Чацвер, 28.03.2024, 11:23

ВЫДАВЕЦКАЯ СПРАВА

Галоўная »
ВЫДАВЕЦКАЯ СПРАВА – галіна культуры і вытворчасці, звязаная з падрыхтоўкай, выпускам і распаўсюджваннем кніг, часопісаў, газет, выяўленчых матэрыялаў і іншых відаў друкаванай прадукцыі. Узровень выдавецкай справы вызначаецца матэрыяльнымі, сацыяльна-палітычнымі і культурнымі ўмовамі жыцця грамадства. Да кнігадрукавання існавала рукапісная кніга. Вынаходніцтва I.Гутэнбергам (сярэдзіна XV ст.) еўрапейскага спосабу кнігадрукавання адкрыла новую эпоху ў гісторыі кнігі. Выдадзеныя ў Еўропе да 1501 г. кнігі называюць інкунабуламі, кнігі 1-й паловы XVI ст. – палеатыпамі. Выдавецтва як прадпрыемства па выпуску друкаванай прадукцыі аформілася ў XVI ст. З развіццём у XIX ст. тэхнічнай базы пачалася спецыялізацыя выдавецкіх і паліграфічных прадпрыемстваў.

Першыя славянскія друкаваныя кнігі кірыліцай, выдадзеныя ў Кракаве ў XV ст. Беларускі першадрукар і асветнік Ф.Скарына першую друкаваную кнігу на царкоўна-славянскай мове «Псалтыр» выдаў у Празе 6 жніўня 1517 г., у 1517 – 1519-х гг. – 22 кнігі Бібліі, як лічаць даследчыкі (С.Аляксандровіч і інш.), на мове, набліжанай да мовы старажытнага беларускага пісьменства, са сваімі прадмовамі і пасляслоўямі, дзе беларуская мова праявілася найбольш ярка. У пачатку 1520-х г. Ф.Скарына заснаваў друкарню ў Вільні – першую ў ВКЛ і выдаў «Малую падарожную кніжыцу» (1522) і «Апостал» (1525). Гэтыя кнігі вызначыліся дасканалай тэхнікай друку і майстэрскім афармленнем, выразным і прыгожым шрыфтам, шматлікасцю гравюр. Яны плённа паўплывалі на справу і рускага, і ўкраінскага кнігадрукавання. На беларускіх землях друкарскі станок упершыню з'явіўся на пачатку 1550-х г. у Брэсцкай друкарні, першыя беларускія кнігі выдадзены Сымонам Будным у Нясвіжы – «Катэхізіс», «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (1562). У Расіі і на Украіне кнігадрукаванне пачалося з сярэдзіны XVI ст. з дапамогай нашых землякоў («Апостал», які выдалі I.Фёдараў і П.Мсціславец у Маскве ў 1564 г.).

У 2-й палове XVI – XVII стст. кнігі на старабеларускай, царкоўна-славянскай, польскай і лацінскай мовах выдаваліся ў Заблудаве (1568 – 1570 гг.), Лоску (1574 – 1589 гг.), Цяпіне (каля 1580 г.), Любчы (1612 – каля 1656 гг.), Магілёве (1636 – 1638 гг.), Куцейне (1630 – 1632, 1637 – 1654), Буйнічах (1635), Бялынічах, Ашмянах Мураваных (1615) і інш. Кнігі на старабеларускай мове выдаваліся і ў Вільні: у друкарні Мамонічаў (1574 – 1623 гг.), у брацкай друкарні (1596 – 1610 гг.), у 1611-м г. да сярэдзіны XVII ст. працавала ў Еўі (цяпер Літва). Зразумела, большасць кніг мела рэлігійны характар. Сярод свецкіх кніг было нямала падручнікаў, слоўнікаў, календароў. У Любчанскай друкарні на лацінскай і польскай мовах выходзілі Творы антычных аўтараў, зборнікі прымавак (С.Рысінскі, які сабраў і выдаў 1800 беларускіх прыказак, параўнаў іх з адпаведнымі выслоўямі на лацінскай і іншых мовах), кнігі па медыцыне і ветэрынарыі. Тагачасныя выданні каштавалі досыць дорага, не кожны мог іх набыць, але вялікая колькасць іх усё ж сведчыць, што яны разыходзіліся шырока і што сярод нашага люду было нямала чытачоў іх. Кнігадрукаванне спрыяла развіццю асветы сярод нашых продкаў, дало штуршок развіццю старажытнай беларускай літаратуры. Ды, на жаль, гэты плённы працэс у XVI ст. (у 1696 г. афіцыйна была забароненая беларуская мова ў справаводстве) пачаў тармазіцца пад націскам паланізацыі, а пазней – русіфікацыі.

У XVIII ст. друкарні ў Гродне, Магілёве, Мінску, Нясвіжы, Пінску, Полацку, Слоніме, Супраслі, Шклове працягвалі выдаваць рэлігійную, мастацкую і навукова-папулярную літаратуру. У Гродне ў 1776 – 1783 гг. выходзіла «Газета Гродзенская» – першае перыядычнае выданне на землях сённяшняй Беларусі. Пасля далучэння ў канцы XVIII ст. Беларусі да Расійскай імперыі тут, у нас, разгарнуліся рускамоўныя выданні з заменай старажытных шрыфтаў на тагачасныя прынятыя ў Расійскай імперыі, што ўсё разам узятае павінна было ў нашых землякоў, асабліва ў нашчадкаў, скасаваць нават зрокава гістарычную памяць пра старажытную беларускую культуру і перавучыць іх на новую, царскаімперскую, дзеля чаго асабліва клапаціўся гісторык М.Карамзін. Паводле яго, каб «перавучыць» беларусаў, трэба было вельмі простае дзяржаўнае рашэнне: на іхняй мове не выдаваць ні газет, ні кніг! Паступова самі забудуцца, што яны – Народ, які меў сваю Дзяржаву! Звыкнуцца, што яны – усяго толькі «ветвь!» Пазней улады ў буржуазнай Польшчы прыдумаюць для мільёнаў беларусаў, якія трапілі ў яе склад, іншы тэрмін: «усходнія крэсы Рэчы Паспалітай!» Зразумела, тыя, хто быў датычны да выдавецкай справы, з такой несправядлівасцю не мог змірыцца.

На самым пачатку XIX ст. Ян Баршчэўскі піша беларускамоўны верш. Нідзе не можа яго надрукаваць, але цяга да беларускамоўнасці засведчана. У першай чвэрці таго стагоддзя дзядзька В.Дуніна-Марцінкевіча Богуш-Сестранцэвіч, каб ажывіць беларускую справу, стварае падручнік беларускай граматыкі (не выдадзены, знішчаны або недзе глыбока схаваны). Паўстае В.Дунін-Марцінкевіч і становіцца першым прафесійным беларускім пісьменнікам. Смяяліся і царскія чыноўнікі, і польскамоўная шляхта з яго «мужыцкай» літаратурнай творчасці ды прызналі: і творчасць таленавітая, і беларуская мова глыбінная! А неўзабаве гэта ў Парыжы ўсёй культурнай Еўропе сцвердзіць беларуска-польскі геній Адам Міцкевіч, які не прызнае ні паланізацыю, ні русіфікацыю беларускага народа!

У XIX ст. у Беларусі і за мяжой Расійскай імперыі зрэдку ўдавалася выдаваць беларускамоўныя кнігі (за свой кошт, а таксама са святым падманам, што гэта, маўляў, балгарамоўныя творы, бо тады ў расійскіх панславістаў быў лямант пра «спасение дружественного, братского славянского болгарского народа»). Ды выдавецкая справа працягвалася. Перадавыя польска- і рускамоўныя грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, вучоныя, пісьменнікі ўсяляк спачувалі, памагалі ўстаяць беларускаму народу, як падкрэсліваў геній рускай і сусветнай літаратуры А.Пушкін, «издревле нам родному»...

У 1-й палове XIX ст. на беларускай мове выдаваліся толькі паасобныя творы В.Дуніна-Марцінкевіча, рэлігійная літаратура. Напярэдадні і ў час паўстання ў 1863 – 1864 гг. на Беларусі пашырыліся агітацыйныя выданні рознага ідэйна-палітычнага характару. К.Каліноўскі пачаў нелегальна выдаваць на беларускай мове «Мужыцкую праўду». Каб зменшыць і аслабіць выданні нелегальнай літаратуры, царскі ўрад на нейкі час дазволіў выданне асобных беларускамоўных кніг на бяскрыўдную тэматыку, таму вострыя ў палітычных адносінах рэчы маглі быць выдадзены толькі за мяжой (Львоў, Тыльзіт, Лондан; свае кнігі Францішак Багушэвіч выдаў у Кракаве і Познані).

Рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. паспрыяла аднаўленню беларускамоўнай выдавецкай справы: у Пецярбургу ў 1906 – 1914 гг. дзейнічала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», там жа ў 1910 – 1914-м – выдавецтва А.Грыневіча, у Вільні ў 1906 г. пачала выходзіць першая легальная беларускамоўная газета «Наша доля», пасля яе закрыцця – «Наша Ніва», а ў 1913 г. пачало дзейнічаць Беларускае выдавецкае таварыства. У Мінску да Першай сусветнай вайны працавалі кніжныя таварыствы «Мінчук», «Лучынка», «Вясёлка». Фінансавыя цяжкасці, цэнзурныя рэпрэсіі, адсутнасць школы на роднай мове і іншае стрымлівала працэс выдавецкай справы. Ён значна палепшыўся пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 г. і ўтварэння БНР у 1918-м г. , БССР – у 1919-м г., калі ў рэспубліцы з'явілася шмат газет, часопісаў, выдавецтваў на беларускай мове і пачало выдавацца шмат самых розных кніг. Напрыклад, калі ў нялёгкім 1918 г. было выдадзена ўсяго 13 брашур і кніг, то ў 1920-м г. – 125, у 1930-м г. – 1323, у 1983 г. – 3263. Беларуская мастацкая, навуковая і навукова-папулярная кніга хутка заваявала шырокую папулярнасць у былым СССР, а пасля і ва ўсім свеце, пачала пастаянна перакладацца на самыя розныя яго мовы. Сусветную вядомасць набылі беларускія пісьменнікі Я.Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і М.Гарэцкі, М.Танк і А.Куляшоў, В.Быкаў, I.Мележ і Я.Брыль, чые творы пастаянна перавыдаюцца ў Беларусі і ў іншых краінах. На сённяшні дзень амаль у 50 тамах выдадзены беларускі фальклор. Важную ролю ў выданнях мастацкай і навуковай літаратуры адыгрывае выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». Апошняе дзесяцігоддзе актыўна дзейнічаюць і недзяржаўныя выдавецтвы.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.