АХРЭМАЎСКІ КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖАГалоўная »
АХРЭМАЎСКІ КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА размяшчаецца ў вёсцы Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Пабудаваны ў 1988 — 2003 гг. з цэглы на месцы касцёла 18 ст.
Твор сучаснай сакральнай архітэктуры постмадэрнізму. Вырашаны перакрыжаванымі прамавугольнымі ў плане аб'ёмамі нефа і трансепта; з тыльнага боку далучана прамавугольная апсіда з папярочнай нізкай сакрысціяй. Фасад завершаны двухгранным шчытом, па восі сіметрыі прарэзаны прамавугольным уваходным праёмам і паўкруглай люкарнай над ім, акаймаванымі агульнай рэльефнай аркай. Бакавыя фасады расчлянёны высокаўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі.
Інтэр'ер малітоўнай залы атрымаў суровую трактоўку ў стылі раманскага сярэднявечча: адкрытая цагляная муроўка пазбаўленых архітэктурнага дэкору сцен і адкрытая канструкцыя корабавага скляпення з драўлянымі фермамі. На плоскай алтарнай сцяне навешаны высокі крыж са скульптурай «Укрыжаванне». Уздоўж бакавых сцен навешаны гіпсавыя пано на сюжэты «Крыжовага шляху». Над уваходам антрэсоль хораў.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008.— 488 с.: іл.
|