Чацвер, 28.03.2024, 20:00

ДОБРУШ

Галоўная »
ДОБРУШгорад раённага падпарадкавання, цэнтр Добрушскага раёна, за 23 км на ўсход ад Гомеля, 329 км ад Мінска, на р.Іпуць (прыток р.Сож). Чыгуначная станцыя на лініі Гомель – Унеча. Аўтадарогамі злучаны з Гомелем, Веткай, Церахоўкай і Навазыбкавам. 18,7 тысяч жыхароў (2008 г.). Ёсць геалагічнае агаленне – помнік прыроды рэспубліканскага значэння; на ўсходзе і захадзе мяжуе з лесам (хвойнік, помнік прыроды мясцовага значэння).

Добруш
Герб горада

Выяўленыя археолагамі курганныя могільнікі 10–12 ст. (39 насыпаў, 3 км на поўнач ад горада ва ўрочышчы Баравое Балота) і могільнік 10–12 ст. (14 насыпаў, 1,5 км на поўнач ад горада, ва ўрочышчы Ракітня) сведчаць пра засяленне гэтых мясцін з далёкай старажытнасці. У пісьмовых крыніцах Добруш вядомы з 14 ст. З 1335 г. ў складзе ВКЛ, з 1500 г. ў Маскоўскай дзяржаве, з 1537 г. зноў у ВКЛ (у Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства, велікакняжацкая ўласнасць). У 1560 г. вёска ў Гомельскім старостве. У 1640-я г. сяло Дубруша: 9 дымоў, 3 службы, 15 валоў, 10 коней. Інвентар 1752 г. сведчыць, што жыхары займаліся не толькі земляробствам, але і рознымі промысламі.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Добруш у складзе Расійскай імперыі: у Гомельскай воласці Беліцкага (з 1852 г. – Гомельскага) павета Магілёўскай, з 1919 г. Гомельскай губерні. З 1775 г. ва ўладанні фельдмаршала графа П.А. Румянцава-Задунайскага, з 1834 г. – фельдмаршала графа І.Ф. Паскевіча. У 1788 г. ў горадзе 546 жыхароў. З 1815 г. дзейнічала Мікалаеўская царква. У 1816 г. 126 двароў. Горад быў цэнтрам Добрушскай эканоміі Гомельскага маёнтка, у склад якой уваходзілі вёскі агульнай колькасцю 2006 двароў. З 1795 г. працавала палатняна-парусінавая мануфактура (у 1812 г. 60 рабочых). У той час гэта была самая буйная мануфактура ў Беларусі. Праз Добруш праходзіла паштовая дарога з Навазыбкава ў Беліцу. У 1841 г. збудавана мукамольня (18 рабочых), у 1860 г. завод па адліву катлоў, труб, каструль і іншых вырабаў. У 1842 г. працавала медзеплавільня (10 рабочых), з 1862 г. вінакурня. На р.Іпуць была пераправа-плаціна з 6 драўлянымі мастамі.

У 1871–72 гг. збудавана папяровая фабрыка (буйнейшая ў Еўропе). У 1876 г. на фабрыцы адкрыты прыёмны пакой і аптэка. У 1882 г. фабрыка атрымала вышэйшую ўзнагароду Усерасійскай мастацка-прамысловай выставы – права змяшчаць на сваёй прадукцыі дзяржаўны герб. У 1877 г. ўстаноўлена тэлеграфная сувязь, паштовае аддзяленне пазней ператворана ў паштова-тэлеграфнае. Дзейнічалі самадзейны хор і духавы аркестр. Са здачай у эксплуатацыю 08.08.1887 г. чыгуначнай лініі Гомель – Бранск дзейнічае чыгуначная станцыя. У народным вучылішчы ў 1889 г. навучаліся 40 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак, а ў 1902 г. былі ўжо 2 народныя вучылішчы з агульнай колькасцю 286 вучняў. На папяровай фабрыцы ў 1889 г. пачала працаваць першая на Беларусі электрастанцыя. Паводле перапісу 1897 г. ў сяле 332 двары, 1784 жыхары, царква, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 2 ветракі, 4 лаўкі, тракцір; у фальварку 30 двароў, 195 жыхароў, бальніца, царкоўна-прыходская школа, папяровая фабрыка. На чыгуначнай станцыі 4 двары, 32 жыхары, у Вылеўскай воласці. Гомельскага павета Магілёўскай губерні. З 1898 г. мелася тэлефонная сувязь з Гомелем. З 1903 г. дзейнічала група РСДРП.

Добруш
Папяровая фабрыка

У 1909 г. ў сяле 600 двароў, 2092 жыхары, 1808 дзесяцін зямлі, у фальварку 18 двароў, 132 жыхары. 5964 дзесяцін зямлі. У выніку пажару ў 1910 г. згарэлі 94 двары. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі выбраны Савет рабочых дэпутатаў. У жніўні 1918 г. ў час нямецкай акупацыі Фёдараўскі і Пераростаўскі партызанскія атрады занялі Добруш. У маі 1918 г. нямецкае камандаванне перадало Добруш разам з Гомельскім паветам Украіне. Сюды ўступілі гайдамакі гетмана Скарападскага. З выгнаннем немцаў былі выгнаны і гайдамакі. З 26.04.1919 г. ў складзе Гомельскай губерні РСФСР. 08.12.1926 г. перададзены БССР. З 08.12.1926 г. фабрычна-завадскі пасёлак, цэнтр раёна. У 08.12.1926 – 4.8.1927 г. цэнтр Добрушскага с/с (ліквідаваны ў сувязі з утварэннем гарсавета). З 04.08.1927 г. горад (пры вызначэнні класіфікацыі населеных пунктаў БССР 27.09.1938 г. аднесены да гарадоў раённага падпарадкавання). У 1928 г. ў выніку пажару згарэла 56 двароў. У 1927 г. працавалі торфазавод, кравецкая і шавецкая майстэрні, кузня, млын, хлебапякарня. Пры папяровай фабрыцы дзейнічаў лесазавод. У 1932 г. арганізавана МТС.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны створаны атрад народнага апалчэння (на 01.08.1941 г. каля 500 чалавек, кіраўнік Чухламін). У сярэдзіне жніўня 1941 г. ў лесе, на ўсход ад Добруша, размяшчаўся штаб 28-га корпуса Чырвонай Арміі. З 22.08.1941 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі. У кастрычніку 1941 г. на тэрыторыі МТС карнікі загубілі 184 жыхароў, спалілі і расстралялі 19 актывістаў. З жніўня 1941 г. да кастрычніка 1943 г. дзейнічала патрыятычнае падполле (6 груп, больш за 70 чалавек, кіраўнікі Н.С. Кулікоў, Дз.М. Гладышаў, У.І. Агрызна, Г.А. Тычынскі, С.М. Веркін, Т.К. Панкоў). У баях за горад загінулі 363 воіны і партызаны (пахаваны ў брацкіх магілах на вул.Гагарына, на могілках на праспекце Луначарскага, на вул.Чырвона-армейскай). Былі разбураны і спалены многія важныя прамысловыя і жылыя пабудовы. Вызвалены 10.10.1943 г. часцямі 48-й арміі Цэнтральнага фронта.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 07.03.1963 г. Добруш аднесены да гарадоў абласнога падпарадкавання. У 1939 г. ў горадзе было 13,8 тыс, у 1970 г. – 16,8 тысяч чалавек. Працуюць папяровая фабрыка «Герой Працы», фарфоравы завод (са снежня 1978 г.), цэлюлозны завод, хлебазавод, маслазавод, камбінат бытавога абслугоўвання, райаграпрамтэхніка, райплемстанцыя, 4 сярэднія, 2 васьмігадовыя, пачатковая школы, гімназія, прафесійна-тэхнічнае вучылішча, гарадскі і раённы Дамы культуры, музычная і спартыўная школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом школьнікаў, 3 кінатэатры, 3 бібліятэкі, бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі. Вядзецца радыёвяшчанне, выдаюцца раённая газета «Добрушскі край» (з 24.03.1935 г.) і шматтыражка «Бумажнік» (на папяровай фабрыцы «Герой Працы», з сакавіка 1924 г.).

Добруш
Музей

Добруш
Помнік Паскевічу Фёдару Іванавічу

Планіровачна горад складаецца з 2 падзеленых р.Іпуць частак. Забудова рэгулярная. Для грамадскага цэнтра характэрна кампактнае фарміраванне на аснове забудовы, якая гістарычна склалася з узведзенымі па перыметру грамадскімі будынкамі. Развіваецца горад у паўднёвым накірунку, дзе знаходзіцца чыгуначная станцыя, і паўночным, адкуль адыходзяць дарогі да г.Ветка і в.Дзям'янкі. Генеральны план забудовы Добруша распрацаваны Мінскім філіялам Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва. Уся забудова апошніх дзесяцігоддзяў мураваная, шматпавярховая.

Добруш
Свята-Мікалаеўская царква

Радзіма генерал-маёра, Героя Савецкага Саюза І.А. Уласенкі (яго імем названа вуліца ў горадзе), Герояў Савецкага Саюза Ф.Я. Кухарава (яго імя носіць сярэдняя школа) і П.М. Бухонкі (яго імем названа вуліца ў горадзе), вучонага ў галіне земляробства і глебазнаўства, члена-карэспандэнта АН БССР, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара М.Р. Чыжэўскага, контрадмірала Г.І. Міхалікава, партызанкі Р.І. Шаршнёвай, удзельніка Добрушскага падполля ў Вялікую Айчынную вайну Я.П. Петранкова (яго імя носіць адна з вуліц горада).

Крыніца: Гарады і вёскі Беларусі
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.