і базавая, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 13 дашкольных устаноў, Дом піянераў і школьнікаў, кінатэатр, Дом культуры, 4 бібліятэкі, раённая бальніца, 2 паліклінікі, ветэрынарная лячэбніца; гісторыка-краязнаўчы музей (1979). У 2005 г. ў Быхаве 17 тысяч жыхароў. У горадзе (2005) прадпрыемства харчовай (Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, завод сухога абястлушчанага малака, хлебазавод) і дрэваапрацоўчай галін прамысловасці. Працуюць (2008) гімназія, 4 сярэднія школы, дзіцячы сацыяльны прытулак, школа мастацтваў, 5 дзіцячых садоў, 2 гарадскія, цэнтральная раённая і раённая дзіцячая бібліятэкі, 5 аптэк, Дом быту, пошта, тэлеграф, 2 аддзяленні сувязі і «Белтэлеком». Дзейнічаюць СВК «Валадарскі», раённае спажывецкае таварыства, сумеснае ЗАТ «Агралінк», ветэрынарна-санітарная ўстанова «Быхаўская раённая ветэрынарная станцыя», філіял Рэсп. унітарнага сельскагаспадарчага вытворчага прадпрыемства па племянной справе «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства» па Быхаўскім раёне, раённая дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Есць гасцініца «Днепр». У мікрараёне Колас працуюць аддзяленні сувязі і ААТ «Быхаўрайаграпрамтэхзаб». Помнікі архітэктуры: замак, Троіцкая царква, сінагога. Брацкая магіла: 96 барацьбітоў за савецкую ўладу савецкіх воі-наў і партызан (помнік устаноўлены ў 1958 г.), помнікі землякам, У.І. Леніну, партызанскаму разведчыку піянеру М.С. Казлову, мемарыяльныя дошкі К.І. Арлоўскаму, у гонар воінаў-вызваліцеляў. Радзіма Героя Савецкага Саюза К.І. Арлоўскага, удзельніка рэвалюцыйнага руху У.Я. Бабкова, удзельніка грамадз. вайны ў Беларусі С.С. Кандрацьева. У г.Быхаў нарадзіліся таксама беларуская спартсменка, майстар спорту Беларусі міжнарнароднага класа А.Ю. Панькіна; падпалкоўнік І.І. Важнік, загінуўшы пры выкананні абавязкаў ваеннай службы ў Анголе; воіны-інтэрнацыяналісты М.Ц. Маскалькоў, С.В. Корабаў і І.Я. Міцькоў, якія загінулі ў Афганістане падчас выканання баявога задання (ім пасмяротна нададзены ордэны Чырвонай Зоркі); контр-адмірал, кандыдат ваенна-марскіх навук Н.I. Цырульнікаў.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [250]
Каталог файлаў [99]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [152]
Адукацыя [19]
Спорт [728]
Здарэнні [178]
Грамадства [272]
Эканоміка [11]
Транспарт [81]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [14]
Каляндар
«  Ліпень 2019  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.