Аўторак, 23.04.2024, 14:25

БАРЫСАЎСКІ КАСЦЁЛ НАРАДЖЭННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ

Галоўная »
БАРЫСАЎСКІ КАСЦЁЛ НАРАДЖЭННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ размяшчаецца на вуліцы 3-га Інтэрнацыянала, у баку ад старажытнай гандлёвай плошчы Старабарысава горада Барысаў Мінскай вобласці.


Пабудаваны ў 1806—23 гг. з цэглы намаганнямі ксяндза А.Гзоўскага на месцы драўлянага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Фарнага) 1642 г., фундаванага барысаўскім старостам А.Казановічам і згарэлага ў 1806 г. Перабудаваны ў 1836—37 гг. (прыбудавана вежа-званіца). Пры храме меліся шпіталь на 27 ложкаў і пачатковая школа на 80 вучняў. Пасля паўстання 1863—64 гг. зачынены, у 1899 г. намаганнямі ксяндза Гурко адноўлены. У час пажару ў 1900 г. касцельныя будынкі згарэлі. Пры касцёле існавалі парафіяльная і павятовая школы. Зачынены ў 1937 г. і выкарыстоўваўся пад склад. У гады Другой сусветнай вайны фашысты расстралялі ксяндза Генрыха Глябовіча (у 1995 г. паміж Старым і Новым Барысавам асвячоны мемарыяльны крыж). Пасля вайны выкарыстоўваўся пад кінатэатр (знесена званіца), з 1965 г. — спартзала. Рэстаўрыраваны. У 1988 г. вернуты католікам і 14.07.1990 г. асвячоны біскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Першы драўляны храм Божай Маці з кляштарам адлюстраваны на плане горада канца 18 в. Меў даходы ад маёнтка Ратуцічы (Барысаўскі раён) і сямі гарадскіх «пляцаў». Па акту візітацыі 1654 г. храм меў крыжовую ў плане форму, гранёную званіцу над нартэксам, восем вялікіх аконных праёмаў, восем круглых люкарнаў, два ўваходы, пры апсідзе была сакрысція, тры алтары, на цвінтары была ўстаноўлена драўляная скульптура «Укрыжаванне».

Існуючы храм пабудаваны ў стылі позняга класіцызму (ампіру) паводле канона трохнефавай двухвежавай базілікі. У другой палавіне 19 ст. бакавыя вежы знесены і па цэнтры фасада ўзведзена масіўная пяціярусная (два васьмерыкі на трох чацверыках) вежа-званіца з высокім гранёным шпілем і крыжом ажурнай мастацкай коўкі. Першапачаткова ўваходны партал быў вырашаны манументальным класіцыстычным порцікам,у 1830 г. замест калон узведзена вежа, у яе ніжнім ярусе створаны тры арачныя ўваходы, аформленыя класічнымі пілястравымі парталамі з трохвугольнымі франтонамі, цэнтральны з якіх фланкіраваны дзвумя ярусамі арачных экседраў. Бакавыя нефы на фасадзе вылучаліся магутнымі арачнымі аконнымі праёмамі і прамавугольнымі парапетамі ў завяршэнні. Аб'ём цэнтральнага нефа больш высокі, накрыты двухсхільным дахам, які над прамавугольнай апсідай утварае трохвугольны франтон, завершаны чацверыковай сігнатуркай. У верхняй частцы сцен цэнтральнага нефа размешчаны паўкруглыя люкарны, бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі і буйнымі пілястрамі ў прасценках, апяразаны шырокім карнізам на дэнтыкулах.

Унутраная прастора падзелена на нефы магутнымі архаічнымі канелюраванымі калонамі дарычнага ордэра, якія падтрымліваюць высокі, буйна члянёны антаблемент з трыгліфным фрызам. Цэнтральны неф быў перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках, бакавыя — крыжовымі. Над уваходам — хоры, пад будынкам — скляпы. У галоўным алтары, вырашаным чатырохкалонным порцікам з «разарваным» франтонам, знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай з дзіцем (Адзігітрыя) у сярэбранай рызе. Па сценах бакавых нефаў былі размешчаны тэракотавыя гарэльефныя пано-стацыі на сюжэт Крыжовага шляху (1899).

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.