БОРКІ
БОРКІ (Борки - русс.) — вёска ў складзе Любашаўскага с/с, за 7 км на паўночны захад ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Ганцавічы на лініі Лунінец — Баранавічы. 150 двароў, 237 жыхароў (14.10.2009 г.).
Паводле перапісу 1897 г. вёска Хатыніцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні, 17 двароў, 271 жыхар, працаваў хлебазапасны магазін. У 1909 г. 43 двары, 328 жыхароў.
З 1921 г. ў складзе Польшчы, вёска Хатыніцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства, 69 дамоў, 407 жыхароў. З 1939 г. ў складзе БССР, з 1940 г. вёска Агарэвіцкага (з 1954 Любашаўскі) с/с Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці. У 1940 г. 158 двароў, 587 жыхароў.
У Вялікую Айчынную вайну з 30.06.1941 г. па 08.07.1944 г. вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 12.07.1942 г. фашысцкія карнікі спалілі ў Борках 8 двароў і загубілі 61 жыхара. На франтах вайны прапалі без вестак ці памерлі ад ран 20 воінаў-аднавяскоўцаў.
З 08.01.1954 г. у Брэсцкай вобласці, з 25.12.1962 г. да 30.07.1966 г. ў Ляхавіцкім раёне. У вёсцы бібліятэка-клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. Аснову забудовы складаюць 2 паралельныя вуліцы рознай даўжыні, арыентаваныя з паўночнага ўсходу на поўдзень, злучаныя ў паўночнай частцы вуліцай, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны заход. На паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі, у скверы, знаходзіцца курган на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, і аднавяскоўцаў, загубленых нямецка-фашысцкімі карнікамі ў 1942 г. Курган насыпаны ў 1967 г., на яго вяршыні ўстаноўлены абеліск з мемарыяльным надпісам. Побач з Боркамі размяшчаецца навукова-даследчая база «Журавінка» Батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
|