Чацвер, 18.04.2024, 16:43

ДРЫБІН

Галоўная »
ДРЫБІН – гарадскі пасёлак, цэнтр Дрыбінскага раёна і Мехееўскага с/с, за 64 км на паўночны ўсход ад Магілёва, 10 км ад чыгуначнай станцыі Цёмны Лес на лініі Орша – Крычаў, на скрыжаванні аўтадарог, якія злучаюць гарадскі пасёлак з Магілёвам, Горкамі, вёскамі Цёмны Лес і Расна. Рэльеф раўнінны. На заходняй ускраіне цячэ р.Проня. 2,9 тысяч жыхароў (2008).



Герб і сцяг гораду

Помнікі археалогіі — курган эпохі Кіеўскай Русі (за 1 км на паўднёвы захад ад пасёлка) і 2 стаянкі каменнага веку сведчаць аб засяленні тэрыторыі пасёлка ў старажытнасці. У пісьмовых крыніцах Дрыбін вядомы з 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ; прыватнаўласніцкае мястэчка. У Паўночную вайну 1700-21 гг. у верасні 1708 г. генерал Баўр разам з кавалерыйскімі войскамі размясціўся тут і дакладваў Пятру I пра дыслакацыю шведскіх войск у наваколлі. Руская конніца паліла на шляху ворага населеныя пункты, каб знішчыць запасы харчавання. Разам з іншымі быў спалены і Дрыбін. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі, мястэчка ў Мсціслаўскай правінцыі Магілёўскай губерні, з 1777 г. ў Чавускім павеце Магілёўскай, у 1796-1802 гг. Беларускай губерняў. У 1776 г. мястэчка Дрыбін належала М.А. Абрамовічавай, налічвала 499 жыхароў; у суседняй в.Стары Дрыбін было 82 жыхары. Паводле Генеральнага межавання Расійскай імперыі, у 1784 г. Дрыбін — мястэчка, цэнтр маёнтка Чавускага павета, уладанне Цеханавецкіх (да 1864), 181 двор, 657 жыхароў, 25 лавак, млын, царква. У 1830 г. заснавана вінакурнае прадпрыемства (у 1884 — 9 рабочых, з 1900 г. дзейнічала паравая машына). У 1848 г. ў Дрыбіне 95 двароў, драўляная царква, мост на сваях праз р.Проня. У 1840-х г. сяляне мястэчка 6 разоў падавалі прашэнне на імя цара Мікалая I са скаргай на жорсткі прыгнёт з боку памешчыка. У 1845 г. адбылося выступленне сялян маёнтка, якое пачалося з іску аб вызваленні ад прыгоннага стану, дзе дрыбінцы сцвярджалі, што яны ўсе вольныя адпаведна дакументу, выдадзенаму быццам бы іх продкам у 1773 г., а Цеханавецкі незаконна завалодаў імі. Выступленне было жорстка падаўлена з дапамогай салдат Магілёўскага гарнізона (частка сялян памерла ад катаванняў, некаторыя былі адпраўлены у Чавускую турму), аб чым сведчыць сялянская скарга (падпісалася 84 чалавек) ад 10.05.1847 г. Мікалаю I. У 1860 г. ў мястэчку 883 жыхары, 167 драўляных дамоў, царква, 2 яўрэйскія малітоўныя школы, вінакурны завод, з 1862 г. працавала народнае вучылішча (у 1889/90 навучальным годзе тут вучыліся 50 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак). 24.04.1863 г. на шляху да Расна ў Дрыбіне (у маёнтку) спыніўся на адпачынак Горацкі паўстанцкі атрад пад кіраўніцтвам Л.Д. Звяждоўскага. У 1872 і 1883 гг. ў мястэчку заснавана 3 маслабойні, развіваўся дробны гандаль. У 1880 г. мястэчка Дрыбін — цэнтр воласці; 1080 жыхароў, 250 дамоў, 30 лавак, царква, 2 малітоўныя школы, валасное праўленне, вясковая лячэбніца, 2 млыны, школа граматы (з 1883). Адзін раз на год праводзіўся кірмаш. У 1890 г. быў заснаваны другі вінакурны завод (у 1900 — 8 рабочых), а ў 1899 г. яшчэ адзін (у 1813 — 11 рабочых, дзейнічаў паравы рухавік). З 1877 г. маёнтак і мястэчка знаходзіліся ва ўладанні Урангеля фон Гюбенталя, які меў у Дрыбіне і ў в.Картыжы 3225 дзесяцін зямлі, 2 вадзяныя млыны, піцейны дом, вінакурны завод. Акрамя земляробства жыхары займаліся шматлікімі промысламі — кравецкім, шавецкім, сталярным, бандарным, ганчарным, кавальскім, вырабам пячных кафляў, скур і жорнаў для млына. Аднак самымі вядомымі сярод рамеснікаў былі местачковыя шапавалы, якія нават распрацавалі сваю ўмоўную мову «катрушніцкі лемезень». Яе ў свой час вывучаў вядомы беларускі этнограф Е.Р. Раманаў. Назва «дрыбінскія шапавалы» ўвайшла ў прымаўку, а сам Дрыбін, дзякуючы сваім майстрам, стаў вядомы ў губерні і за яе межамі. Паводле перапісу 1897 г., Дрыбін — мястэчка Чавускага павета, каля р.Проня і шляху з Дрыбіна ў мястэчкі Горкі і Чавусы; 330 двароў, 2105 жыхароў, царква з багадзельняй, 4 сінагогі, малітоўны дом, школа граматы, народнае вучылішча, валасное праўленне, хлебазапасны магазін, 34 лаўкі, вадзяны млын, 2 піцейныя дамы. У 10-ю пятніцу пасля Вялікадня праводзіліся ярмаркі. Побач з мястэчкам знаходзіліся фальварак Дрыбін (каля сажалкі, 3 гаспадаркі, 27 жыхароў, капліца і млын), в.Стары Дрыбін (81 двор, 460 жыхароў), сядзіба святара Дрыбінскай царквы (4 жыхары). У 1909 г. Дрыбін налічваў 1959 жыхароў, 315 драўляных будынкаў, знаходзіўся ва ўладанні памешчыка М.М. Епіфанава. У 1905/06 навучальным годзе у Дрыбінскім народным вучылішчы (падпарадкоўвалася Магілёўскай дырэкцыі народных вучылішчаў) вучыліся 68 хлопчыкаў і 20 дзяўчынак, а ў 1907/08 навучальным годзе 72 хлопчыкі і 1 дзяўчынка. Працавала таксама царкоўна-прыходская школа. З 1902 г. дзейнічалі пажарныя таварыства і добраахвотная дружына, у 1904 г. пры валасным праўленні былі адкрыты паштовыя аперацыі, у 1910 г. паштова-тэлеграфнае аддзяленне, у 1911 г. ашчадная каса, працавалі аптэка, паштовая станцыя (у 1915 — 3 кані). У рэвалюцыю 1905-07 гг. у мястэчку ў красавіку 1905 г. баставалі рабочыя і рамеснікі. 24.01.1906 г. сяляне адмовіліся плаціць казённыя і мірскія зборы. У Першую сусветную вайну ў 1915 г. ў Дрыбіне дзейнічаў прызыўны пункт. Савецкая ўлада ўстаноўлена ў студзені 1918 г. Створаны чырвонагвардзейскі атрад. З 26.04.1919 г. Дрыбін у складзе Гомельскай губерні РСФСР, з 04.05.1922 г. ў Горацкім павеце, з 27.07.1922 г. ў Смаленскай губерні. З 03.03.1924 г. ў складзе БССР, з 17.07.1924 г. да 08.07.1931 г., з 12.02.1935 г. да 16.09.1959 г. і з 29.12.1989 г. цэнтр раёна Аршанскай акругі (да 26.07.1930), з 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. Адначасова з 20.08.1924 г. да 15.11.1995 г. Дрыбін — цэнтр Дрыбінскага с/с, з 15.11.1995 г. — Міхееўскага с/с. З 15.07.1935 г. — мястэчка, з 27.09.1938 г. вёска. з 19.11.1997 г. — гарадскі пасёлак. У 1923 г. 1997 жыхароў. У 1921 г. адкрыты дзіцячы сад, у 1924 г. створана сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, пачалі дзейнічаць пункты агранамічны, зернеачышчальны і па пракаце сельскагаспадарчай тэхнікі, хата-чытальня. У Дрыбіне і былым маёнтку былі створаны сельскагаспадарчыя арцелі : "Чырвоны сцяг” (1920; у 1924 30 га зямлі), «Гасцілаўка» (1921, па іншых звестках у 1923; у 1924 43 га зямлі), «Культура» (1923; у 1924 69 га зямлі), «Майскі дзень» (1924; 143 га зямлі), «Дрыбіна» (30 дзесяцін зямлі); саўгас «Дрыбін (309 дзесяцін зямлі), які ўваходзіў у лік прыпісных саўгасаў Беларускага сельскагаспадарчага інстытута (цяпер БСГА). У 1926 г. Дрыбін — мястэчка (427 двароў, 1522 жыхары) і сяло (44 жыхары). У 1930-я г. працавалі вадзяны і нафтавы млыны, кузня, кравецкая майстэрня «Чырвоная ігла» (з 1907; 22 рабочыя), шавецкая майстэрня, арцель «Смычка» (з 1930; 16 рабочых), смалакурны завод, арцель «Смалапрадукцыя» (з 1927; 23 рабочыя), хлебапякарня (з 1930; 2 рабочыя), крухмальны завод (з 1929), масларобча-сыраварны завод (з 1929), шапавальны завод. У 1929 г. арганізаваны калгас «Шлях Ільіча», у 1930 г. — саўгас «Дрыбін» свінагадоўчага напрамку. У 1931 г. ў саўгасе ўзведзены 6 памяшканняў для жывёлы, пабудовы для сельскагаспадарчых машын і захоўвання карняплодаў, жылы будынак для 40 рабочых; для жылля (на 10 кватэр) былі прыстасаваны памяшканні былога вінзавода. У 1936 г. пачала працаваць Дрыбінская МТС (у 1936 — 41 трактар), якая абслугоўвала навакольныя калгасы. У 1927 г. ў Дрыбіне дзейнічалі Народны дом (меўся радыёпрыёмнік), бібліятэка (у 1940 яе фонд склаў каля 11 тысяч экзэмпляраў кніг), бальніца (у 1931 — 35 ложкаў стаматалагічны кабінет), аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, яўрэйская і 7-гадовая школы. У 1935 г. працаваў заатэхнікум. У 1941 г. ў Дрыбіне 320 двароў, 1200 жыхароў.

У Вялікую Айчынную вайну з 14.07.1941 г. вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія стварылі тут лагер смерці, дзе загінулі 2496 савецкіх грамадзян. У сакавіку і верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 300 двароў, знішчылі 380 вяскоўцаў. 120 дрыбінцаў былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію (70 з іх вярнуліся), 393 вяскоўцы загінулі на фронце, 12 — у партызанскай барацьбе. 02.10.1943 г. Дрыбін вызвалены воінамі 49-й арміі Заходняга фронту. 695 землякоў — жыхароў вёсак саўгаса «Дрыбінскі» (Абраімаўка, Асінаўка, Бестрань, Гарадзецк, Дрыбін, Стары Дрыбін, Калінка, Кледнявічы, Крукаўшчына, Лядзешня, Міхееўка, Нікольск, Палоскі, Прыбужжа Новае, Старакожаўка, Язычкава, Ярыгі) загінулі на фронце і ў партызанскай барацьбе. У 1984 г. ў памяць аб воінах-вызваліцелях і земляках, якія загінулі ў баях супраць фашызму, на цэнтральнай вуліцы пасёлка ўстаноўлены помнік — скульптура салдата. З 1944 г. адноўлены калгас «Шлях Ільіча», з 1945 г. — Дрыбінкая МТС (у 1948 абслугоўвала калгасы Гарадзецкага, Дрыбінскага і Кледнявіцкага сельсаветаў). З 1960 г. вёска — цэнтр саўгаса «Дрыбінскі» (створаны на базе Дрыбінскай МТС і калгасаў імя Жданава, «Пражэктар», «3-і рашаючы», «Полымя», імя Варашылава, «Расія»). 22.02.1961 г. з яго складу выдзелены саўгас «Копцеўскі» (цэнтр — в.Копцеўка). У 1985 г. ў Дрыбіне 612 гаспадарак, 1556 жыхароў у 1992 г. — 1,5 тыс. жыхароў. З 03.01.1992 г. Дрыбін цэнтр калгаса «Дрыбінскі» (паводле іншых звестак арганізаваны 13.12.1996; раней эксперыментальная база «Дрыбінская»), 4,5 тысяч га зямлі. 29.11.2002 г. на базе калгаса «Дрыбінскі» створаны СВК «Дрыбін» (цэнтр г.п. Дрыбін), плошча 3928 га, у тым ліку сельскагаспадарчых угоддзяў 3576 га.


Экспазіцыя ў Дрыбінскім раённым
гісторыка-этнаграфічным музеі


У лістападзе 1996 г. ў межы г.п. Дрыбін уключана в.Стары Дрыбін. 26.02.2003 г. зацверджаны герб Дрыбіна, які быў распрацаваны дзяржаўнай геральдычнай службай Рэспублікі Беларусь. Шчыт герба, прамавугольны ў плане, з закругленай ніжняй часткай, мае фон у выглядзе чырвонага цаглянага мура ў 14 радоў. У цэнтры шчыта сіметрычна яго вертыкальнай восі размешчана выява падковы. Да верхняй часткі падковы прымыкае кавалерскі крыж. Да асновы падковы прымыкаюць яшчэ 2 кавалерскія крыжы, размешчаныя пад вуглом 45° да вертыкальнай восі шчыта. У 2006 г. ў Дрыбіне меліся 7 магазінаў, універмаг «Арсенал», кафэ «Проня», рэстаран «Фламінга», кандытарскі і каўбасны цэхі, УП «Аўтабаза Дрыбінскага раённага спажывецкага таварыства», унітарна-камунальнае прадпрыемства (УКП) «Жылкамгас», ДРБУ-217, электрасеткі, УКП «Бытпаслугі», раённыя ветэрынарная і племянная станцыі, унітарна-камунальнае вытворчае прадпрыемства «Рамбуд», Дрыбінскі цэнтр фізкультурна-масавай і спартыўнай работы, Дрыбінскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, цэнтральная раённая бапьніца, Дрыбінская цэнтральная раённая аптэка, ААТ «Дрыбінскі масларобчы завод», філіялы АСБ «Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк», дзіцячы сад № 1, яслі-сад «Светлячок», сярэдняя школа, вочна-завочная школа «Алімп», раённы Палац культуры, раённая цэнтральная бібліятэка, дзіцячая бібліятэка, Дрыбінская цэнтралізаваная дзіцячая школа мастацтваў, раённы гісторыка-этнаграфічны музей.


Будынак райвыканкама


Плошча

Папярэдні праект планіроўкі і забудовы быў распрацаваны ў 1982 г. БелНДІ горадабудаўніцтва. Планіроўка прамавугольная. Галоўная вуліца арыентавана з захаду на ўсход. На ёй размяшчаюцца асноўныя мураваныя грамадскія будынкі. На поўдзень і поўнач ад галоўнай праходзяць другарадныя вуліцы. Забудова двухбаковая, шчыльная. Жылыя дамы пераважна драўляныя, сядзібнага тыпу. У 1990-я г. ў сувязі з аднаўленнем Дрыбінскага раёна і змяненнем статуса Дрыбіна тут разгарнулася значнае будаўніцтва. Былі ўзведзены новыя жылыя дамы, будынкі райвыканкома, райваенкамата. райспажыўсаюза, Дома культуры, Дома быту, гасцініцы, Дома правасуддзя, раённага аддзела міліцыі, пажарнага дэпо, камбіната грамадскага харчавання, аўтавакзала, філіялаў «Беларусбанка» і «Аграпрамбанка», раённага вузла электрычнай і паштовай сувязі, магазіны і інш. Дрыбін — радзіма расійскага гісторыка, акадэміка Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук А. Л. Зевелева (н. ў 1921).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1388]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.