Пятніца, 29.03.2024, 15:31

«БЯРЭСЦЕ», Археалагічны музей «Бярэсце»

Галоўная »
«БЯРЭСЦЕ», Археалагічны музей «Бярэсце» — філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Заснаваны ў г.Брэст рашэннем Савета Міністраў БССР ад 18.01.1972 г. Адкрыты для наведвальнікаў 02.03.1982 г. Размешчаны на Шпітальным востраве (Валынскім умацаванні) Брэсцкай крэпасці на месцы дзядзінца старажытнага г.Бярэсце, закладзенага дрыгавічамі. Загадчык Ю.І.Слесарук.

Бярэсце

У 1969-81 гг. і 1988 г. на месцы даўняга горада супрацоўнікамі аддзела археалогіі Інстытута гісторыі Акадэміі Навук БССР праводзіліся раскопкі пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук П.Ф.Лысенкі. Былі выяўлены дзесяткі драўляных пабудоў 11 — 13 ст., вулічныя маставыя, агароджы, шматлікія прадметы матэрыяльнай культуры таго часу. Агульная плошча раскопак дасягнула 1800 м2. Высокая канцэнтрацыя на параўнальна невялікай тэрыторыі добра захаваных пабудоў дазволіла стварыць унікальны музей. Узведзены спецыяльны павільён з бетону, шкла і анадзіраванага алюмінія памерам 40 х 60 м з выгляду нагадвае старажытнае жытло і пласты зямлі, якія «адкрываюць» тагачасны горад.

Бярэсце

Асноўны фонд музея (2008) налічвае больш за 43 тыс. адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — каля 500 адзінак. Агульная экспазіцыйная плошча 1370 м² (у цэнтры павільёна знаходзіцца раскоп плошчаю 1118 м², па абодвух баках якога размешчаны экспазіцыйныя залы плошчаю 252 м²).

Бярэсце

У 14 залах-нішах прадстаўлены раздзелы: узнікненне і гісторыя старажытнага Бярэсця, планіроўка і забудова горада, рамёствы — апрацоўка жалеза і каляровых металаў, кастарэзнае і гарбарнае рамёствы, прадзенне і ткацтва, ганчарства і дрэваапрацоўка; земляробства, гузікі, праколкі, грабеньчыкі, навершнік у выглядзе конскай галавы. Сярод знаходак — каменныя жорны, прасліцы, тачыльныя брускі, крыжыкі. Калекцыю скураных вырабаў складае абутак: поршні, боты, пантофлі (туфлі без заднікаў), а таксама ножны, кашалькі, мячы. Калекцыя вырабаў з дрэва прадстаўлена унікальнымі па ступені захаванасці канструкцыямі і дэталямі пабудоў (вянцы з насечкамі, дзверы, парогі, лесвіцы і інш.), механізмамі, прыстасаванымі ддя перапрацоўкі сыравіны (маслабойны прэс, ступы, таўкачы, калатоўкі, верацёны, ільнотрапалкі і льночасалкі, поўныя наборы дэталей ручнога млына, матавіла і ткацкага станка), прыладамі працы (рыдлёўкі, вілы, граблі), прыстасаваннямі для лоўлі рыбы (рыштунак сетак, паплаўкі, вёслы), хатнімі рэчамі (грабеньчыкі, лыжкі, выраблены на такарным станку посуд), дзіцячымі цацкамі і інш. Сярод вырабаў з шкла мелкія пацеркі, фрагменты бранзалетаў і посуду. Калекцыя керамікі самая буйная па колькасці прадметаў. Яе складаюць посуд: гаршкі, збаны, місы, а таксама знойдзеныя пры раскопках фрагменты амфар і кафлі, прасліца, бразготка, бурштын і вырабленыя з яго крыжыкі. Сярод найбольш каштоўных знаходак Бярэсця гэтай калекцыі — прадметы 11 — 13 ст.: самшытавы грабеньчык з выразанымі літарамі кірыліцы (своеасаблівы буквар), касцяная фігурка шахматнага караля, дубовае арала з жалезным наканечнікам для ўзарання зямлі — адзінае ўцалелае з тых часоў у Еўропе.

Бярэсце

Асновай экспазіцыі музея з'яўляецца раскоп. На глыбіні 4 м знаходзіцца частка рамесніцкага квартала — 28 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў 13 ст., 2 вулічныя маставыя, частакол, рэшткі глінабітных печак. Культурны пласт таўшчынёй да 7 м і высокая вільготнасць дазволілі захаваць многія з пабудоў на 5 — 9 вянцоў, некаторыя нават на 12 вянцоў, што з'яўляецца вялікай рэдкасцю. Будынкі — наземныя аднакамерныя квадратныя ў плане збудаванні, зрубленыя ў просты кут з круглых бярвён хвойных парод — пастаўлены глухімі сценамі да падоўжнай вуліцы, у 3 — 4 рады паміж папярочнымі, на адлегласці 40 — 60 см адзін ад аднаго. Дзвярныя праёмы прарубаліся ад 3 — 4-га вянца знізу ўверх на вышыню 6 — 7-і вянцоў, вокны вышынёй у 1 — 2 вянцы размяшчаліся амаль пад самым дахам. Двухсхільныя дахі накрываліся колатымі дошкамі. Падмуркам служылі падкладкі пад вуглы дамоў ці рэшткі ранейшых пабудоў.

Бярэсце

Штогод у музеі праводзяцца выстаўкі экспанатаў з археалагічнай калекцыі, дзейнічае пастаянная выстаўка «Археалагічныя помнікі Берасцейшчыны». З 1982 г. музей наведалі каля 3 млн. чалавек з больш чым 30 краін свету, праведзена больш за 28 тысяч экскурсій.

Адрас: 224018, г.Брэст, Брэсцкая крэпасць, Шпітальны востраў
Тэл.: +375-162-20-55-54: +375-162-20-55-98
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.