Аўторак, 23.04.2024, 20:47

АБРАДАВЫЯ СТРАВЫ

Галоўная »
АБРАДАВЫЯ СТРАВЫ — гатавалі да пэўных сямейных або каляндарных свят і абрадаў. Старажытныя традыцыйныя абрадавыя стравы — каша, бліны, аладкі, хлеб і іншыя — выконвалі знакавую функцыю і звычайна суправаджалі магічныя абрадавыя дзеянні.

Каша з цэлага зерня (ячменнага, прасянога і інш.) — неад'емная частка радзіннага, вясельнага, памінальнага, каляднага, жніўнага абрадаў. Цэнтральнае месца ў святкаванні радзін адводзілася бабінай кашы. На другі дзень вяселля кашу падносілі маладой (глядзіце Салодкая каша). На памінкі варылі салодкую ячную кашу, якую павінен быў пакаштаваць кожны, а таксама рытуальную памінальную страву — канун.

Галоўнай абрадавай стравай каляднага святкавання была куцця (каша з цэлага абтоўчанага ячменю). Куццю абносілі вакол хаты, ставілі на покуць, каб паспрыяць будучаму ўраджаю, верх з яе аддавалі курам, каб добра несліся. Гаспадар або старэйшая жанчына клікалі на посную куццю мароз, загаворваючы, каб ён не марозіў «ні кійкоў, ні гуркоў, ні аратараў старых, ні пагонічаў маладых» (Гродзеншчына). Куцця, як і бліны, была атрыбутам каляднай варажбы. На Палессі (Лельчыцкі раён) жытнюю кашу бралі з сабой, як ішлі першы раз жаць, — нажаўшы на першы сноп, тры разы бралі ў рот гэтай кашы, астатнюю выкладвалі ў сноп і завязвалі яго.

З рытуальнай сімволікай ураджаю звязаны і велікодныя стравы: рэшткі асвячоных у царкве яек, пірагоў, кумпяка (косці) закопвалі на сялянскіх загонах. Адно велікоднае яйка захоўвалі да пачатку сяўбы (яго бралі з сабой, ідучы першы раз сеяць). Асаблівая магічная сіла надавалася блінам і аладкам, якія сімвалізавалі сонца і яго гадавы круг (бліны былі абавязковай стравай на масленіцу і каляды).

Да абрадавай стравы адносяцца таксама звычайныя паўсядзённыя стравы, якія традыцыйна гатуюць у пэўныя святочныя або памінальныя дні. На посную куццю (акрамя куцці) варылі посны бурачны боршч (квас), падкалочаны мукой або рошчынай, з грыбамі ці алеем, крупнік, аўсяны кісель, узвар з сушаных яблыкаў, груш, сліў, пяклі бліны ці аладкі, ламанцы з цёртым макам (гл. Лазанкі); на багатую куццю — бліны з салам і каўбасой, боршч з мясам, крупнік, куццю з салам (спявалі: «Прынясла каляда рашато бліноў да начоўкі сачнёў»). На масленіцу, акрамя бліноў, абавязковымі былі сыр і масла, на вялікдзень — яйкі, сыр, масла, сала, па магчымасці — кумпяк, парася, на купалле варылі кулагу. На памінальным стале (на дзяды, радаўніцу) абавязкова былі боршч з мясам, сытая каша, каўбаса, бліны. Глядзіце таксама артыкул Абрадавае печыва.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.