Панядзелак, 21.08.2017, 07:49

БРЭСЦКІ КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА


БРЭСЦКІ КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА размяшчаецца ў горадзе Брэст на вуліцы Леніна.


Пабудаваны як кафедральны ў 1856 г. з цэглы паводле праекта памочніка архітэктара Я.Фардона. Першапачаткова гарадскі каталіцкі парафіяльны храм быў фундаваны пры вялікім князі Вітаўце ў 1412 г. У 1845 г. жыхары Кобрынскага фарштата Брэст-Літоўскай крэпасці Куроўскі, Бучынскі, Малеўскі і іншыя звярнуліся да статс-сакратара князя Галіцына з хадайніцтвам аб дазволе пабудаваць касцёл. Яно было задаволена 25.09.1849 г., але мураваны храм пабудаваны як кафедральны толькі праз 7 год. Гэта было звязана з тым, што гродзенскі губернатар быў незадаволены якасцю праекта і патрабаваў яго перапрацоўкі «...без прихоти, но в красивом стиле, где бы простота соединялась с изяществом католических костёлов».

Брэсцкаму гарадскому архітэктару Ул.Палікарпаву было даручана распрацаваць новы праект храма, «во всем согласный с предначертаниями Государя императора». Аднак архітэктар не мог зразумець сэнс пажаданняў імператара і адмовіўся ад задання. Якаў Фардон быў вымушаны па загадзе генерал-лейтэнанта Пяткіна распрацаваць новы праект, які быў зацверджаны імператарам 18.11.1849 г. Храм асвячоны архібіскупам В.Жылінскім у 1856 г. (10 тыс. парафіян). Да храма былі прыпісаны капліцы пры гімназіі імя Р.Траўгута, пры турме, на могілках, у доме сясцёр міласэрнасці св. Сямейства, у школе, пры пажарнай камандзе на чыгуначнай станцыі Брэст-Палескі. Разбураны ў Вялікую Айчынную вайну. У 1950—57 г. адноўлены з капітальнай перабудовай (зменены інтэр'ер, зняты дзве вежы на галоўным фасадзе). Да 1990-х гг. у будынку быў размешчаны абласны краязнаўчы музей. Перададзены вернікам.


Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны паводле базілікальнай планіровачнай схемы з паўкруглай апсідай і бакавой сакрысціяй. Галоўны фасад раней завяршалі дзве бакавыя вежы з трохвугольным на высокім атыку франтонам паміж імі (адноўлены); захавалася крапоўка пілястрамі і прамавугольнымі нішамі-блендамі з трохвугольнымі сандрыкамі. Галоўны ўваход вырашаны класічным пілястравым парталам з трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі на дзвух узроўнях, дэкарыраваны падаконнымі панэлямі з разеткамі і пілястрамі ў прасценках. У апсідзе створаны алтар, на хорах устаноўлены арган.


У храме знаходзіцца абраз «Маці Божая Браслаўская» з багатым гістарычным лёсам. 3 1607 г. захоўваўся ў дамініканскім касцёле ў Шароўцах на Падоліі, з 1635 г. ў брэсцкім дамініканскім кляштары; захоплена татарамі падчас казацкіх войнаў; адбіта Мікалаем Патоцкім і размешчана ў капліцы; яго жонка пасля смерці мужа ў 1676 г. перадала ўпрыгожаны металічнай рызай абраз з гербам Дуніных-Раецкіх у брэсцкі дамініканскі кляштар; 30.06.1995 г. каранавана як цудатворная.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [136]
Адукацыя [12]
Спорт [439]
Здарэнні [108]
Грамадства [226]
Эканоміка [10]
Транспарт [66]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [7]
Каляндар
«  Жнівень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.