БОНДАРЫ — рамеснікі, майстры па вырабу драўлянага посуду (глядзіце
Бандарныя вырабы). У
Вялікім княстве Літоўскім вылучаліся ў асобныя двары (службы) і пасяленні. Працавалі ў панскіх маёнтках, манастырах, пры замках. У гарадах бондары стваралі свае цэхі. Існавала спецыялізацыя рамеснікаў на асобных стадыях бандарных вырабаў.
У сярэдневяковых інвентарах часта ўпамінаюцца службы клепачоў, якія выраблялі клёпку. У 18 — пачатку 20 ст. клёпку на Беларусі выраблялі на экспарт. Для сельскіх майстроў бондарства было пераважна падсобным для земляроба заняткам. У вёсцы бондары ёсць і ў наш час.