Субота, 20.04.2024, 13:28

АБРАДАВЫ КАСЦЮМ

Галоўная »
АБРАДАВЫ КАСЦЮМ — адзін з важных кампанентаў традыцыйнай і сучаснай абраднасці беларусаў. У шырокім сэнсе ўключае адзенне, галаўны ўбор, абутак, упрыгожанні і іншыя аксесуары, што прызначаюцца для нашэння ў час пэўнага абрадавага дзеяння (гл. Абрады). Характар абраду вызначаў матэрыял і тэхнічныя сродкі выканання касцюма, мастацкае аздабленне, асаблівасці апранання, нашэння, распранання. Абрадавы касцюм цесна звязаны з духоўным жыццём народа, з яго звычаямі, рэлігійна-магічнымі, эстэтычнымі ўяўленнямі.

Абрадавы касцюм спалучае некалькі функцый. Важнейшыя з іх — абрадавая, знакавая (знакі маёмасных, сацыяльных адрозненняў, канфесіянальнай, нацыянальнай, рэгіянальнай, лакальнай прыналежнасці, полаўзроставай, сямейнай дыферэнцыяцыі і інш.), святочная, эстэтычная, практычная (у асобных выпадках абрадавы касцюм ці яго састаўныя часткі не маюць ніякага практычнага значэння), вытворчая (у абрадах аграрнага цыкла), магічная і інш. Для абрадавага касцюма характэрна шматзначнасць магічнай сімволікі. У беларускім абрадавым касцюме прасочваецца апатрапейная (гл. Апатрапей) сімволіка (пакрывала маладой, выкарыстанне маладымі футравага або суконнага адзення, ужыванне ў пахавальным касцюме чырвоных нітак замест абор), кантактная магія (надзяванне маладым кашулі, пашытай і ўпрыгожанай нявестай; адзенне бацькі ў радзінным абрадзе). Абрадавы касцюм вясенне-летняга цыкла з ужываннем зеляніны павінен быў спрыяць урадлівасці. З гэтай жа функцыяй звязана і старажытная семантыка чырвоных ромба-геаметрычных узораў на кашулях жанчын, звычай рытуальнага пераапранання ў адзенне іншага полу.

У традыцыйнай абраднасці беларусаў ужываліся спецыяльна падрыхтаваны касцюм або святочнае і штодзённае адзенне, якое дапаўнялася асобнымі элементамі і атрыбутамі. У беларускім вяселлі асаблівая ўвага надавалася галаўному ўбору і прычосцы дзеючых асоб. Ва ўбранні маладой вянчальным уборам быў самаробны або куплены вянок з зялёнай руты, барвінку ці мірту, з жывых ці сухіх штучных вошчаных ці папяровых кветак. Ззаду да вянка прымацоўваліся разнаколерныя стужкі ці вэлюм. Каса ў маладой звычайна была распушчаная. Пасля вянчання каса падбіралася пад галаўны ўбор, надзяваўся чапец, завязвалася намітка або хустка. У некаторых рэгіёнах правую або левую руку маладой перавязвалі ручніком, які не здымаўся на працягу ўсяго вяселля. Характэрнымі элементамі абрадавага касцюма маладога былі світка, аўчынная шапка, упрыгожаная вяночкам з зеляніны ці чырвонай стужкай, шыйная хустка. Маладымі дружкам прышпільваліся кветкі на грудзях. Асобныя знакі — ручнікі, павязаныя праз плячо, чырвоныя стужкі, галінкі з кветкамі, прышытыя да шапак, своеасаблівы галаўны ўбор вылучалі шафера, маршалка, свата і сваццю, дружак. На Кобрыншчыне галаўны ўбор свацці, напрыклад, меў выгляд шапачкі з двума пучкамі пафарбаванага птушынага пер'я. Атрыбутам абрадавага касцюма старшага свата быў бізун і ручнік, павязаны праз левае плячо пад правую руку.

У пахавальных абрадах шырока ўжывалася традыцыйнае адзенне, а таксама спецыяльна падрыхтаваны святочны або вянчальны касцюм. Мужчынам закладвалі за пояс нож, кашалёк з грашыма, у труну клалі шапку. Маладую дзяўчыну адзявалі як пад вянец.

Адна з асаблівасцей абрадавага касцюма каляднага, масленічнага перыяду — пераапрананне пад жывёл, персанажаў бытавога характару, «нячыстую сілу».

У абрадавым касцюме вясенне-летняга цыкла шырока выкарыстоўвалася разнастайная зеляніна. На купалле плялі і надзявалі на галаву вянкі з кветак і ржаных каласоў, «вадзілі куст» — дзяўчыну, упрыгожаную зялёнымі галінкамі, кветкамі, вянкамі.

Асаблівасць абрадавых касцюмаў перыяду ўборкі ўраджаю — перавясла са жмені жыта, вянок з лепшых каласоў, кветак і траў. У сучасных звычаях і абрадах адначасова з аслабленнем або знікненнем рэлігійна-магічнай сімволікі прыкметна павялічваецца значэнне эстэтычнай функцыі абрадавага касцюма.

У развіцці сучаснага абрадавага касцюма з аднаго боку прасочваецца збліжэнне з традыцыйным гарадскім касцюмам, з другога — назіраецца арыентацыя на мясцовыя традыцыі народнай культуры. Суадносіны агульнасавецкіх і этнічных прыкмет у абрадавым касцюме па-рознаму праяўляюцца ў розных рэгіёнах, сярод пэўных сацыяльных і прафесіянальных груп. Найбольшая стойкасць традыцый характэрна для сучаснага вясельнага і асабліва пахавальнага абрадавага касцюма. Маладую дзяўчыну і ў наш час хаваюць у вясельным касцюме. Пры жалобе жанчыны надзяваюць чорны галаўны ўбор, часам — і чорныя панчохі, адзенне. Новыя абрадавыя касцюмы створаны для арганізатараў абрадаў шлюбу, імянарачэння, пахавання.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.