Субота, 20.04.2024, 15:49

АНТОПАЛЬ

Галоўная »
АНТОПАЛЬ – гарадскі пасёлак у Драгічынскім раёне, цэнтр Антопальскага пасялковага Савета. За 28 км на захад ад Драгічына, 127 км ад Брэста, 2 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзец (на лініі Брэст – Гомель), на аўтадарозе Кобрын – Драгічын. 270 двароў, 2000 жыхароў (2007).


Сядзіба Бравернаў.
Малюнак Напалеона Орды. 1861 год


У пісьмовых крыніцах на пачатак 18 ст. згадваецца з двайной назвай: Прышыхаты і Антопаль — сяленне каля тракту з Кобрына ў Пінск. З 1703 г. мястэчка ў Берасцейскім павеце Берасцейскага ваяводства ВКЛ. У 1731 г. мястэчку дадзены прывілей на правядзенне 3 штогадовых кірмашоў У сярэдзіне 18 ст. ў мястэчку згадваюцца манастыр базыльянаў, сінагога. У 1773 г. тут існавала сярэдняя публічная школа (калегіум) з ухілам на вывучэнне рыторыкі.


Васкрасенская царква. 1916 год


Васкрасенская царква

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Слонімскай, з 1797 г. — Літоўскай, з 1801 г. — Гродзенскай губерні. У 1858 г. цэнтр воласці Кобрынскага павета, была паштовая станцыя пры тракце з Кобрына ў Пінск. У 1860 г. 1563 жыхары, дзейнічалі гарбарныя прадпрыемствы, маслабойні, 4 медзеапрацоўчыя майстэрні. У 1854 г. пабудавана праваслаўная Васкрасенская царква, якая стала цэнтрам Антопальскага благачынія. У яго складзе было 11 прыходаў (16 204 прыхаджан); каталіцкая капліца Гарадзецкай парафіі, касцёл (пабудаваны ў 1838). У 1862 г. заснавана народнае вучылішча. Побач з мястэчкам быў маёнтак Антопаль, уласнасць графа Казіміра Ажароўскага, 228 рэвізскіх душ сялян. Падчас паўстання 1863-64 гг. у маёнтку Ажароўскага захоўваўся склад зброі для паўстанцаў, харчовая база. У красавіку 1863 г. ўладамі тут былі створаны і дзейнічалі ўзброеныя каравулы з адстаўных салдат і сялян.



Касцёл Святога Андрэя Бабалі. Не дзейнічае.
Зараз тут пажарнае дэпо


У 1882 г. пабудавана чыгунка Пінск — Жабінка, што спрыяла ажыўленню гандлю і гаспадарчага жыцця мястэчка. У 1886 г. ў мястэчку 22 двары, 363 жыхары-сяляне, 4305 мяшчан, валасное праўленне, 2 праваслаўныя царквы, капліца, сінагога (адна з найбольш старажытных у Беларусі), 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, школа, 42 крамы, 3 заезныя двары, 6 піцейных дамоў. У маёнтку дзейнічалі маслабойня, ветраны і конны млыны. Актывізавалася вінакурэнне. У абход закона аб акцызах мяшчане-яўрэі стваралі падпольныя вінакурныя заводы. Паводле матэрыялаў суда (1885-88) гаспадары аднаго завода ў Антопалі пакараны штрафам у 2565 рублёў 33 капеек, выплацілі акцызу на 176 рублёў 89 капеек. На пачатак 1890-х г. маёнтак і 8 яго фальваркаў належалі Брэвернам.


Яўрэйскія могілкі

У 1897 г. тут 1262 дамы, 3867 жыхароў, народнае вучылішча, праведзена 10 кірмашоў (у 1881 толькі 2). На пачатку 20 ст. ў мястэчку 5235 жыхароў, у маёнтку — 18. Працавалі паштова-тэлеграфнае аддзяленне, царкоўна-прыходская, пачатковая школы. У 1910 г. адчынена лячэбніца на 10 ложкаў. У 1905 г. маёнтак Антопаль (памешчыцы Войтам) быў выкуплены Пазямельным сялянскім банкам, на яго землях праведзена шырокая меліярацыя (1908-12) і створаны 182 сялянскія хутары. Напярэдадні 1-й сусветнай вайны ў Антопалі сукнавальня, смалакурня, 2 маслабойні, 6 мукамольняў. У 1915 г. акупіраваны германскімі, у 1919 г. — польскімі войскамі.


Мемарыяльная калона

У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства. У 1921 г. 306 двароў, 2206 жыхароў, у тым ліку 1792 яўрэі. У 1931 г. названы горадам, 2206 жыхароў, паштовае аддзяленне, касцёл, праваслаўная царква, чыгуначная станцыя на лініі Брэст — Мікашэвічы, штотыднёвыя таргі. У гміне было 2073 двары, 11 006 жыхароў.

3 канца 1939 г. ў складзе БССР, з 15.01.1940 г. rapадскі пасёлак, у 1940-59 гг. цэнтр Антопальскага раёна Брэсцкай вобласці. На тэрыторыі Антопальскага пасялковага Савета ў 1940 г. было 446 прыватных двароў, 3325 жыхароў, у тым ліку рабочых — 86, сялян — 890, рамеснікаў — 216; 3 млыны, кафляны і газіраванай вады заводы, электрастанцыя, 2 хлебапякарні. Працавалі транспартная, шавецкая і кравецкая арцелі; 2 няпоўныя сярэднія школы (893 вучні), дзіцячы сад, бальнца, аптэка, амбулаторыя, зубны кабінет, Дом культуры, бібліятэка, паштовае аддзяленне.


Гандлёвыя рады

У Вялікую Айчынную вайну фашысты знішчылі ў раёне 4390 жыхароў, з іх 2,5 тысячы ў лагеры смерці. З 1959 г. ў Драгічынскім раёне.


Храм пратэстанцкі

У 1959 г. ў г.п.Антопаль 2260 жыхароў, у 1969 г. — 5900; у 1995 г. — 940 двароў, 2422 жыхары. У гарадскім пасёлку размешчаны ватнапрадзільная фабрыка, ільно-насенная станцыя, паліклініка, бальніца, зубапратэзная паліклініка, жаночая і дзіцячая кансультацыі, сярэдняя школа, дапаможная школа-інтэрнат, аптэка, аддзяленне сувязі, музычная школа, 2 бібліятэкі, дом быту, Дом культуры, дзіцячы сад, аддзяленне Беларусбанка, лясніцтва, турбаза. Брацкая магіла чырвонаармейцаў і паўстанцаў; брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну; магіла савецкіх актывістаў; Васкрасенская царква, касцёл, гандлёвыя рады (19 ст.).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.