АСАДНЫЯ СЯЛЯНЕ — катэгорыя феадальна-залежных сялян у 16 ст., асноўнай павіннасцю якіх была
асада — грашовы
аброк за карыстанне зямлёй. Плацяжы залежалі ад якасці глебы. Паводле «Уставы на валокі» 1557 г. за
валоку добрай зямлі плацілі 106
грошай, зусім дрэннай — 66. Грашовая павіннасць не выключала і плацяжоў натурай (працавалі ў гаспадарцы землеўласніка).
Асадныя сяляне пераважалі ў дзяржаўных уладаннях і складалі значную колькасць у
маёнтках буйных феадалаў. З развіццём фальварачнай гаспадаркі доля асадных сялян змяншалася. На ўсходзе Беларусі, дзе фальваркаў было мала, яны складалі большасць сялянства. Асада паступова злілася з чыншам, з канца 16 ст. Асадных сялян называлі чыншавымі сялянамі.