Чацвер, 25.04.2024, 15:21

ГЛУСК

Галоўная »
ГЛУСК — гарадскі пасёлак, цэнтр раёна, 170 км ад Магілёва, 23 км ад чыгуначнай станцыі Ратміравічы на лініі Бабруйск — Акцябрскі, на р.Пціч, вузел аўтадарог на Бабруйск, Старыя Дарогі, Любань, Акцябрскі. 7,8 тысяч жыхароў (2006).

Глуск
Герб гарадскога пасёлку

Тэрыторыя сучаснага Глуска была заселена яшчэ ў глыбокай старажытнасці, калі тут, на берагах Пцічы, каля 7 тысячагоддзяў назад пасялілася абшчына мезалітычных паляўнічых, рыбакоў і збіральнікаў. Існавала паселішча таксама і ў познім каменным і ў бронзавым вяках (3-я — 1-я палова 1-га тысячагоддзя да н.э.). У раннім жалезным веку існавалі 2 раннеславянскія паселішчы на паўднёвай ускраіне і ўмацаванае гарадзішча ў цэнтры пасёлка. Гарадзішча і прылеглую тэрыторыі ў эпоху Кіеўскай Русі засялялі дрыгавічы.

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 14 ст. як вялікакняжацкі «двор», а ў 15 ст. як уладанне князёў Гальшанскіх-Дубровіцкіх. Тут знаходзіўся замак Глуск Дубровіцкі. Вакол быў земляны вал, а побач — пасады (за сучасным цэнтральным скверам і вул.Жыжкевіча). У 1480 г. Ю.С. Гальшанскі адпісаў Глускую воласць Кіева-Пячэрскаму манастыру. 20.12.1525 г. ўладальнік мястэчка князь Ю.І. Дубровіцкі атрымаў ад вялікага князя і караля Жыгімонта Старога прывілей на кірмаш. Ва «Уставе на валокі» (1557 г.) ў ліку іншых пазначана Глуская воласць. Паступова Глуск ператвараўся ў гандлёвы цэнтр. У 1566 г., пасля смерці апошняга з князёў Гальшанскіх, у валоданні Палубінскіх, затым Хадкевічаў і Чартарыйскіх. У 16-17 ст. ў Навагрудскім ваяводстве. ВКЛ, у 1571 г. цэнтр маёнтка (124 двары, замак, карчма, 12 лавак). У 1628 г. пабудавана праваслаўная царква. На мяжы 16-17 ст. на месцы старога драўлянага замка ўзведзены новы, умацаваны валамі, 5 бастыёнамі, глыбокім шырокім ровам; ён меў гандлёвую плошчу, але структурна не ўваходзіў у асноўнае планіровачнае ўтварэнне паселішча. Гэта быў ізаляваны самастойны комплекс, які ў сярэдзіне 18 ст. набыў рысы абарончай замкава-палацавай рэзідэнцыі. У 1677 г. ў ім пабудаваны мураваны бернардзінскі касцёл. Панарама Глуска значна ўзбагацілася.

Асноўным заняткам насельніцтва былі жывёлагадоўля, земляробства і гандаль. Уладальнік Глуска К.Палубінскі пісаў у 1628 г., што частымі ў мястэчку былі «бунты і разрухі», таму што ён хацеў «празбою і гразбою» прывесці жыхароў да уніі. У 1638 г. ў Глуску 7 вуліц, 332 участкі зямлі. У 1646 г. граматай караля Уладзіслава IV пацверджаны дазвол на штогадовы кipмаш. У 1648 г. Глуск быў у віры антыфеадальнай барацьбы на Украіне і Беларусі. У кастрычніку 1648 г. яго занялі паўстанцы — беларускія сяляне і ўкраінскія казакі. З 1672 да 1677 г. ў Глуску жыў беларускі гравёр А.Тарасевіч, які меў тут майстэрню. Ім былі створаны гравюры каляндарнага цыкла, тытульны ліст і 40 ілюстрацый да кнігі «Разарыум».

У 2-й палове 17 ст. ўладанне Радзівілаў. У Паўночную вайну 1700-21 гг. моцна пацярпеў ад шведаў, якія ў 1706 г. спалілі 2 трэці дамоў. У 1727 г. 673 жыхары, 36 лавак, у сярэдзіне 18 ст. 320 двароў. Пабудовы размяшчаліся на 12 вуліцах, сярод якіх галоўныя з'яўляліся дарогі на Мінск, Слуцк, Мазыр, Бабруйск. Кампазіцыйным цэнтрам з'яўлялася 12-вугольная гандлёвая плошча, дзе размяшчаліся драўляныя Уваскрэсенская і Троіцкая цэрквы, 47 крам і 25 камор, якія ўтваралі замкнёныя гандлёвыя рады. Прадмесце Карпілаўка было самастойным паселішчам, спланаваным на перакрыжаванні 2 дарог. Знойдзены ў 1960 г. ў Глуску манетны скарб (76 білонавых і сярэбраных манет Рэчы Паспалітай, Прусіі, Прыбалтыкі 17-18 ст.) сведчыць аб значных гандлёвых сувязях мястэчка. У 1775 г. ў выніку спусташальнага пажару жыхары пакінулі мястэчка. Варшаўскі сейм з мэтай вярнуць людзей у Глуск вызваліў іх на 10 гадоў ад подацей. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, цэнтр воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні, уладанне графа І.Юдзіцкага. У 1798 г. 143 двары, 1336 жыхароў, замак, 2 касцёлы, 3 царквы, гаспадарскі двор, 48 лавак, паштовая станцыя. Працаваў медналіцейны завод. У час нашэсця Напалеона праз Глуск у ліпені 1812 г., адступала 2-я руская армія на чале з Баграціёнам. Французы трымалі тут пікет, які ўдзельнічаў у аблозе Бабруйскай крэпасці. У верасні 1812 г. пад Глускам рускі корпус, пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Эртэля, разбіў войскі генерала Дамброўскага, якія служылі французам. У 1818 г. Глуск уяўляў сабой рэгулярную, дробнаквартальную горадабудаўнічую структуру цэнтрам якой з'яўлялася квадратная гандлёвая плошча з гандлёвымі радамі ў выглядзе пастаўленых у форме карэ драўляных карпусоў. Плошча была звязана мастом з умацаваным замкам. 5-гранная тэрыторыя якога выступала за межы гарадской забудовы ў бок р.Пціч. Архітэктурнымі дамінантамі забудовы былі 2 драўляныя царквы (на тэрыторыі замка і на поўначы ад плошчы). На паўднёва-ўсходнім баку меўся мост праз Пціч. У 1861 г. 430 двароў, 3278 жыхароў, мураваны касцёл і кляштар, 2 драўляныя царквы, 5 малітоўных школ. У 1-й чвэрці 19 ст. ў валоданні Бжастоўскіх. Расла гандлёва-прамысловая дзейнасць. У 1885 г. дзейнічалі 5 скураных заводаў, 82 лаўкі, вырабляліся палотны «спарты» з асінавых стружак, ажыццяўлялася перагонка дзёгцю, смала- і вінакурэнне. Паводле перапісу 1897 г. 675 двароў, 4778 жыхароў, 3 медаварні, 2 народныя вучылішчы, царкоўна-прыходская школа, лячэбніца, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 125 лавак, 9 заезных дамоў. У 1907 г. 870 двароў, 6680 жыхароў.

Глуск
Касцёл бернардынцаў (страчаны)

У студзені 1918 г. мястэчка захоплена легіянерамі Доўбар-Мусніцкага. Члены рэўкома пайшлі ў падполле. Быў сфарміраваны партызанскі атрад (звыш 300 чалавек). У лютым 1918 г. Глуск захапілі войскі кайзераўскай Германіі. Найбольш буйным на тэрыторыі Глускай і Рудабельскай валасцей быў партызанскі атрад пад кіраўніцтвам А.Р. Салаўя (800 чалавек). Для каардынацыі дзеянняў партызанскіх атрадаў меўся штаб на чале з С.Л. Вілюгам. 28.11.1918 г. воіны Чырвонай Арміі разам з партызанамі вызвалілі Глуск. У 1918 г. ўведзена ў дзеянне электрастанцыя на 20 кВт. У жніўні 1919 г. Глуск акупіраваны польскімі войскамі. Зноў арганізуюцца партызанскія атрады. 12.07.1920 г. вызвалены часцямі 2-й дывізіі 16-й арміі. У 1921 г. пачалі дзейнічаць тэлеграф, аптэка, у 1922 г. — 7-гадовая школа (у 1929 г. 369 вучняў). 04.05.1922 г. створана сельскагаспадарчае таварыства, якое ў 1924 г. аб'ядноўвала 34 гаспадаркі, у 1923 г. меліярацыйнае, у 1924 г. — крэдытнае таварыствы. У былым маёнтку Глуша пачаў працаваць агранамічны ўчастак. У 1922 г. адкрыты хата-чытальня, ветэрынарны ўчастак, у 1923 г. бальніца. На дапамогу галадаючым Паволжа ў 1922 г. ў Глускай Богаяўленскай царкве былі ўзяты сярэбраныя чаша, дыска, лжыца, крыж — усяго срэбра вагой 3 фунты 88 залатнікоў, у Глускай Уваскрэсенскай царкве — падобнае ж начынне агульнай вагой 4 фунты 64 залатнікі 48 долей. З 17.07.1924 г. цэнтр раёна Бабруйскай акругі, налічваў 4600 жыхароў. 31.07.1925 г. створана спажывецкае таварыства. У 1926 г. тут давала канцэрты і дэманстравала свае пастаноўкі трупа Галубка. З 1927 г. дзейнічала метэаралагічная станцыя. У 1928 г. 755 гаспадарак, 538 кустароў якія потым аб'ядналіся ў арцелі. З 1929 г. дзейнічалі Народны дом, рабоча-сялянскі клуб, Дом селянна. У сярэдзіне 1920-х г. з мястэчка вылучаны пас.Міхалёўка. У 1928 г. пачала дзейнічаць невялікая ўстаноўка па выпрацоўцы электраэнергіі, а ў 1932 г. здадзена ў эксплуатацыю электрастанцыя магутнасцю 20 кВт. З прадпрыемстваў найбольш значнымі былі паравы і вадзяны млыны, электрастанцыя, стужкавая арцель «Спарта» (269 рабочых), абутковая (57 рабочых) і кравецкая (70 рабочых) арцелі. З лістапада 1930 г. выходзіла раённая газета «Камунар Глушчыны». У 1932 г. створана МТС (у 1938 г. 56 трактароў і шмат іншай тэхнікі). У 1936 г. пабудавана электрастанцыя на 44 кВт, дзейнічалі паравы млын, леспрамгас, прадукцыяй якога забяспечваліся новабудоўлі Беларусі і Украіны, РСФСР. У 1932 г. здадзены ў эксплуатацыю радыёвузел (у 1933 г. 127, у 1938 г. 322 радыёкропкі). З 1938 г. rapадскі пасёлак. У 1939 г. 5125 жыхароў, сярэдняя і пачатковая школы.

Глуск
Манастыр Базыльянаў Беразвецкі

У Вялікую Айчынную вайну 27.06.1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, але супраціўленне акупантам працягвалася. У ліпені тут вяла баі Самара-Ульянаўская дывізія пад камандаваннем генерала К.М. Галіцкага, якая трапіла ў акружэнне. Кавалерыйская група генерал-палкоўніка А.І. Гарадавікова прарвалася ў варожы тыл і вызваліла Глуск, але пасля цяжкіх баёў вымушана была адступіць. Разгортваўся партызанскі рух. На базе знішчальнага батальёна быў створаны партызанскі атрад, які ўзначаліў У.Ц. Шантар. У ліпені 1941 г. быў сфарміраваны Глускі партызанскі атрад (камандзір М.С. Марціновіч, камісар A.M. Кавалёнак). Глускі падпольны райком КП(б)Б, створаны 04.08.1943 г., базіраваўся ў 225-й і 100-й партызанскіх брыгадах. Выходзіла падпольная раённая газета «Сацыялістычная вёска» (рэдактар С.Ф. Шумскі). Вызвалены Глуск 26.06.1944 г. войскамі 28-й арміі 1-га Беларускага фронту пры ўзаемадзеянні з партызанамі. У баях за гарадскі пасёлак вызначыліся воіны батальёна І.М. Філіпоўскага (удастоены звання Героя Савецкага Саюза). У канцы ліпеня 1944 г. пачалі функцыяніраваць 2 электрастанцыі, 2 паравыя млыны, 2 лесапільні, ваўначоска, сукнавальня. 15.08.1944 г. аднавілі працу гарбарны завод, раённая бальніца, амбулаторыя, аптэка, затым Глуская МТС, лясніцтва. З 20.09.1944 г. ў Бабруйскай, з 08.01.1954 г. ў Мінскай, з 23.01.1960 г. ў Магілёўскай абласцях. З 25.12.1962 г. да 30.07.1966 г. ў Бабруйскім раёне. Tэрыторыя гарадскога пасёлка ў 1955 г. склала 1,4 км2. У 1959 г. 4326 жыхароў. У 1956 г. пабудаваны плодаагароднінны камбінат, у 1971 г. — масласырзавод, у 1975 г. — мэблевая фабрыка. Дзейнічаюць 4 дзіцячыя сады, 3 сярэднія школы і школа-інтэрнат, дзіцячая школа мастацтваў, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, цэнтр пазашкольнай работы, кінатэатр, стадыён, Дом культуры, раённая бібліятэка, бальніца, паліклініка, пошта, аддзяленне ашчаднага банка, 2 аптэкі, 3 магазіны, сталовая, хлебакамбінат, гасцініца. Магіла ахвяр фашызму. Мемарыяльны комплекс землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, помнік двойчы Герою Савецкага Саюза С.Ф. Шутаву. У 1965 г. ўведзена ў дзеянне аўтаматычная тэлефонная станцыя. Выдаецца раённая газета «Радзіма», дзейнічае раённае радыёвяшчанне. Свята-Богаяўленская царква (1998).

Глуск
Богаяўленская царква

Праект генплана гарадскога пасёлка распрацаваны Беларускім цэнтральным навукова-даследчым інстытутам горадабудаўніцтва ў 1974 г. Яго карэкціроўка ажыццёўлена ў 1983 г. Планіровачная структура падпарадкавана накірунку ракі. Нізкая пойма расчляняе пасёлак на паўночны і паўднёвы раёны. У паўночным раёне размешчаны асноўны жылы фонд і адміністрацыйна-гаспадарчы цэнтр, у паўднёвай — прамысловасць і частка жылой забудовы. Вулічная сетка ў асноўным прамавугольная, падзелена на дробныя кварталы. Уздоўж ракі размешчана галоўная вул.Кірава, да якой дапасуецца шэраг паралельных вуліц (Вялюгі, Пралетарская), аб'яднаных завулкамі. Цэнтральная частка (вул.Кірава) забудавана 2-5-павярховымі мураванымі дамамі. Вакол цэнтральнай плошчы склаўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Катэджная мураваная забудова склалася пры выездзе з гарадскога пасёлка па вул.Кірава. Астатняя забудова пераважна драўляная, сядзібнага тыпу. Найбольш спрыяльны напрамак развіцця гарадскога пасёлка — паўночны, уздоўж р.Пціч, у бок в.Калацічы.


Раскопкі замчышча

Радзіма беларускага паэта Я.Бобрыка (памёр у блакадным Ленінградзе), доктара эканамічных навук І.Л. Акуліча, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі В.К. Іванова, беларускага мастака Г.Ф. Сурмы, доктара тэхнічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Я.А. Райхмана, беларускага гравёра А.Тарасевіча. Ганаровымі грамадзянамі Глуска з'яўляюцца: А.М. Валошын, А.У. Глаз, С.І. Грахоўскі, І.М. Трышын, К.Г. Кавалёў, П.С. Кітчанка, С.М. Крывашэін, А.В. Львоў, П.І. Мішарын, У.Ф. Раманоўскі, Н.Р. Рафіеў П.І. Сіненка, В.У. Шчэцька, У.К. Якавенка.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.