Аўторак, 16.04.2024, 18:55

ГАНЧАРСТВА

Галоўная »
ГАНЧАРСТВА – вытворчасць ганчарных вырабаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога прызначэння з гліны. Назва паходзіць ад слова «горн» («горан», «гарно»). Зарадзілася ў раннім неаліце, у спецыялізаванае рамяство вылучылася са з'яўленнем ганчарнага круга (на Беларусі ў 10 ст.). Першапачаткова вырабы ляпілі ад рукі з фармовачнай масы без абпальвання. Паступова асноўным кампанентам фармовачнай масы стала гліна, у якую для павелічэння трываласці дадавалі сухую траву, лубяныя валокны, тоўчаныя ракавіны, жарству, пясок.

ганчарства

З 19 ст. фармовачную масу рабілі з аднаго або двух-трох розных гатункаў гліны шляхам працяглай пластычнай апрацоўкі (нагамі, рукамі, доўбняй, таркай, стругам, зрэзкай; глядзіце ў артыкуле Ганчарныя прылады працы). Падрыхтаваную масу дзялілі на невялікія кавалкі, дастатковыя для вырабу адной пасудзіны (камякі, галкі, галушкі, грудачкі, клёцы, сыскі). Фармавалі пасудзіну на нажным або ручным ганчарным крузе. Спосабы фармоўкі: выцісканне (выбіванне), налеп (пераважна кальцавы), выцягванне або спалучэнне спосабаў. Абпальванне ў ганчарным горне (зрэдку ў хатняй печы) складалася з угравання (акурвання, апаркі, падкуркі) і дагонкі (разгонкі).

Для засцерагальна-дэкаратыўнай апрацоўкі выкарыстоўвалі механічны ці хіміка-тэрмічны спосабы, у залежнасці ад чаго кераміка падзялялася на гартаваную, паліваную, чорназадымленую.

У эпоху Кіеўскай Русі асноўнымі цэнтрамі ганчарства былі гарады Полацкай; Тураўскай і Смаленскай зямель, Панямоння. Яго развіццё ў перыяд позняга феадалізму звязана з ажыўленнем эканамічнага і сацыяльна-палітычнага жыцця, утварэннем рамесніцкіх цэхаў. У 16 — 18 ст. цэхі, у якія ўваходзілі ганчары, існавалі ў Гродне, Стрэшыне, Брэсце, Мінску, Полацку, Камянцы, Капылі, Міры, Шклове, Слуцку, Клецку, Віцебску, Дзісне. Вядомымі цэнтрамі ганчарства былі таксама Крычаў, Копысь, Крэва, Магілёў, Лагойск, Дуброўна і інш.

Выраб глінянага посуду быў пашыраны і ў шматлікіх вёсках. Сведчаннем высокага ўзроўню ганчарства быў вываз керамікі на продаж за межы Беларусі. У 17 ст. беларускія майстры-кафляры былі запрошаны ў Маскоўскую дзяржаву і прымалі ўдзел у аздабленні Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве, надбрамнай царквы Андрэеўскага манастыра, Церамнога палаца і царквы Спаса за Залатой рашоткай у Крамлі і інш.

У перыяд капіталістычных адносін ганчарства развівалася ў дзвюх эканамічных формах — дробна-таварнай (у вёсках было пабочным ад земляробства промыслам і базіравалася на сямейнай працы, а ў гарадах і мястэчках спалучалася з наёмнай) і мануфактурнай (не атрымала значнага пашырэння, майстэрні з падзелам працы існавалі ў Барысаве, Копысі, Мінску). У 19 — пачатку 20 ст. (асабліва на поўначы і ў цэнтральнай паласе Беларусі) існавала шырокая сетка цэнтраў ганчарства. Пераважалі малыя (менш за 10 майстроў) і сярэднія (10 — 30 майстроў), сустракаліся буйныя (больш як 30 майстроў). Вядомыя цэнтры ганчарства таго часу — Бабінавічы, Бабруйск, Барысаў, Благаўка, Віцебск, Глыбокае, Горкі, Дарасіно, Дзісна, Дуброўна, Івянец, Касцюковічы, Копысь, Крычаў, Крэва, Ліцвінавічы, Магілёў, Мінск, Мір, Пагост-Загародскі, Поразава, Ракаў, Ружаны, Сіняўка, Чашнікі, Экімань і інш. Найбольш буйнымі цэнтрамі ганчарства былі Гарадная і Пружаны, у кожным з якіх налічвалася больш за 200 майстроў. У канцы 19 — пачатку 20 ст. ганчарствам на Беларусі займалася каля 4 — 4,5 тыс. чалавек.

Беларускія ганчары поўнасцю забяспечвалі сваімі вырабамі насельніцтва Беларусі. Вясковыя рамеснікі прадавалі або абменьвалі іх на збожжа ў навакольнай мясцовасці; на значна большай адлегласці збывалі свой тавар гарадскія і местачковыя майстры. Многія карысталіся паслугамі гандляроў-перакупшчыкаў, якія вывозілі вырабы і за межы Беларусі (напрыклад, гараднянскую кераміку — у Варшаву, Вільню, Кіеў). З аптовым продажам посуду звязана ганчарная сістэма мер. Некаторыя рамеснікі ў пошуках рынку збыту пераязджалі працаваць у тыя населеныя пункты, дзе не было канкурэнтаў. Так узнікалі новыя, як правіла, часовыя цэнтры ганчарства. Міграцыя майстроў з Віцебска, Івянца, Міра, Ракава, Янавіч і інш. цэнтраў ахоплівала шырокую зону, уключаючы суседнія раёны Літвы і Расіі.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі былі створаны ганчарныя арцелі. Выраб глінянага посуду ў якасці дапаможнага промыслу існаваў у некаторых калгасах. У 1930-я г. саматужная ганчарная вытворчасць прыкметна скарацілася, а ў многіх месцах зусім спынілася. У Заходняй Беларусі ў перадваенны перыяд шмат ганчароў займаліся промыслам індывідуальна. У Гродне, Дзісне, Жалудку, Івянцы, Ракаве і інш. працавалі майстэрні, у якіх выкарыстоўвалася наёмная праца.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў БССР былі адноўлены старыя і адкрыты новыя ганчарныя арцелі, якія ў 1960 г. пераўтвораны ў дзяржаўныя прадпрыемствы.

У наш час ганчарная вытворчасць у традыцыйнай форме захавалася ў в.Гарадная (Столінскі р-н), г.Дрыбін, Новае Вільянова (Шклоўскі р-н), г.п.Поразава (Свіслацкі р-н), Ружаны (Пружанскі р-н), г.Браславе і інш.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1388]
Здарэнні [464]
Грамадства [467]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.