Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Панядзелак, 02.10.2023, 01:09 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ВЯЛІКІЯ КРУГОВІЧЫГалоўная »ВЯЛІКІЯ КРУГОВІЧЫ (Большие Круговичи - русс.) — вёска ў складзе Агарэвіцкага с/с, за 14 км ад горада і чыгуначнай станцыі Ганцавічы на лініі Лунінец — Баранавічы, на аўтадарозе Чудзін — Ганцавічы. 688 жыхароў (14.10.2009 г.), на сакавік 2015 года 616 жыхароў. Уезд у населены пункт з боку вёскі Будча Уезд у населены пункт з боку вёскі Шашкі Уезд у населены пункт з боку вёскі Малыя Круговічы Вядомы з XVI ст. як сяло Круговічы ў складзе ВКЛ, з 1569 г. — Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) у складзе Расійскай імперыі; сяло, цэнтр воласці Слуцкага павета Мінскай губерні, уласнасць памешчыкаў Абуховічаў. У 1816 г. каля 20 двароў. У 1869 г. было адчынена народнае вучылішча. Сяло з'яўлялася цэнтрам Круговіцкага праваслаўнага прыхода, які ўключаў сучасныя вёскі: Агарэвічы, Гута, Ганцавічы, Любашава, Малыя Круговічы і Вялікія Круговічы, налічваў каля 1800 вернікаў. Пераважная большасць прыхаджан — сяляне-хлебаробы. Многія з іх займаліся таксама калёсным промыслам (выраблялі калёсы на продаж). Круговіцкай царкве належала больш за 30 дзесяцін зямлі (у тым ліку сядзібнай 1 дзесяціна, ворыва — 19, пад лесам — 12, сенакоснай — 3 дзесяціны). Праваслаўны крыж на цэнтральным скрыжаванні вуліц У 1886 г. ў сяле 28 двароў, 231 жыхар, дзейнічалі народнае вучылішча (48 вучняў, з якіх толькі 4 дзяўчынкі), валасное праўленне, царква, капліца. У 1886/87 навучальным годзе на ўтрыманне Круговіцкага вучылішча было выдзелена 69 руб. з казны і 478 руб. ад грамадства. Паводле перапісу 1897 г. сяло, 95 двароў, 549 жыхароў дзейнічалі валасное праўленне, царква, капліца, народнае вучылішча, бальніца. У канцы ХІХ ст. была пабудавана новая драўляная царква, якая захавалася да цяперашняга часу. У 1909 г. 92 двары, каля 520 жыхароў. У лістападзе 1917 г. ўстаноўлена савецкая улада. У лютым 1918 г. акупіраваны германскімі войскамі. З сакавіка 1919 г. — войскамі Польшчы. У пачатку 1919 г. і ў ліпені — жніўні 1920 г. аднаўлялася савецкая ўлада. З 1921 г. ў складзе Польшчы, вёска, цэнтр гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства, 116 дамоў, 667 жыхароў (у тым ліку 623 праваслаўных, 645 беларусаў). З 1939 г. ў БССР, з 12.10.1940 г. цэнтр Круговіцкага с/с Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці. У 1940 г. ў вёсцы 162 двары, 1902 жыхары, працавалі МТС, млын, няпоўная сярэдняя школа, сельпо, амбулаторыя, аддзяленне сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт. Будынак былога пажарна-аварыйна выратавальнага паста Будынак сельскага клуба і бібліятэкі Будынак комплексна-прыёмнага пункта У Вялікую Айчынную вайну з 30.06.1941 г. да 08.07.1944 г. вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Побач з ёю дзейнічалі партызаны брыгады імя Леніна Пінскага злучэння. Гандлёвы цэнтр Будынак магазіна Будынак пошты З 08.01.1954 г. ў Брэсцкай вобласці, 16.07.1954 г. Круговіцкі с/с скасаваны, вёска ўвайшла ў склад Агарэвіцкага с/с. Паводле перапісу 1959 г. 1073 жыхары. З 25.12.1962 г. да 30.7.1966 г. ў Ляхавіцкім раёне. Паводле перапісу 1970 г. 312 гаспадарак, 1033 жыхары, цэнтр калгаса «Сцяг Леніна». У вёсцы — лясніцтва, сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка, Дом культуры, аддзяленне сувязі, гандлёвы цэнтр, Георгіеўская праваслаўная царква — помнік драўлянага народнага дойлідства канца 19 ст. Будынак сярэдняй школы Фельчарска-акушэрскі пункт Памятны знак да 150-годдзя з дня заснавання школы Гістарычныя помнікі — манумент "Зорка" на брацкай магіле 4 савецкіх воінаў і партызан; помнік на ўшанаванне памяці 75 землякоў (устаноўлены ў 1974 г.), якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1941 — 45 гг. Вёска выцягнута з захаду на ўсход, да ўсходняй часткі прымыкае значны ўчастак забудовы з поўдня, захад — адасоблена. На поўдні і поўначы ад вёскі ёсць адасобленыя ўчасткі забудовы і асобныя двары. Каля вёскі размешчана Круговіцкае радовішча цагельных глін.
Падрыхтавана паводле кнігі Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006.
|
|