Панядзелак, 17.12.2018, 08:17

ДАВЫД-ГАРАДОЦКА-ТУРАЎСКІ СТРОЙ


ДАВЫД-ГАРАДОЦКА-ТУРАЎСКІ СТРОЙ – традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Усходняга Палесся. Бытаваў у асяроддзі мяшчан невялікіх гарадоў (Тураў, Давыд-Гарадок, Столін), мястэчак і буйных вёсак у 19 — пачатку 20 ст. Рэзка вылучаўся сярод іншых строяў ускладненымі сілуэтамі жаночага касцюма з арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын. У вырабе і аздабленні, як і ў адзенні гараджан, шырока выкарыстоўвалі мануфактурныя тканіны, каштоўныя ўпрыгожанні, па-мастацку апрацаваную скуру і інш.

Давыд-гарадоцка-тураўскі строй
Давыд-гарадоцка-тураўскі строй. Адзенне жанчын-мяшчанак.
Канец 19 ст. Горад Двыд-Гарадок Столінскага раёна


Аснову жаночага летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца, гарсэт (або куртка), фартух, пояс. Кашулю шылі з кужалю або белага «сарвету» (баваўнянай фабрычнай тканіны), з шырокім адкладным каўняром. У гарадчанак яна сціпла або зусім не аздаблялася, у тураўлянак аздаблялася на рукавах і каўняры раслінным або раслінна-зааморфным арнаментам, вышытым крыжыкам у чырвона-чорнай гаме. Спадніцу-андарак шылі з даматканага гладкафарбаванага цёмна-сіняга або чырвона-бурачковага сукна, спадніцу-сукню — з фабрычнай зялёнай, чорнай ці цёмна-сіняй шарсцянкі («бостынь», «саят»), па нізу нашывалі стужкі або тасёмкі галуну. Гарсэт (кабат, шнуроўка) з чырвонага, фіялетава-сіняга ўзорыстага або гладка-фарбаванага атласу, саціну ці ўзорыстай парчы; часта прышываўся да спадніцы (у выглядзе ліфа). У халоднае надвор'е паверх гарсэта або замест яго апраналі кароткую з валенага сукна куртку з рукавамі. Фартух 1-полкавы з фабрычных тканін цёмных тонаў, аднаколерны або са стракатым набіваным раслінным узорам. Гарсэт, спадніцу і фартух падпяразвалі шырокім поясам, выплеценым з чырвона-бардовых або вытканым з разнаколерных нітак (канцы пояса завязвалі ззаду). Тураўлянкі завязвалі шырокі, цвёрды пояс з залацістай парчы-галуну («галёніна»), які зашпільваўся на гаплікі. Экзатычны і падкрэслена самавіты вобраз жаночага касцюма стваралі арыгінальныя галаўныя ўборы галовачка, падушачка. Жанчыны насілі масіўныя нагрудныя ўпрыгожанні — чаканеныя з латуні вялікія крыжы мясцовай работы, пацеркі з натуральных камянёў і металу, абразкі, а таксама пярсцёнкі.

Давыд-гарадоцка-тураўскі строй
Давыд-гарадоцка-тураўскі строй. Адзенне сялян.
Пачатак 20 ст. Столінскі раён

Мужчынскае адзенне, блізкае да адзення гараджан, вызначалася высокім кравецкім майстэрствам, стрыманым аздабленнем (вышыўка шнуром, аплікацыя, нашыўка з футра і інш.). Летні гарнітур складаўся з кашулі (часцей запраўленай у нагавіцы), нагавіц, камізэлькі, галаўны ўбор — капялюш, зімой разнастайныя варыянты магеркі. Верхнім мужчынскім і жаночым адзеннем былі кажухі, курткі, шэрыя, цёмна-карычневыя світы, кроеныя з адразной спінкай, адкладным каўняром і выкладамі. Вопратку аздаблялі нашыўкамі чырвонага ці сіняга сукна, шнуром.

Аўтар: М.Ф.Раманюк
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [250]
Каталог файлаў [98]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [144]
Адукацыя [17]
Спорт [646]
Здарэнні [147]
Грамадства [257]
Эканоміка [10]
Транспарт [71]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [11]
Каляндар
«  Снежань 2018  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.