Чацвер, 25.04.2024, 14:57

БОНДАРСТВА

Галоўная »
БОНДАРСТВА — рамяство, выраб драўлянага посуду з клёпак (глядзіце бандарныя вырабы). Клёпкі (падоўжныя трапецападобныя ці акруглыя планкі) апрацоўвалі на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка. Для надання клёпцы ўвогнутага профілю выкарыстоўвалі скоблі і шархебель (від гэбліка з паўкруглым лязом). Больш складаным быў выраб акруглай бачарнай клёпкі, бакавы авал якой размячаўся цыркулем (размер) і прымяраўся ў спецыяльным шаблоне (модла). З гэтай мэтай выкарыстоўвалі і спецыяльны варштат у выглядзе шырокага ўслона з сегментавіднай адтулінай пасярэдзіне — шаблонам для клёпкі. Абручы рабілі на варштаце з дапамогай струга і нажа, гнулі на спецыяльнай калодзе — гбале, ці бабе. Днішча размячалі цыркулем. Уторны паз для мацавання днішча выпілоўвалі заторам, які меў лакальныя асаблівасці ў форме і канструкцыі. Найбольш старажытны спосаб — сцягванне бочак абручамі рознай велічыні з дапамогай нацягуша і чакухі; пазней выкарыстоўвалі таксама вяроўкі ці ланцугі, якія намотваліся на кола (па тыпу лябёдкі), кліны і лісічкі (драўляныя зажымы).

бондарства
Бондарства. Сцягванне корпуса бочкі.
Вёска Стадолічы Лельчыцкага раёна. 1978 г.

Важным у бандарнай справе было выкарыстанне той ці іншай драўніны: народныя майстры ўлічвалі пароду дрэва, яго стан, вільготнасць, умовы росту, сезон нарыхтоўкі. Адной з самых каштоўных парод быў дуб. З яго выраблялі бочкі і кадкі пад квас, сок, грыбы, гародніну; пры гэтым апрача трываласці і даўгавечнасці пасудзін мелася на ўвазе і здольнасць драўніны надаваць прадуктам спецыфічны смак, садзейнічаць працэсам квашання. З дубу рабілі таксама вёдры для студні, біклагі, барылкі, кубельцы і дзежкі; у дзежках дубовая клёпка нярэдка чаргавалася з сасновай ці яловай. З сасны найчасцей рабілі цэбры, балеі, жлукты, кублы, часам — бочкі і кадзі. Пры вырабе даёнак, боек, вёдзер аддавалі перавагу елцы, драўніна якой больш цвёрдая і менш успрымальная да вільгаці. Асіна і вольха больш прыдатныя для мер ёмістасці, пасудзін пад збожжа, кублаў для адзення. З асіны рабілі бочкі пад капусту. Абручы для посуду выраблялі звычайна з ляшчыны і дубу, радзей з елкі. Пры вырабе біклаг, барылак, вёдзер нярэдка выкарыстоўваліся жалезныя абручы, зробленыя мясцовымі кавалямі, аднак жалезныя элементы (абручы, ручкі, вушкі) часцей адносіліся да гарадскіх вырабаў.

бондарства
Бондарства. Бандарныя інструменты (злева-направа):
пілка, цыркуль, скобля малая, струг, затор, фуганак.
Вёска Хатынічы Ганцавіцкага раёна


Беларускія майстры, дасканала валодаючы бандарным інструментам, тонка адчувалі пластыку дрэва. Ведаючы разнастайныя якасці пэўных парод, яны ўмела выкарыстоўвалі іх пры вырабе розных відаў посуду. Майстар-бондар падыходзіў да кожнага традыцыйнага элемента асэнсавана і рабіў усё трывала, з густам. Функцыянальная мэтазгоднасць і канструкцыйны рацыяналізм, лаканізм ліній і форм, сціпласць аздаблення — адметныя рысы, што вызначалі жыццёвую сілу народнага рамяства. Без пісьмовых нарматываў і інструкцый народныя майстры інтуітыўна прытрымліваліся аптымальных параметраў (сучасныя патрабаванні Дзяржстандарта заснаваны на выніках шматвяковай практыкі народнага рамяства). Параўнанне з археалагічным матэрыялам (з раскопак старажытных Бярэсця, Полацка, Мінска, Гродна) не выяўляе істотных адрозненняў у тэхналогіі бондарства і сведчыць аб трываласці і пераймальнасці вытворчых традыцый.

У 19 — пачатку 20 ст. вылучаліся асобныя раёны, дзе бондарства набыло найбольш шырокае развіццё і як саматужны промысел з'яўлялася важнай падмогай у сялянскай гаспадарцы (Барысаўскі, Горацкі, Клімавіцкі, Сенненскі, Слуцкі паветы). Сваю прадукцыю бондары збывалі на месцы або везлі на бліжэйшыя рынкі і кірмашы. Мноства бандарнай клёпкі звозілася да рачных прыстаней і па Нёмане, Бугу, Заходняй Дзвіне вывозілася за мяжу; тутэйшая дубовая клёпка, вядомая пад назвай «мемельская» лічылася адной з лепшых у Еўропе, яе ахвотна куплялі прамыслоўцы Германіі, Францыі і іншых краін.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 9
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.