Чацвер, 17.08.2017, 20:32

БЕРАЗВЕЦКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА І КЛЯШТАР БАЗЫЛЬЯН


БЕРАЗВЕЦКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА І КЛЯШТАР БАЗЫЛЬЯН размяшчаецца ў вёсцы Беразвечча (цяпер у межах горада Глыбокае) Віцебскай вобласці.


Першы драўляны мужчынскі кляштар базыльян тут, у маляўнічай мясцовасці на паўночным беразе возера Глыбокае і ўсходнім возера Вялікае, з'явіўся ў 1643 г. па фундацыі старосты (з 1629 г.) і ваяводы (з 1639 г.) мсціслаўскага І.Л.Корсака (каля 1570 — 1643 гг.), які згодна запісу ад 19.09.1634 г. падараваў «русским черицам принявшим унию с римскою церковью» свой маёнтак Беразвечча з умовай, каб уніяты пасля яго смерці жылі пры манастыры, прапагандавалі хрысціянскае веравызнанне. Адпаведна пажаданню фундатара пры манастыры пачала дзейнічаць дваранская школа з вывучэннем матэматыкі, фізікі, малявання, французскай і нямецкай моў (размяшчалася разам з дзвумя пансіянатамі для студэнтаў у баку ад кляштара ў асобным мураваным будынку). Паміж 1756 і 1763 гг. пад патранатам уніяцкага архіепіскапа Фларыяна Грабніцкага на месцы ранейшых драўляных будынкаў быў змураваны уніяцкі кляштар з царквой. Будаўніцтва храма распачаў вядомы архітэктар Я.К. Глаўбіц у 1751 г. (па іншай версіі — італьянскі дойлід Ф.Плачыдзі). У 1753 г. базыльяне заключылі кантракт з архітэктарам Я.Т. Дзідрэйштэнам, якога Глаўбіц запрасіў з Кракава на службу да Плятараў. Будаўніцтва храма закончана ў 1756 г. Да 1767 г. быў сфарміраваны архітэктурны комплекс, які складаўся з царквы з араторыем (зімовая капліца, прыбудаваная ў 1766 — 67 гг.), жылога двухпавярховага корпуса, гаспадарчых будынкаў, сада, аб'яднаных мураванай агароджай з брамай. У другой палавіне 18 ст. рэзідэнцыя уніяцкага мітрапаліта Лісоўскага. У 1782 г. заснавана шасцікласная базыльянская школа для шляхецкіх дзяцей (выкладалі чатыры прафесары,у Віленскім універсітэце на сродкі кляштара навучалася 20 стыпендыянтаў), з 1782 г. па 1830 г. дзейнічала дваранскае вучылішча, з 1834 г. — чатырохкласнае праваслаўнае духоўнае вучылішча, якое з 1843 г. падпарадкоўвалася Літоўскай духоўнай семінарыі. Пасля скасавання царкоўнай уніі ў 1839 г. пачаўся заняпад архітэктурнага комплексу (валоданні канфіскаваны, зямля падзелена паміж навакольнымі вёскімі). Пазней ён быў перададзены праваслаўнаму мужчынскаму манастыру, які існаваў тут у 1847—74 гг. (быў прыпісаны да праваслаўнага Пажайскага Успенскага манастыра, царква пераўтворана ў прыходскую).

Па вызначэнні Свяцейшага Сінода ад 26—31.01. 1901 г. Ў ім размясціўся жаночы праваслаўны Ражджаства-Багародзіцкі манастыр са школай на 35 дзяўчат (на рамонты вылучана 10 тыс. рублёў). У 1910 г. храм перабудаваны пад Ражджаства-Багародзіцкую царкву, адкрыта вучылішча. У 1921 г. царква зноў перайшла да католікаў і асвячона ў касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла, а ў манастыры размясціўся польскі Корпус аховы памежжа. У 1930-я гг. кляштар рэстаўрыраваны. 3 канца 1939 г. па чэрвень 1941 г. ў кляштары размяшчалася турма НКУС, у гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкімі акупантамі на тэрыторыі манастыра быў створаны лагер смерці (шталаг № 351), пасля вайны — зноў турма. У 1960-я гг. касцёл разбураны.


Касцёл, па выказванні польскага інжынера-архітэктара А.Карчэўскага, — «апафеоз мастацтва ракако 18-га стагоддзя». Ён пабудаваны праз 10 гадоў пасля стварэння базыльянскай царквы ў Полацку (Сафійскі сабор), якая паўплывала на сучаснікаў сваёй нязвыкласцю, невядомай да таго вытанчанасцю форм і вертыкальнай струістасцю. Асноўныя кампазіцыйныя і дэкаратыўныя прыёмы полацкай царквы як у вонкавай архітэктуры, так і ў інтэр'еры прадубліраваны ў гэтым храме (у кантракце з Дзідрэйштэнам полацкі храм згадваецца як узор). Узведзены па кананічнай схеме трохнефавай двухвежавай базілікі з трансептам і размешчанымі ў ім бакавымі капліцамі. Накіраваная ў вышыню кампазіцыя храма — сапраўдны ўзлёт творчай фантазіі дойліда. Будынку былі ўласцівы складанасць ракурса, маляўнічасць сілуэта, пластычнасць архітэктурнай лепкі, ясны і энергічны рытм вертыкальнага руху. Прасторавай дынамічнасцю і актыўнай святлоценявой распрацоўкай вылучаўся хвалісты галоўны фасад, упрыгожаны калонамі, пілястрамі і нішамі. Хвалістыя,тонкапрафіляваныя карнізныя паясы падзяляюць фасад на пяць ярусаў. Нястрыманы рух кампазіцыі фасада ўверх падкрэслены магутным гарызантальна руставаным цокалем. У маляўнічым сілуэце храма немалаважную ролю адыгрываюць фігурныя шчыты паміж зграбнымі бакавымі вежамі, над крыламі трансепта і апсідай. Вежы аформлены фігурнымі шлемамі, лёгкімі, загнутымі ў аснаванні ў валюты пілястрамі. Дэкаратыўнасці будынка садзейнічала разнастайнасць формаў аконных і дзвярных праёмаў, чырвоны медны дах.

Дэкаратыўнае вырашэнне інтэр'ера і яго начынне праектаваў Глаўбіц (мяркуецца ўдзел Л.Грынцэвіча), мела адзіную ансамблевую мастацка-стылёвую трактоўку ў стылі ракако. У 1752 г. былі створаны тры стукавыя каляровыя алтары, а ў наступным годзе на іх узор — алтары трансепта і бакавыя (усяго сем: галоўны, два бакавыя ў прэсбітэрыі, два ў трансепце, два кулісныя пры слупах). Галоўны алтар быў выкананы ў выглядзе мураванай перагародкі ўвагнута-пукатага абрысу з уласцівымі стылю ракако тэмпераментам і складанасцю аб'ёмна-дэкаратыўнай кампазіцыі. Архітэктанічная кампазіцыя двух'яруснага алтара завяршалася «разарваным» франтонам плаўнага крывалінейнага абрысу, яго плоскасць крапавалася згрупаванымі калонамі і пілястрамі, інтэнсіўна крапаваным антаблементам. Паўавальныя скляпенні і сцены ўпрыгожвала паліхромная фрэскавая размалёўка (выяўлена падчас рамонту ў 1930-я гг.). Размалёўка была і ў інтэр'ерах кляштарнага корпуса. У інвентар 1829 г. адзначана: «Своды и частично стены различным и гысторычным малявидлом украшены».

Жылы корпус — П-падобны ў плане двухпавярховы мураваны будынак пад двухсхільным дахам, тарцы якога на франтальным фасадзе завершаны фігурнымі «разарванымі» франтонамі, крапаванымі лапаткамі. Фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [136]
Адукацыя [12]
Спорт [439]
Здарэнні [108]
Грамадства [226]
Эканоміка [10]
Транспарт [66]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [7]
Каляндар
«  Жнівень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.