ГРАВЮРА (з фр.) – від графікі, дзе рэльефны малюнак, зроблены гравёрам на пласціне (дошцы), выяўляецца друкаваным спосабам.
На Беларусі яна ўзнікла з рамёстваў, дзе выкарыстоўваліся працэсы гравіравання:
дрэварыт (ксілаграфія) – з разьбы па дрэве, у тым ліку на дошках для набіванкі, разцовая гравюра – з аздобы зброі. Кніжную гравюру на дрэве шырока ўжываў Ф.Скарына.
У ХVІ-ХVІІІ стст. развілася станковая падоўжная (абразная) гравюра на дрэве. У 2-й палове XVI ст. узнікла разцовая гравюра на метале (медзярыт, працы Т.Макоўскага). Найбольшых мастацкіх вартасцяў гравюра на дрэве і метале дасягнула ў сярэдзіне XVII ст. Кніжныя дрэварыты і медзярыты ў канцы XVIII ст. заняпалі ў сувязі з тым, што царызм па палітычных матывах рэзка скараціў на Беларусі кнігадрукаванне. На пачатку XIX ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.Азямблоўскага, Н.Орды, Я.Дамеля, I.Хруцкага).
У 1920-я пачала аднаўляцца гравюра на дрэве, перад вайной – лінагравюра, літаграфія, пасля вайны – ксілаграфія і інш.