Пятніца, 19.04.2024, 03:57

БАГДАНОВІЧА МАКСІМА ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ

Галоўная »
БАГДАНОВІЧА МАКСІМА ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ заснаваны 23.07.1981 г. у Мінску рашэннем Мінскага гарвыканкама паводле пастановы Бюро ЦК КПБ ад 19.09.1980 г. Адкрыты для наведвальнікаў 08.12.1991 г. да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта Максіма Адамавіча Багдановіча. Размяшчаецца ў будынку Траецкага прадмесця — помніку гарадской архітэктуры 19 ст. Музей з'яўляецца цэнтрам збору, захавання, вывучэння, папулярызацыі творчай спадчыны класіка беларускай літаратуры М.Багдановіча (1891 — 1917 гг.). Музей узначальвалі М.П.Пазнякоў, Т.М.Кароткая, Л.Т.Хадкевіч, А.В.Бяляцкі, М.В.Трус, І.І.Думанская. З 2004 г. дырэктар Т.Э. Шаляговіч.

Максім Багдановіч

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 10 797 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 7 437 адзінак Агульная плошча экспазіцыі 140,1 м². Размешчана ў 5 залах. Музей таксама мае выставачную залу плошчай 69,9 м².

Максім Багдановіч

Экспазіцыя сінтэзуе жыццёвы шлях М.Багдановіча і яго духоўны свет. Унутранае ўбранне музея зроблена ў стылі «мадэрн». Элементы гэтага мастацкага накірунку канца 19 — пачатку 20 ст. прысутнічаюць у афармленні столі, рамак у экспазіцыйных нішах, у складаным пластычным малюнку вырабаў з саломкі, у рытмічным чаргаванні модуляў мэблевых канструкцый, у вітражах (аўтар канцэпцыі Э.К.Агуновіч, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1993 г.). Уся экспазіцыя пабудавана на глыбокім сімвалізме і адлюстроўвае пэўны перыяд жыцця паэта, цесна звязаны з асобнай тэмай яго творчасці і пераклікаецца з цыкламі вершаў зборніка «Вянок» (1913). Першая зала знаёміць з дзяцінствам і юнацтвам М.Багдановіча. Прадстаўленыя матэрыялы расказваюць пра бацькоў будучага паэта, яго продкаў, раскрываюць вытокі яго таленту і шматграннасць асобы. Мастацкае афармленне залы — традыцыйны беларускі ручнік на столі, вырабы з саломкі з выявамі вобразаў міфалогіі — своеасаблівае раскрыццё цыклаў вершаў М.Багдановіча «У зачарованым царстве» і «Згукі бацькаўшчыны». Матэрыялы 2-й залы адлюстроўваюць працэс станаўлення творчай індывідуальнасці М.Багдановіча: яго літаратурны дэбют у 1907 г. у беларускай газеце «Наша ніва» — апавяданне «Музыка»; творчасць паэта ў двухмесячны ракуцёўшчынскі перыяд (цыклы вершаў «Старая Беларусь», «Места» і паэмы «Вераніка», «У вёсцы»). Кампазіцыйным ядром залы з'яўляецца своеасаблівы «іканастас» — у 1-м радзе 12 графічных партрэтаў дзеячаў старажытнай беларускай культуры, у 2-м — фотапартрэты беларускіх пісьменнікаў канца 19 — пачатку 20 ст. Экспанаты-сімвалы — слуцкі пояс і Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г., рэнесансавая кафля з выявай анёла, Псалтыр Ф.Скарыны. Экспазіцыя 3-й залы прысвечана тэме росквіту творчага таленту М.Багдановіча. Дамінанты яе — паэтычны зборнік вершаў «Вянок» і экспанаты, з дапамогай якіх раскрываецца творчае крэда «песняра чыстае красы». М.Багдановіч паўстае як таленавіты паэт, празаік, крытык, публіцыст, журналіст. Творы «Апокрыф» і «Апавяданне аб іконніку і залатару...» з'яўляюцца ўзорамі высокамастацкай прозы, у якіх паэт абвясціў ідэю каштоўнасці прыгажосці і мастацтва ў жыцці чалавека. Зала «Мадонны» адрозніваецца ад іншых увядзеннем асаблівых прыёмаў падачы экспанатаў. Мадонна — адзін з цэнтральных вобразаў у творчасці М.Багдановіча. Люстра-сімвал, якая нагадвае крыж, умоўна падзяляе залу на 3 часткі, але ў той самы час аб'ядноўвае дамінанты залы: гравюру «Сіксцінская мадонна» (узнаўляе фрагмент карціны Рафаэля), рукапісны зборнік «Зеленя», прысвечаны Г.Гапановіч (стрыечнай сястры), партрэт Г.Р.Кукуевай, яраслаўскай знаёмай паэта, якой ён прысвяціў цыкл «Мадонны». Атмасфера трагізму апошніх месяцаў жыцця М.Багдановіча, нязбытнасць мар і жаданняў у апошняй зале перадаюцца праз сімвалізм некалькіх экспанатаў і складанае мастацкае вырашэнне. На металічных струнах замацаваны стылізаваныя шчыты ваяроў, на якіх выгравіраваны назвы тых зборнікаў, якія М.Багдановіч не паспеў выдаць. Праз ідэю вобраза «страціма-лебедзя» (аднайменны твор паэта) раскрываецца тэма няздзейсненых жаданняў, ідэя высокага прызначэння чалавека перад Сусветам. Дамінанта залы — кішэнны гадзіннік, падараваны Максіму яго бацькам.

Максім Багдановіч

Самая вялікая калекцыя музея — кнігі. Сярод іх 5 экзэмпляраў адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў М.Багдановіча «Вянок» (3 экзэмпляры з аўтографам паэта), кнігі кола чытання М.Багдановіча, літаратура пра яго жыццё і творчасць, кнігі беларускіх паэтаў і празаікаў канца 19 — пачатку 20 ст., творы яго паслядоўнікаў, пераклады, прысвячэнні. Значную калекцыю ўтвараюць рукапісы, у тым ліку рукапісны зборнік вершаў М.Багдановіча «Зеленя», аўтографы вершаў «Я вспоминаю дом старинный» і «Я, бальны, бесскрыллаты паэт...», а таксама ўспаміны пра паэта (яго бацькі А.Я.Багдановіча, З.Верас, Дз.Дзябольскага і інш.), рукапісы родных і знаёмых, людзей з асяроддзя (У.Г.Караленкі, К.П.Пешкавай, А.Смоліча); аўтографы беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва — З.Бядулі, А.Паўловіча, К.Крапівы, М.Танка, М.Лужаніна, М.Аладава, А.Багатырова, Ю.Семянякі і інш. Калекцыя дакументаў прадстаўлена асабістымі матэрыяламі сям'і Багдановічаў і сваякоў дакументамі грамадска-культурнага жыцця Беларусі, якія тычацца пытанняў ушанавання памяці паэта. У раздзеле аўдые-візуальных помнікаў сабрана каля 6 тыс. фотаздымкаў і негатываў М.Багдановіча, яго родных, знаёмых і сяброў даследчыкаў яго творчасці, а таксама мясцін, звязаных з жыццём і імем паэта, фотаздымкі мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці паэта. Захоўваюцца ў фондах 3 кінастужкі пра паэта, відэафільм, грампласцінкі, дыскі і запісы вершаў, песень і музычных кампазіцый на словы М.Багдановіча, магнітафонныя запісы ўрачыстых мерапрыемстваў і ўспамінаў. Вобраз класіка беларускай літаратуры і тэмы яго творчасці натхнілі мастакоў на стварэнне шматлікіх твораў мастацтва. У фондах музея зберагаюцца 72 карціны, 19 скульптур, 309 графічных твораў. Больш за тысячу прадметаў этнаграфіі і побыту, мэблі, ткацтва, адзення дазваляюць ствараць экспазіцыі і выстаўкі, якія перадаюць умовы жыцця і побыту канца 19 — пачатку 20 ст.

Максім Багдановіч

Музей мае 2 філіялы — «Беларуская хатка» (у Мінску, з 1991 г.) і «Фальварак Ракуцёўшчына» (у в.Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна, з 1994 г.).

Экскурсійна-масавая дзейнасць уключае правядзенне аглядавых і тэматычных экскурсій, чытанне лекцый, паказ батлеечных спектакляў (у філіяле «Беларуская хатка»), правядзенне цыклаў тэматычных вечароў, штогадовага свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета» (у філіяле «Фальварак Ракуцёўшчына»), арганізацыю мерапрыемстваў да юбілейных і памятных дат. Навуковая і навукова-даследчыцкая праца ажыццяўляецца праз правядзенне даследаванняў жыцця, творчасці М.Багдановіча, арганізацыю навукова-практычных канферэнцый (1 раз у 2 гады), падрыхтоўку і выданне зборнікаў яе дакладаў, музейных сшыткаў. Навукова-экспазіцыйная (выставачная) дзейнасць ажыццяўляецца ў ходзе стварэння новых музейных экспазіцый, часовых выставак: мастацкіх, літаратурных, дакументальных і г.д.

Адрас: 220029, г.Мiнск, вул.М.Багдановiча, д.7
Тэлефоны: +375(017)234-07-61; +375(017)234-07-61 — прыёмная, +375(017)234-22-95; +375(017)234-22-95 — аддзел фондаў, +375(017)234-42-69, +375(017)234-42-69 — экскурсійна-масавы аддзел
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.