Серада, 24.04.2024, 00:01

БРАСЛАЎСКАЕ РАЁННАЕ АБ'ЯДНАННЕ МУЗЕЯЎ

Галоўная »
БРАСЛАЎСКАЕ РАЁННАЕ АБ'ЯДНАННЕ МУЗЕЯЎ. У 1984 г. рашэннем Браслаўскага райвыканкама на базе школьнага музея, арганізатарам і кіраўніком якога з'яўляўся настаўнік гісторыі і краязнавец А.Ю.Гарэлік, заснаваны гісторыка-краязнаўчы музей. Адкрыты для наведвальнікаў у кастрычніку 1988 г.. Дырэктары: В.С.Кейзер (1985-86 гг), затым Г.С.Падалян. У 1989 г. музей выступіў ініцыятарам стварэння Дома рамёстваў, у музейных памяшканнях пачалі працаваць гурткі па ткацтве, салома- і лозапляценні, глінянай пластыцы. У 1996 г. Дом рамёстваў рэарганізаваны ў Музей рамёстваў (цяпер Музей традыцыйнай культуры). На базе двух музеяў створана Браслаўскае музейнае аб'яднанне, якое ў 2001 г. атрымала статус юрыдычнай асобы з назвай «Навукова-даследчая ўстанова культуры «Браслаўскае раённае аб'яднанне музеяў». Уключае гісторыка-краязнаўчы музей і Музей традыцыйнай культуры.

Асноўны фонд аб'яднання (2008) налічвае 22 274 адзінак захоўвання, дапаможны — 4349 адзінак. Гісторыка-краязнаўчы музей мае 6 экспазіцыйных залаў агульнай плошчай 148 м² і выставачнае памяшканне. Музей традыцыйнай культуры — экспазіцыі, якія спалучаюцца з класамі-майстэрнямі агульнай плошчай 230 м² разам з выставачнай залай.

БраслаўУ археалагічным аддзеле гісторыка-краязнаўчага музея дэманструюцца прылады працы эпохі неаліту, бронзавага веку, матэрыялы даследаванняў гарадзішчаў жалезнага веку, курганных могільнікаў, паселішчаў перыяду Полацкага княства, у тым ліку комплекс жаночых упрыгожанняў 11 ст. з курганнага могільніка Укля, крыжыкі-энкалпіёны, полая падвеска-конік, косці жывёл з выявамі з гарадзішча Маскавічы (12 — 13 ст.), скандынаўская фібула 9 ст., ляпны гаршчок 10 ст. з Браслава, прасліцы 11 — 13 ст. з Дрысвят, кафля і зброя з замка ў Іказні, кафля, посуд і манеты з сярэдневяковай Друі. Адлюстраваны гісторыя Браслаўшчыны часоў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, падзеі вайны 1812 г., паўстання 1863-64 гг. Экспануюцца матэрыялы пачатку 20 ст., перыяду ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы. Этнаграфічны матэрыял прадстаўлены комплексам «Куток сялянскай хаты канца 19 — пачатку 20 ст.», вырабамі ткацтва, ганчарства, кавальства, разьбярства, пляцення, народнымі музычнымі інструментамі. У зале «Вялікая Айчынная вайна на Браслаўшчыне» зберагаюцца дакументы пра дзейнасць падпольных антыфашысцкіх арганізацый, партызанскіх атрадаў і брыгад, пра вызваленне краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Асобныя экспазіцыі прысвечаны краязнаўцам Браслаўскага раёна, ураджэнцу Браслаўшчыны мастаку П.Сергіевічу, медыку С.Нарбуту.

БраслаўМузей традыцыйнай культуры размешчаны ў адрэстаўрыраваным будынку млына пачатку 20 ст. і шэрагу новапабудаваных памяшканняў. У пастаяннай экспазіцыі адлюстраваны важнейшыя кірункі рамёстваў рэгіёна. Інтэр'ер асноўнага будынка падзелены на 3 узроўні, якія аб'яднаны каскадамі лесвіц і агульным аб'ёмам, аздобленым балюстрадамі і каванай жырандолей. Стэнды з экспанатамі побач з майстэрнямі, інтэр'ер якіх дапаўняюць асноўныя экспазіцыі.

Комплекс, прысвечаны пляценню, змяшчае старажытныя прылады для пляцення, знойдзеныя пры археалагічных раскопках, этнаграфічныя рэчы (кублы, гарцы, сумкі), а таксама вырабы сучасных майстроў пляцення П.К.Карэніка, І.С.Краўчонка, І.І.Дварэцкага, К.В.Лук'янца, М.Б.Чэркаса. Экспазіцыя «Разьбярства Браслаўшчыны» прадстаўлена работамі П.І.Зяляўскага, К.Б.Лапкоўскага, І.І.Шпаковіча. У ткацкай майстэрні побач з кроснамі і прыладамі, звязанымі з апрацоўкай лёну, воўны, экспануюцца разнастайныя вырабы ткачых Браслаўшчыны: посцілкі, ручнікі, дарожкі, паясы (аўтары А.І.Чапулёнак, Г.Я.Супровіч, Э.К.Друсь), а таксама адноўленыя спецыялістамі музея комплексы жаночага адзення 12 — 13 і 19 — пачатку 20 ст. Майстэрня рукадзелля аздоблена калекцыямі распісных велікодных яек, выцінанак, вырабамі ў тэхніцы рэшткавага шыцця. У асобным памяшканні знаходзіцца ганчарная майстэрня. На стэндах прадстаўлены старажытная кераміка (аскепкі вырабаў жалезнага веку, рытуальныя гаршкі 11 — 12 ст.), кафля і посуд 16 — 17 ст., калекцыя керамікі пачатку 20 ст., матэрыялы пра ганчарку Н.А.Кузьмінову.

З 2003 г. дзейнічае экспазіцыйна-гасцінічны комплекс «Заезны двор». У яго склад уваходзяць 7 пакояў для гасцей і экспазіцыя, якая адлюстроўвае гісторыю корчмаў і заезных двароў Браслаўшчыны на аснове гістарычных матэрыялаў і фотаздымкаў.

Музейнае аб'яднанне арганізуе выстаўкі, дэманстрацыі працы народных майстроў на фестывалях і святах. Штогод праводзіцца «Свята рамёстваў». У класах-майстэрнях праходзіць навучанне па шэрагу традыцыйных рамёстваў. Дзейнічае клуб народных майстроў і мастакоў «Ля возера». З 1989 г. праводзяцца навукова-краязнаўчыя канферэнцыі «Браслаўскія чытанні» (адбылося 7 канферэнцый, выдадзены 5 зборнікаў). У 2002 г. музейнае аб'яднанне прызнана пераможцам конкурсу на лепшы музей вобласці, у 2003 г. стала лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне музейнай справы.

Краязнаўчы музей
221970, г.Браслаў, вул.Энгельса, 39
Тэл-факс: +375-2153-21-445

Музей традыцыйнай культуры
221970, г.Браслаў, вул.Гагарына, 6
Тэл.: +375-2153-222-30

Гасцініца "Заезны двор"
221970, г.Браслаў, вул.Гагарына, 8
Тэл.: +375-2153-29-195

Фондасховішча
221970, г.Браслаў, вул.Пушкіна, 8
+375-2153-29-640
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.