Чацвер, 18.04.2024, 14:46

ГУМНО

Галоўная »
ГУМНО – гаспадарчая пабудова для працяглага захоўвання і апрацоўкі неабмалочанай збажыны, саломы, сена. У помніках усходне-славянскага пісьменства слова «гумно» фіксуецца з 11 ст. Спачатку гэта было месца, дзе жывёлай «мялі» (вымалочвалі) зерне. I цяпер у некаторых раёнах Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай абласцей так называюць пляцоўку для малацьбы ў сярэдзіне гумна або каля яго. Пазней тэрмін пераасэнсаваўся. У старажытна-беларускіх помніках 15 — 17 ст. ён ужываўся як агульная назва ўсіх будынкаў для захоўвання збожжа і сена. На працягу 18 — 19 ст. слова «гумно» ў большасці раёнаў Беларусі замацавалася за збудаваннем для захоўвання і абмалоту збожжа, аднак уніфікацыя тэрміна не ахапіла ўсёй тэрыторыі рэспублікі. У Віцебскай і на поўначы Магілёўскай абласцей гумно называюць токам, у большай частцы раёнаў Брэсцкай і на захадзе Гомельскай абласцей — клуняй, у сумежных з Латгаліяй раёнах — рыгай.

гумно
Гумно. Вёска Быстрыца Астравецкага раёна

Канструкцыйнымі асаблівасцямі і знешняй формай гумно адрозніваецца ад іншых гаспадарчых пабудоў сялянскага двара. Звычайна яго ставілі ў канцы сядзібнага ўчастка, па магчымасці выносілі за яго межы для проціпажарнай бяспекі. Гумно без сушні (асець) магло непасрэдна прымыкаць да асноўнага комплексу пабудоў. У плане яно мела форму мнагагранніка, квадрата або падоўжанага прамавугольніка шырынёй 5,5 — 18,5 м, даўжынёй 7 — 23 м. Нізкія сцены і апушчаная амаль да зямлі страха надавалі яму прысадзісты выгляд.

На Беларусі, акрамя Заходняга Палесся, гумны найчасцей будавалі на сохах. Складаную апорную сістэму страхі падтрымлівалі 4 — 6 — 8 сох вышынёй да 6,5 м. Іх ставілі папарна двума радамі. Раней сустракаліся гумны з сохамі ў адзін рад. На паўднёвым захадзе Брэстчыны стрэхі рабілі на кроквах. Сохі злучаліся шлегамі («кладзь», «правілы») і папярочнымі бэлькамі, на якіх ставілі дзядкі («чапелькі», «казлы») — скрыжаваныя накшталт сталюг абчасаныя жэрдкі, звязаныя зверху цэнтральнай шлегай — асновай будучага вільчыка. Вакол сох (на пэўнай адлегласці ад іх) ставілі зруб. Бярвёны злучалі вуглом «з астаткам», на прагонах сцен праз кожныя 2,5 — 3 м ставілі шулы. Бярвёны запускалі ў закід і дзеля вентыляцыі не падганялі шчыльна адно да аднаго. На вільчыкавую шлегу навешвалі «кручча» (доўгія жэрдкі з крукамі), ніжнія канцы якога апускаліся на верхні вянок сцяны. Да кручча прывязвалі паплёт (тонкія жэрдкі). Крылі гумны «пад колас» (каласамі ўніз) або «пад шчотку», ці «пад грабёнку» (каласамі ўверх). Стрэхі былі 4-схільныя, радзей — з усечаным зверху франтонам і 2-схільныя. Вароты ў гумнах рабілі з тарца або ў сярэдзіне падоўжнай сцяны.

гумно
Гумно. Вёска Гвоздзічы Пастаўскага раёна

Часткі ўнутранай прасторы гумна абапал току служылі для складання неабмалочанага збожжа і называліся застаронкамі, старанамі. Частка тока ад застаронка аддзяляўся невысокім, у некалькі бярвёнаў, зрубам — прыстаронкам.

Будавалі гумны двух тыпаў: з сушнямі (найбольш пашыраны ў Магілёўскай, Віцебскай, на поўначы Гомельскай і часткова Мінскай абласцей) і без сушняў (у паўднёвых раёнах Мінскай, амаль па ўсёй Брэсцкай і Гродзенскай абласцях). Тут снапы прасушвалі на азяродах і малацілі сырамалотам. Лічылася, што такая салома больш спажыўная для скаціны.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1388]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.