Субота, 20.04.2024, 01:22

ВАЛАЧОБНЫЯ (ВАЛАЧЭЎНЫЯ) ПЕСНІ

Галоўная »
ВАЛАЧОБНЫЯ (ВАЛАЧЭЎНЫЯ) ПЕСНІ – від веснавых песень віншавальна-велічальнага характару, з якімі ад хаты да хаты хадзілі і яшчэ мясцінамі ходзяць валачобнікі. Паэтычны жанр вызначаецца прыстасаванасцю да земляробчага календара, узбуджанасцю, радасцю, ярка выяўляе нацыянальную беларускую народную паэзію і культуру. Узбуджэнне ідзе ад веснавога абуджэння зямлі, ад хуткай працы на ёй і спадзявання на новы значны ўраджай.

Большасць валачобных песень скіравана да гаспадара, аратая і сейбіта, абладжвальніка свайго двара, таму да яго выяўлялася падкрэсленая пачцівасць («пане гаспадару», «слаўны муж над мужамі»). Валачобнікі стваралі яго яркі вобраз як рупліўца, разважлівага, клапатлівага пра сям'ю і спагаднага да іншых людзей чалавека – адпаведна, натхнялі яго сустрэць іх, зычліўцаў, ахвотна і шчодра. Калі ўсё адбывалася менавіта так, валачобнікі падказвалі яму розныя «цуды», у якія былі закладзены сялянская назіральнасць па кругазвароце ў прыродзе, біялагічным цыкле раслін, па тэрмінах сяўбы. Зазначалася, што ў гэтым сэнсе вялікае значэнне маюць Благавешчанне (Звеставанне), Юр'е, Мікола, Іван (Купала) і інш.

У песнях да гаспадыні была хвала жаночаму, мацярынскаму пачатку. Яна ўслаўлялася як адданая і мудрая дарадчыца і памочніца мужу, усюды ўвішная працаўніца, клапатлівая маці. Зварот да незамужняй дачкі апяваў дзявочыя цнатлівасць і хараство, жадаў ёй спраўнага жаніха. Песні да нежанатага сына («паніча») жадалі яму хлапцоўскай адвагі, розуму, удаласці як у працоўнай, так і ў ратнай справе. Такім чынам, валачобныя песні мудрыя і гуманістычныя па змесце, выяўляюць шчодрасць і багацце народнай душы. Праца, побыт, пачуцці і думы хлебароба пададзены як высокадухоўныя праявы. Беларуская мова ў песнях пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. Цесна сплеценыя старажытныя і сучасныя пласты і матывы, самы шырокі ўжытак мае імправізацыя, гіпербалізацыя, сімволіка.

Хрысціянскі ўплыў на валачобныя песні нязначны, найчасцей толькі з упамінаннем Хрыста. Найбольш насычана і першародна валачобныя песні ўжываліся ў ХV – ХІХ стст., а ў Заходняй Беларусі, дзе не ўхваляліся атэізм і адрачэнне ад народных традыцый, ажно да 1939 г. Паводле музычнага зместу, валачобныя песні выконваліся сродкамі традыцыйнай каляндарнай песеннай сістэмы, хоць і маюць некаторае адрозненне ад калядных з-за ўскладненняў абходаў на каляды карнавалізаванага характару. Даследчыкі выявілі ў розных рэгіёнах Беларусі і апісалі 4 песенна-меладычныя тыпы валачобных песень, у якіх па-свойму вылучаюцца структуры вершаў, рытм выканання, мелодыя. У сучаснай вёсцы ў большасці ўсе названыя і іншыя адрозненні ў асноўным сумясціліся, абходы набылі жартоўна-гуллівы, тэатралізаваны сэнс, у выніку чаго калядныя і валачобныя песні зблізіліся.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.