Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Пятніца, 29.03.2024, 15:45 | ||||||||||||||||||||||||||||||||
ГАРАДЗІШЧАГалоўная »ГАРАДЗІШЧА — гарадскі пасёлак, цэнтр пасялковага Савета, за 25 км на поўнач ад Баранавіч, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Баранавічы, на р.Сэрвач (прыток Нёмана). На аўтадарозе Баранавічы — Навагрудак. Насельніцтва 2,5 тысяч чалавек (2008). Па пісьмовых крыніцах маёнтак Гарадзішча вядомы з 1413 г. як дзяржаўная (велікакняжацкая) уласнасць. У 1494 г. заснаваны касцёл. Да 1499 г. знаходзілася ва ўладанні князя С.Бельскага. У 1501 г. вялікі князь ВКЛ Аляксандр падараваў маёнтак сваёй жонцы Алене Іванаўне. У інвентары Кобрынскага староства 1597 г. пазначаны як цэнтр воласці. Гарадзішча (агульны выгляд) У канцы 16 ст. Я.Адахоўскі пабудаваў царкву святога Іллі і выдзеліў ёй селішча Козьеўскае і Іванаўскі Луг. У 1640 г. Каменскія пабудавалі мураваны касцёл. У 16 - 18 ст. Гарадзішча належала Неміровічам, Хадкевічам, Гастомскім, Пацам (да 1831 г.) і іншым. У 1752 г. атрымала дазвол на правядзенне кірмашоў два разы на год. Тут размяшчаліся палац з садам і паркам. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) мястэчка Гарадзішча ў складзе Расійскай імперыі, з 1795 г. цэнтр воласці Навагрудскага павета. З 1831 г. казённая ўласнасць. У 1866 г. касцёл пераўтвораны ў праваслаўную царкву. У 1886 г. ў мястэчку налічвалася 60 двароў, 504 жыхары, працавалі 2 праваслаўныя царквы, народнае вучылішча (адчынена ў 1863), капліца, сінагога, 4 малітоўныя дамы, багадзельня, конная паштовая станцыя, цагляны завод, бровар, валасное праўленне, адбываліся 2 кірмашы на год, працаваў урач. У 1909 г. ў мястэчку і маёнтку 246 двароў, 2942 жыхары, дзейнічалі пошта з тэлеграфам, земскае народнае вучылішча (у 1901 - 96 вучняў, з якіх толькі 9 дзяўчынак), аптэка, лячэбніца, валасное праўленне, 2 праваслаўныя царквы, сінагога, 5 малітоўных дамоў, цагляны завод, больш за 10 лавак, 2 кірмашы на год, багадзельня, конная паштовая станцыя. Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Гарадзішчанскай гміне Навагрудскага павета, 165 двароў, 1021 жыхар. У 1937 г. ў мястэчку адбылася буйная забастоўка рабочых фанернага завода (удзельнічала каля 600 чалавек). Працоўныя патрабавалі павелічэння зарплаты, паляпшэння ўмоў працы і быту, аднаўлення на працы. Патрабаванні рабочых былі часткова выкананы. Германскія вайсковыя могілкі Першай сусветнай вайны У 1939 г. ў БССР, з 15.01.1940 г. гарадскі пасёлак, з 01.01.1940 г. да 25.12.1962 г. цэнтр Гарадзішчанскага раёна Баранавіцкай, з 08.01.1954 г. Брэсцкай абласцей. У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 г. да 10.07.1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія загубілі ў Гарадзішчы каля 4 тысяч савецкіх грамадзян. Паводле перапісу 1959 г. 1694 жыхары. Царква Святога Крыжа У 1998 г. - 2630 жыхароў, ДЭУ і ПМК-5, маслазавод, хлебапякарня, сталярны цэх, электрападстанцыя, аддзяленне сувязі, Дом быту, лясніцтва, аўтастанцыя, ветлячэбніца, бальніца, аптэка, сярэдняя школа, школа-інтэрнат, амбулаторыя, аддзяленне ашчаднага банка, Дом культуры, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, яслі-сад, 2 масавыя бібліятэкі. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Помнікі: археалогіі — гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі, архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1764), касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (17 ст.). |
|