Чацвер, 25.04.2024, 20:36

АСІПОВІЧЫ

Галоўная »
АСІПОВІЧЫгорад абласнога падпарадкавання, цэнтр раёна, за 133 км на паўднёвы захад ад Магілёва. Чыгуначны вузел 4 напрамкаў — на Мінск, Гомель, Магілёў, Баранавічы. На поўдні і ўсходзе р.Сіняя (прыток Свіслачы), на паўднёвым захадзе мяжуе з лесам. 34,3 тысяч жыхароў (2006).

Асіповічы
Асіповічы
Герб і сцяг гораду

На месцы сучаснага горада ў 18 ст. была вёска, якая ў 1787 г. налічвала 17 дымоў у складзе фальварка Пратасевічы, уладанне Д.Радзівіла ў ВКЛ. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі. Паводле інвентару 1805 г. 22 дымы, 146 жыхароў. Па рэвізскіх матэрыялах 1834 г. 26 двароў. Апрача земляробства і жывёлагадоўлі вяскоўцы займаліся ткацкім, рыбалоўным і дрэваапрацоўчым промысламі. У1885 г. заснаваны лесапільнае і мукамольнае прадпрыемствы. За 2 км ад вёскі сярод ляснога масіву на Лібава-Роменскай чыгунцы ў 1872 г. была заснавана станцыя 2-га класа Асіповічы (у 1872 г. — 4 драўляныя дамы, 20 жыхароў). Чыгунка спрыяла пашырэнню лесараспрацовак, развіццю рамёстваў. У канцы 1880-х — 1-й палове 1990-х г. былі ўзведзены 2 лесапільныя заводы, млын, некалькі жылых дамоў, меліся паштовае аддзяленне, заезны дом. У 1896 г. пракладзена вузкакалейка Асіповічы — Дараганава. Паводле перапісу 1897 г. вёска (78 двароў, 449 жыхароў), чыгуначная станцыя (11 двароў, 99 жыхароў), пасёлак пры станцыі (38 двароў, 190 жыхароў), заезны дом, 4 крамы, у Замошскай воласці Бабруйскага павета. У 1900 г. заснаваны шпаланасычальны завод. Пасёлак у пачатку 20 ст. ператварыўся ў гарадское пасяленне з хлебапякарняй, майстэрнямі па вырабе і рамонце колаў саней, сельскагаспадарчых прылад (сох, плугоў, кос, сярпоў, розных хатніх рэчаў). У 1904 г. ў пасёлку і на станцыі каля 150 двароў, больш за 1000 жыхароў, 41 вуліца і завулак агульнай працягласцю 31,3 вярсты, 4 плошчы, заезны дом, паштовае аддзяленне, млын, аптэчны магазін, 3 заводы, 13 рамесных майстэрняў (47 рамеснікаў), прыёмны пакой, акушэрка, фельчар.

Асіповічы
Будынак чыгуначнай станцыі

Асіповічы
Чыгуначная станцыя: адміністрацыйны будынак

Асіповічы
Помнік-цягнік

Асіповічы
Чыгуначная бальніца даваеннай пабудовы.
У Вялікую Айчынную вайну -- нямецкі шпіталь,
а насупраць былі могілкі (зараз стадыён "Лакаматыў")

У 1905-07 гг. у Асіповічах прайшлі буйныя выступленні працоўных. 17.09.1905 г. адбылася дэманстрацыя, 17.03.1908 г. — забастоўка на шпаланасычальным заводзе, якую ўладальнікі завода падавілі ваеннай сілай. Чыгунка Асіповічы — Дараганава ў 1905-07 гг. была падоўжана да ст.Урэчча. Асіповічы ператварыліся ў чыгуначны вузел, адкуль штогод адгружалася больш за 1 млн. пудоў лясных грузаў. Дзейнічалі 2 школы граматы, у 1908 г. пабудаваны паравы млын, у 1909 г. заснавана смалакурня, устаноўлена сувязь з Мінскам, Магілёвам і інш. У 1913 г. пачало дзейнічаць паравознае дэпо. Чыгунка Асіповічы — Урэчча ў 1915 г. падоўжана да г.Слуцка і перароблена на шырокую каляю. У жніўні-верасні 1915 г. адбыліся хваляванні салдат Асіповіцкага гарнізона. У 1917 г. на станцыі 20 двароў, 224 жыхары, у вёсцы 112 двароў, 601 жыхар, прыстанцыйны пасёлак ператвораны ў мястэчка (354 двары, 4178 жыхароў). 21.11.1917 г. надрукавана паведамленне аб устанаўленні савецкай улады, у снежні 1917 г. сфарміраваны чырвонагвардзейскі атрад (1 тысяча чалавек), які ў студзені-лютым 1918 г. прымаў удзел у разгроме контррэвалюцыйнага корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага. З 19.02 да лістапада 1918 г. акупіравана германскімі, з жніўня 1919 г. да ліпеня 1920 г. — польскімі войскамі. У 1919-20 гг. у наваколлі дзейнічалі партызанскія атрады (узначальвалі Я.Багдановіч, А.Каралёк, Дз.Х. Трубачоў). У 1921 г. пачала працаваць аптэка, адноўлены тэлеграф, адкрыты 2 школы, клуб чыгуначнікаў, у 1923 — бібліятэка. Са студзеня 1922 г. Асіповічы — цэнтр воласці. 17.01.1922 г. створаны кааператыў. 04.05.1922 — сельскагаспадарчае таварыства. У 1922 г. пачала дзейнічаць электрастанцыя, у 1923 г. — смалакурная арцель «Чырвоны хімік». У 1924 г. адкрыты народны дом і бальніца, у 1925 г. — 2 амбулаторыі. Былі адноўлены паравознае дэпо, лесапільныя заводы, млын, некалькі кустарных майстэрняў, у 1925 г. заснаваны пчалаводчы кааператыў. У 1926 г. заснавана метэаралагічная станцыя. З 17.07.1924 г. да 25.12.1962 г. і з 06.01.1965 г. цэнтр Асіповіцкага раёна Бабруйскай (да 26.07.1930), з 20.02.1938 г. Магілёўскай, з 20.09.1944 г. зноў Бабруйскай, з 16.07.1954 г. Магілёўскай абласцей. З 20.08.1924 г. да 01.01.1925 г. цэнтр Асіповіцкага-1 і Асіповіцкага-2 сельсаветаў, з 01.01.1925 Асіповіцкага с/с. У канцы 1925 г. з'явілася радыё. У 1926 г. у гарадскім пасёлку 450 гаспадарак, 3504 жыхары, у вёсцы — 113 двароў, 616 жыхароў, на чыгуначнай станцыі — 141 жыхар. У 1931 г. створана МТС (у 1938 — 51 трактар, 4 камбайны, 9 складаных малатарань). У 1932 г. створаны майстэрні па рамонце сельскагападарчай тэхнікі, пачала выходзіць раённая газета. У1933-34 гг. палітаддзел МТС выпускаў шматтыражную газету «Палітаддзельская праўда». Для рабочых лесараспрацовак у 1934 г. выпускалася шматтыражная газета «Чырвоны лесаруб». 15.07.1935 г. Асіповічы пераўтвораны ў горад. Узведзены будынкі сярэдняй школы, радзільнага дома, грамадскай лазні. У 1940 г. — 961 дом, каля 14 тысяч жыхароў.

У Вялікую Айчынную вайну 30.06.1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У ліпені і жніўні 1941 на тэрыторыі раёна дзейнічалі савецкія кавалерыйскія і дэсантныя часці. Адну з першых падпольных груп арганізаваў у 1941 г. на чыгуначным вузле машыніст паравознага дэпо М.С. Шведаў. Падпольшчыкі дзейнічалі таксама на радыёвузле, у чыгуначнай і грамадскай бальніцах і іншых месцах. З гарадской друкарні ў 1942 г. патрыёты вынеслі шрыфт для партызанскай друкарні. Камсамолец-падпольшчык Ф.А. Крыловіч 30.07.1943 г. зрабіў на чыгуначным вузле дыверсію, у выніку якой былі ўзарваны 4 эшалоны з боепрыпасамі, палівам і тэхнікай, у тым ліку з танкамі «Тыгр». За гэты подзвіг Крыловіч узнагароджаны ордэнам Леніна. 24.10.1943 г. падпольшчыкі спалілі маслазавод. Усяго за час акупацыі яны вывелі са строю больш за 70 паравозаў, каля 30 чыгуначных эшалонаў з баявой тэхнікай і жывой сілай праціўніка. Напярэдадні вайны старшыня сельсавета М.Ф. Каралёў быў прызначаны на пасаду старшыні райвыканкама. На акупіраванай тэрыторыі ён сфарміраваў і ўзначаліў партызанскі атрад. За праяўлены гераізм і мужнасць быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза і воінскага звання генерал-маёр.

28.06.1944 г. часці 1-га Беларускага фронту і партызаны Асіповіцкай ваенна-аператыўнай групы вызвалілі горад. У баі каля Асіповіч 30.06.1944 г. вызначыўся яфрэйтар М.Р. Абросімаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Яго імя носіць вуліца ў горадзе. Савецкія воіны і партызаны, якія загінулі ў баях за вызваленне Асіповіч, пахаваны ў брацкіх магілах па вул.Сумчанкі, на могілках па вуліцах Піянерскай, Крупскай і Гармашава. У скверы па вул.Абросімава пахаваны 5 партызан. Сярод іх Герой Савецкага Саюза Б.М. Дзмітрыеў, імем якога названа адна з вуліц горада і сярэдняя школа № 1. На могілках па вул. Крупскай пахаваны Герой Савецкага Саюза П.І. Марозаў (01.07.1924 — 26.12.1952). У гонар вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1984 г. па вул.Рабочасялянскай пастаўлены помнік — гармата на пастаменце.

З верасня 1944 г. Асіповічы ў Бабруйскай, са студзеня 1954 г. зноў у Магілёўскай абласцях. У хуткім часе пасля вызвалення аднавілі работу леспрамгас, млын, маслазавод, арцелі «Чырвоны хімік», «Прагрэс», «Сацпраца», узнавілася тэлефонная і тэлеграфная сувязь, якая з кожным годам пашыралася. Пачаў дзейнічаць радыёвузел. Падняліся з руін дэпо і чыгуначная станцыя. У наступныя гады рэканструяваліся і пашыраліся прадпрыемствы, узводзіліся новыя. У 1953 г. ў ваколіцах горада пабудавана вадасховішча і ГЭС. У 1959 г. ў горадзе 15 777 жыхароў. Са снежня 1962 г. да студзеня 1965 г. ў складзе Бабруйскага раёна, потым зноў цэнтр раёна. З 07.03.1963 г. — горад абласнога падпарадкавання. У 1979 г. да горада далучана в.Перамога (былая в.Асіповічы).

У 1990 г. дзейнічаў кардонна-рубіройдавы завод (пабудаваны ў 1972). Працавалі завод жалезабетонных канструкцый, прамкамбінат, леспрамгас, лясгас, лясніцтва, завод аўтамабільных агрэгатаў, камбінаты хлебапрадуктаў, бытавога абслугоўвання насельніцтва, маслазавод, кансервавы завод, фабрыкі канцтавараў і канцэнтратаў. За высокія вытворчыя поспехі дарожны майстар А.А. Прановіч у 1981 г. удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Асіповічы
Крыжаўзвіжанская царква

Асіповічы
Новая праваслаўная царква ў Асіповічах

У 2006 г. працавалі прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці. Дзейнічалі прафесійны ліцэй, беларуская гімназія, 4 сярэднія школы, спецыяльная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спартыўная і музычная школы, школа мастацтваў, 12 дзіцячых дашкольных устаноў, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Працавалі раённы Цэнтр культуры, 5 бібліятэк, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, клуб дзіцячага і юнацкага турызму і краязнаўства, раённы Цэнтр народных рамёстваў, 2 бальніцы, паліклініка, аптэкі і аптэчныя пункты, раённыя тэрытарыяльныя цэнтры абслугоўвання насельніцтва. У горадзе 2 гасцініцы, 2 Дамы быту, камбінат бытавога абслугоўвання, 2 пункты калектыўнага карыстання, камп'ютэрны клуб, аўташколы і клубы ДТСААФ, стадыёны, спартыўныя залы і комплексныя спартыўныя пляцоўкі, рэстараны, кафэ, гарадскі рынак, 5 аддзяленняў сувязі і інш. Асіповіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, магілы ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква.

Асіповічы
Касцёл Узклічча Божай Міласэрнасці

Асіповічы
Каталіцкая капліца

У горадзе нарадзіліся: М.К. Ананьеў (н. 12.04.1949), дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь; Н.В. Каменская (10.01.1914 — 22.03.1986), беларускі гісторык, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі; Г.А. Мятлюк (н. 14.10.1936), беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар; А.А. Чванкін (н. 18.3.1948), генерал-маёр унутранай службы, дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь; Шпак Г.І. (н. 08.09.1943), расійскі ваенны дзеяч, генерал-палкоўнік.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.