Пятніца, 26.04.2024, 20:16

БАГДАНАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛА

Галоўная »
БАГДАНАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛА размяшчаецца ў цэнтры вёскі Багданава Валожынскага раёна Мінскай вобласці.


Пабудаваны ў 1844 г. з дрэва на месцы знішчанага пажарам драўлянага касцёла канца 17 ст. (фундаваны старостам жмудскім П.Пацам, асвячоны ў 1690 г.; з 1792 г. парафіяльны). Адлюстраваны на карціне «Каля касцёла» (1899 г.) мастака Ф.Рушчыца,які нарадзіўся ў маёнтку Багданава (10.12.1870 г.). Касцёл быў знішчаны пажарам у 1944 г. На яго месцы быў пабудаваны новы драўляны храм, які нагадваў папярэдні. У 2000 г. замест драўлянага пастаўлены новы цагляны храм, акаймаваны бутавай агароджай 1902 г.

Папярэдні касцёл — твор народнага драўлянага дойлідства. Быў вырашаны прамавугольным зрубам з пяціграннай больш нізкай апсідай. У высокі двухсхільны гонтавы дах з боку галоўнага фасада была ўрэзана чатырохгранная шатровая вежа-званіца. Яна ўвенчвала трохвугольны франтон фасада, дэкарыраваны фігурнай шалёўкай вакол паўкруглай люкарны. Апсіда была накрыта пластычным шматгранным гонтавым дахам, які значна ўзбагачаў маляўнічасць сілуэта храма, яго яруснасць. Вертыкальная шалёўка сцен, рытм высока ўзнятых прамавугольных аконных праёмаў — сродкі архітэктурнай выразнасці ў народным дойлідстве. Малітоўная зала перакрывалася плоскай столлю.

Касцёл акаймоўвала мураваная агароджа з брамай: двух'яруснае цэнтрычнае збудаванне, накрытае пакатым чатырохсхільным шатром. Першы ярус вертыкальна абшыты дошкамі і мае арачны ўваходны праём. Другі ярус адкрыты, каркасны, з арачнымі прасветамі. Ярусы размежаваны шырокім гонтавым сцёкам.

Існуючы храм мае Т-падобны ў плане аб'ём, фасады якога вырашаны ў адкрытай муроўцы сілікатнай цэглай. Плоскасны фасад завершаны трохвугольным франтонам, вылучаны драўляным прытворам пад двухсхільным пакрыццём і рамбічнай люкарнай над ім. Бакавыя фасады расчлянёны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі ў прасценках. Бакавыя двухпавярховыя прыдзелы прызначаны для пакояў настаяцеля. У малітоўную ашаляваную залу выступае антрэсоль хораў з драўлянай балюстрадай.

Перад касцёлам пастаўлена драўляная чатырохгранная двух'ярусная шатровая брама-званіца.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008.— 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.