ВУГОЛЬНІК (па-народнаму сталькі, дзынкалка) – самагучальны ударны музычны інструмент, сагнуты ў форме трохкутніка стальны прэнт, па якім удараюць тонкім прадоўжным цвіком. Гук неакрэсленай вышыні, адрывісты ці трэмалюючы, звонкі, пяшчотнага тэмбру. Вугольніку ў беларускай народнай музыцы папярэднічала падкова.
Вугольнік Выкарыстоўваўся ў ансамблях са скрыпкай, гармонікам, цымбаламі, дудкай і бубнам як рытмічна-каларыстычны інструмент у час танцаў, вясельных маршаў. Найбольш ужываўся на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, у асобных мясцовасцях Міншчыны і Гродзеншчыны. У цяперашні час сустракаецца рэдка.