Субота, 20.04.2024, 12:12

БОРТНІЦТВА

Галоўная »
БОРТНІЦТВА — старадаўні лясны промысел, пачатковая форма культурнага пчалярства. Заснавана на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол — баровак — у штучных дуплах — борцях. Развілося з дзікага пчалярства, калі чалавек выпадкова (збіральніцтва), а пазней свядома (паляванне за мёдам) знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэў, знішчаў агнём пчол і забіраў мёд.

Як самастойны від ляснога промыслу бортніцтва прайшло 3 этапы развіцця: ахова і догляд дзікіх пчол у знойдзеных дуплах, свядомае ўтрыманне аселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах, развядзенне і ўтрыманне рою ў спецыяльна зробленых борцях.

Станаўленне працэсу бортніцтва адбылося ў 1 ст. н.э., што пацвярджаецца ўскосна-лінгвістычным матэрыялам (словы «мёд», «воск», «матка», «труцень» этымалагічна ўзыходзяць да агульнаславянскага моўнага адзінства). Пераход да класічнай формы бортніцтва адбыўся са з'яўленнем жалезных прылад працы (сякера, пешня), калі стала магчымым выдзёўбваць борці ў сырых ствалах дрэў; свайго росквіту дасягнула ў 10— 12 ст.

На працягу стагоддзяў бортніцтва задавальняла патрэбы ўсходніх славян ў мёдзе і іншых прадуктах жыццядзейнасці пчол — воск, праполіс. Мёд і воск былі галоўным відам экспарту. У пачатку 16 ст. толькі праз Полацкую мытную камору штогод вывозілася больш за 2 тыс. пудоў воску. У той час на Беларусі было больш 1 млн. борцяў, таварная прадукцыя якіх перавышала 0,5 млн. пудоў мёду штогод. Бортніцтва было прыбытковай галіной гаспадаркі. У 1773 г. Члухаўскае лясніцтва ў Аўгустоўскай пушчы за продаж драўніны выручыла 14 талераў 25 грошай, а бортны падатак склаў суму 507 талераў.

Бортніцтва выпрацавала сваю тэхналогію ўтрымання і догляду пчол, адмысловую тэхніку вырабу борцяў, бортных прылад і прыстасаванняў (барта, зубель, лязіва, медарэз, пешня, ройніца, сікаўка, сітак), посуду для захоўвання і транспарціроўкі мёду (берасцень, кадоўб, кузьня, лазьбень, ліпаўка, ліпечня, ручка), а таксама сродкі аховы борцяў (подкур, самабітка, оспы — вострыя дубовыя і металічныя штыры, што забівалі пад борцю, каб перашкодзіць мядзведзю дабірацца да пчол), свае прававыя нормы.

З канца 17 ст. ў выніку масавых высечак лясоў на продаж, пад ворыва, для прамысловых мэт пачаўся заняпад бортніцтва, а ў 1-й палове 19 ст. яно страціла сваё ранейшае гаспадарчае значэнне і саступіла месца калоднаму пчалярству. Да таго ж бортніцтва несла само ў сабе перадумовы будучага заняпаду. Існуючая роебойная сістэма пчалярства, пры якой восенню знішчалі найбольш моцныя сем'і, а на зіму пакідалі слабыя, частка якіх не дажывала да вясны, вяла да выраджэння мясцовай папуляцыі бортных пчол і змяншэння іх агульнай колькасці. Адмоўна паўплывала на развіццё баровак і ніжняя падрэзка сотаў у час медазбору, што вымушала пчол закладваць расплод ў новых (як гэта адбывалася ў натуральных умовах), а ў старых сотах. У асобных, чыста рэліктавых выпадках, бортніцтва захавалася да нашых дзён.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.