Пятніца, 26.04.2024, 00:01

БРЭСЦКІ МУЗЕЙ «ВЫРАТАВАНЫЯ МАСТАЦКІЯ КАШТОЎНАСЦІ»

Галоўная »
БРЭСЦКІ МУЗЕЙ «ВЫРАТАВАНЫЯ МАСТАЦКІЯ КАШТОЎНАСЦІ» — філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты 04.02.1989 г. у г.Брэст як пастаянная выстаўка Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, з 01.01.1998 г. яго філіял. Адзіны ў Беларусі музей, дзе экспануюцца творы мастацтва і прадметы антыкварыяту, канфіскаваныя брэсцкімі мытнікамі пры спробе незаконнага вывазу іх за мяжу.

Брэст

Пачатак фарміраванню «мытнай» калекцыі пакладзены ў 1953 г., калі Брэсцкі абласны краязнаўчы музей атрымаў ад мытні 30 абразоў і вырабаў меднага мастацкага ліцця. У 1976 г. у выставачнай зале адбылася выстаўка найбольш цікавых экспанатаў, галоўным чынам твораў жывапісу. У 1987 г. арганізавана новая, больш прадстаўнічая выстаўка па колькасці і разнастайнасці экспанатаў і па ўзроўні мастацкага афармлення. З улікам вялікай каштоўнасці і своеасаблівага характару калекцыі было вырашана стварыць стацыянарную выстаўку «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці». Для яе размяшчэння рашэннямі брэсцкіх аблвыканкама ад 20.05.1985 г. і гарвыканкама ад 17.04.1986 г. абласному краязнаўчаму музею быў перададзены будынак — помнік архітэктуры 20 ст. (узведзены ў 1925-27 гг., архітэктар Ю.Лісецкі), адрэстаўрыраваны ў 1987 г. спецыялістамі аб'яднання «Белрэстаўрацыя». Праект экспазіцыі выстаўкі выканалі загадчыца мастацкага аддзела абласнога краязнаўчага музея І.М.Тарыма, архітэктар Ю.Ю.Шчарбакоў і мастакі Б.М.Малахаў і М.К.Канькоў. У 1989 г. яна прыняла першых наведвальнікаў. Экспазіцыя адлюстроўвае тэму аховы культурнай спадчыны ў Беларусі, адпавядае значэнню Брэста як пагранічнага горада, «заходніх варот» краіны. Загадчыца філіяла І.М.Тарыма.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 3852 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 247 адзінак. Экспазіцыя размешчана ў 10 залах агульнай плошчай 259 м². Першая зала прысвечана дзейнасці беларускай дзяржавы, мытнай і пагранічнай службаў па папярэджанні незаконнага вывазу культурных каштоўнасцей за мяжу. Экспануюцца фотаздымкі, зробленыя пры выяўленні кантрабанды, прадметы, выкарыстаныя ў якасці сховаў для яе, абраз «Уласій Севасційскі з жыціем», распілаваны на 6 частак, каб схаваць яго ад мытнікаў. У наступных 2 залах захоўваецца частка самай вялікай і каштоўнай у зборах музея калекцыі рускіх абразоў 16 — пачатку 20 ст. Менавіта яны на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў складалі пераважную большасць сярод прадметаў кантрабанды мастацкіх каштоўнасцей. У 1-м раздзеле экспазіцыі іканапісу размешчаны старажытнарускія абразы 16 — 17 ст., сярод якіх «Спас нерукатворны», «Маці Божая Уладзімірская», «Тройца Старазапаветная» і «Тройца Новазапаветная» («Айчына»). Наступны раздзел прысвечаны рускаму іканапісу новага часу. Абразы 18 ст. вызначаюцца барочным характарам, пышнасцю і дэкаратыўнасцю. У 19 ст. асабліва цаніліся абразы, выкананыя ў мініяцюрным стылі, якімі славіліся расійскія іканапісцы з г.п.Палех Іванаўскай вобласці і пас.Мсцёра Уладзімірскай вобласці. Прадстаўлены ў экспазіцыі абраз «Шасцідзён» выйшаў з майстэрні палехскага іканапісца В.Хахлова ў 1810-я г. Трохчасткавы абраз («Нараджэнне Хрыстова», «Нараджэнне Маці Боскай», «Выбраныя святыя») належыць мсцёрскай школе. Асаблівую цікавасць уяўляе абраз «Святая Ефрасіння Полацкая» канца 19 — пачатку 20 ст. з выявай святой ахоўніцы Беларусі. У асобнай зале зберагаюцца абразы ў сярэбраных акладах 18 — пачатку 20 ст., створаныя ў ювелірных цэнтрах Расіі: Маскве, Санкт-Пецярбургу, Яраслаўлі, Казані, Калузе і інш. Яны дазваляюць прасачыць эвалюцыю і змену стыляў, нарастанне свецкіх тэндэнцый у рускім праваслаўным мастацтве новага часу. Экспануецца таксама «Евангелле напрастольнае» ў сярэбраным акладзе, выкананым у 1761 г. у Санкт-Пецярбургу майстрам Я.Шлосвігам. Дапаўняюць экспазіцыю культавага мастацгва творы дробнай пластыкі, у тым ліку меднае мастацкае ліццё 19 — пачатку 20 ст. (прадстаўлены ўсе асноўныя тыпы, формы і сюжэты таго часу), і растоўская фініфць, выдзеленыя ў асобны раздзел. Ювелірнае мастацтва свецкага прызначэння прадстаўлена вырабамі сусветна вядомай фірмы Фабержэ, сярэбранымі каўказскімі паясамі і кінжаламі ў сярэбраных аправах. У зале мастацтва Усходу дэманструюцца традыцыйны японскі жывапіс на шоўку, кітайскія вазы, дэкарыраваныя перагародачнай эмаллю, японскі фаянс з майстэрняў Сацума, будыйская скульптура канца 19 — пачатку 20 ст. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Еўропы прадстаўлена мэбляй, бронзавымі кандэлябрамі і камінным гадзіннікам 19 ст., якія ўтвараюць экспазіцыйныя ансамблі ў інтэр'еры. Невялікую цікавую калекцыю складаюць вырабы вядомых фарфоравых заводаў Еўропы: Венскага, Капо ды Монтэ, Патшапэль у Саксоніі, імператарскага фарфоравага ў Санкт-Пецярбургу, завода Таварыства М.С.Кузняцова ў Вярбілках. Большасць твораў рускага і заходнееўрапейскага жывапісу размешчана ў асобных залах, адпаведна жанравай прыналежнасці. У зале пейзажнага жывапісу зберагаюцца «Марскі пейзаж» невядомага галандскага мастака 17 ст. (з кола Вілема ван дэр Вельдэ-малодшага), творы І.К.Айвазоўскага, Р.Г.Судкоўскага, А.Д.Кіўшанкі, Р.Р.Мясаедава, СА.Вінаградава, Ю.Ю.Клявера, А.П.Гараўскага. У партрэтнай галерэі вылучаюцца «Партрэт невядомага ў зялёным кафтане» І.Ф.А.Дарбеса, «Партрэт дзяўчыны» П.Я.Раўда. Жамчужынай залы графікі з'яўляецца эскіз М.А.Урубеля да яго карціны «Дэман зрынуты». Значная частка музейных прадметаў, у першую чаргу абразоў і карцін, патрабуе рэстаўрацыі.

Найбольш каштоўныя творы мастацтва рэгулярна экспануюцца на часовых тэматычных выстаўках, для якіх прызначана выставачная зала плошчаю 90 м². У 2000-04 гг. адбыўся цыкл выставак абразоў, прысвечаны 2000-годдзю хрысціянства. У гэтай зале таксама арганізуюцца персанальныя выстаўкі мастакоў Берасцейшчыны, замежжа, экспануюцца работы навучэнцаў мастацкіх школ і студый, праводзяцца творчыя сустрэчы з мастакамі, вечарыны, канцэрты камернай музыкі. Маюцца майстар-класы, літаратурна-музычныя і мастацкія салоны. Наладжана супрацоўніцтва музея з мастацкімі навучальнымі ўстановамі і студыямі Брэста, Брэсцкім абласным музычным таварыствам.

З 1989 г. музей наведалі больш як 1,2 млн. чалавек. Супрацоўнікі штогод праводзяць каля 700 экскурсій, выязджаюць з лекцыямі ў навучальныя ўстановы горада і вобласці. Супольна з навукова-асветным аддзелам краязнаўчага музея арганізавана работа выязнога музея «За Віфлеемскай зоркай». Рэалізуецца музейна-педагагічная праграма «Праваслаўнае мастацтва». Выстаўкі з фондаў музея пабывалі ў многіх гарадах Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы. Асноўнымі напрамкамі навукова-даследчай і навукова-фондавай работы з'яўляюцца атрыбуцыя твораў мастацтва, навуковае апісанне і каталагізацыя калекцыі.

Адрас: 224030, г.Брэст, вул.Леніна, 39
Тэл.: +375-162-20-41-95
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.