Серада, 20.09.2017, 03:25

ДРУЙСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ


ДРУЙСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ размяшчаецца на ўзвышаным беразе ракі Заходняя Дзвіна ў паўночнай частцы гарадскога пасёлка Друя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці.


Касцёл пабудаваны ў 1643—46 гг. па фундацыі падканцлера Вялікага Княства Літоўскага Казіміра Сапегі. Каля 1763 г. перабудаваны архітэктарам Л.Грынцэвічамі італьянскім дойлідам А.Парак. У 1690 (1706) г. збудаваны жылы корпус кляштара па фундацыі браслаўскага падчашага П.К.Кашаноўскага. У 1832 г. кляштар скасаваны, а ў 1839 г. перададзены праваслаўным. Адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды 1875—77 гг.


3 1923 г. кляштар займалі манахі ордэна марыянаў (заснаваны па ініцыятыве віленскага біскупа і генерала ордэна Ю.Матулевіча, скасаваны ў 1938 г.); з 1926 г. ў ім служыў Ф.Абрантовіч (1884 — 1940 гг.) — беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, які выступаў за вядзенне службы ў касцёлах і духоўных навучальных установах на беларускай мове. У 1924 г. манахі манастыра арганізавалі тут школу (з 1930 г. гімназія імя Стафана Баторыя), у якой вучыліся А.Цікота (у 1924—33 гг. дырэктар), Ч.Сіповіч (рэлігійны дзеяч, заснавальнік бібліятэкі імя Ф.Скарыны ў Лондане), П.Падзява (доктар філасофіі), У.Чарняўскі, пісьменнік Я.Германовіч, мастак В.Жаўняровіч, будучы гісторык В.Ярмаловіч.

У 1934—38 гг. кляштар аднавіў архітэктар Л.Вітан-Дубейкаўскі. У міжваенны перыяд з-за прабеларускай арыентацыі кляштара польскія ўлады выселілі яго манахаў. У канцы 1939 г. кляштар і гімназія закрыты. У 1944 г. касцёл пашкоджаны прамым пападаннем авіябомбы. 3 1947 г. будынак кляштара выкарыстоўвалі розныя навучальныя ўстановы. У 1989 г. перададзены парафіянам, адрэстаўрыраваны.

Кaсцёл — помнік архітэктуры барока. Аднавежавая трохнефавая базіліка з выцягнутай паўцыркульнай апсідай і аднабаковай сакрысціяй. Архітэктура збудавання вырашана ў спрошчаных пабарочнаму масіўных формах. Галоўны фасад мае ступеньчатую кампазіцыю, утвораную шчытом фасада з валютамі над бакавымі нефамі і высокай пяціяруснай вежай у цэнтры, якая ўвенчана фігурным купалам (надбудаваны ў 1772 г.), яе грані прарэзаны маленькімі паўцыркульнымі і круглымі аконнымі праёмамі, раскрапаваны вуглавымі пілястрамі і карнізнымі паясамі. Цэнтральны ўваход — у неглыбокай нішы. Бакавыя сцены нефа і апсіды ўмацаваны магутнымі контрфорсамі, прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі.


Унутры малітоўная зала перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Бакавыя сцены цэнтральнага нефа раскрапаваны пілястрамі і шырокай карнізнай цягай, дэкарыраваны філёнгамі, ляпным геаметрычным і раслінным арнаментам, пуцці. Плоскасці арак расчлянёны тонкімі арнаментальнымі кесонамі з ляпнымі разеткамі. Дэкор рэнесансавы — плоскасны, ураўнаважаны, з вельмі тонкай і лёгкай прарысоўкай усіх формаў. Інтэр'ер вырашаны ў 2 колерах: скляпенні пакрыты светлай вохрай, накладныя ордэрныя элементы і філёнгі — белыя. Цэнтральны (1764—67 гг.) і чатыры бакавыя (1779 г.) алтары і амбон выкананы ў стылі ракако. Цэнтральны алтар (1764—67 гг.) двух’ярусны, узняты на высокі цокаль; у яго бакавыя часткі ўпісаны вокны апсіды, што ствараюць эфект моцнага святлоценявога контражуру ў агульнай кампазіцыі. Пластыка алтара заснавана на спалучэнні пілястрава-калонных устояў з хвалістым, моцна раскрапаваным карнізам, які фланкіруюць сядзячыя скульптуры анёлаў на вітых валютах; пілястравы шчыт другога яруса запоўнены ляпной арнаментальна-скульптурнай кампазіцыяй «Глорыя»; у выразным стылі ракако выкананы ляпныя пілястры і картуш над нішай для алтарнай карціны «Укрыжаванне». Паводле такога ж мастацка-кампазіцыйнага прынцыпу зроблены два бакавыя і два кулісныя міжнефавыя алтары (1779 г.). На хорах быў ракайльны арган, выкананы ў 1762—67 гг. Д.А.Каспарыні.

Жылы корпус — двухпавярховы аб'ём, які ўтварае прамавугольны ўнутраны двор, далучаны да паўночнага бакавога фасада касцёла. Ад двара з трох бакоў праходзіць калідор, перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Прамавугольныя ў плане пакоі маюць цыліндрычныя і плоскія перакрыцці. Вуглавыя пакоі большыя за астатнія і выступаюць за агульны прамавугольны абрыс плана. Пластыка простая: прамавугольныя аконныя праёмы на гладкіх атынкаваных сценах і вузкі завяршальны карніз, які з'яўляецца адзіным ордэрным элементам.


Пры касцёле была пастаўлена мураваная званіца — твор архітэктуры барока (не захавалася). Двух'яруснае чатырохграннае збудаванне пад двухсхільным дахам; у завяршэнні франтальнага фасада — пластычны барочны шчыт з бакавымі валютамі і «разарваным» франтонам. Арачная ніша ў тымпане шчыта прызначалася для скульптуры. Праёмы былі вырашаны характэрнымі для стылю фестоннымі аркамі, сцены крапаваны лапаткамі, паўкалонамі, тонкапрафіляванымі карнізнымі паясамі. Перад касцёлам брама з агароджай, пабудаваная ў 1778 г. ў стылі позняга барока.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [136]
Адукацыя [13]
Спорт [451]
Здарэнні [110]
Грамадства [232]
Эканоміка [10]
Транспарт [66]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [8]
Каляндар
«  Верасень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.