Чацвер, 25.04.2024, 15:27

ДРЫБІНСКІ РАЁННЫ ГІСТОРЫКА-ЭТНАГРАФІЧНЫ МУЗЕЙ

Галоўная »
ДРЫБІНСКІ РАЁННЫ ГІСТОРЫКА-ЭТНАГРАФІЧНЫ МУЗЕЙ заснаваны ў г.п.Дрыбін 15.02.1995 г. рашэннем Дрыбінскага раённага Савета народных дэпутатаў. Музею выдзелілі спецыяльнае памяшканне. Кіраўнікамі музея былі Т.У.Лосева, В.У.Нямыкін, А.У.Патупчык. З 2004 г. дырэктар А.М.Рабкавец. Асноўны фонд (2008) налічвае 2089 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 1445 адзінак. Экспазіцыйная плошча 253 м².

У музеі налічваецца 19 калекцый: археалогія, старадрукі, музычныя інструменты, народны касцюм, царкоўнае адзенне і прадметы культу, прадметы этнаграфіі і побыту, народная тканіна, дакументы і актавыя матэрыялы, фонадакументы, народныя майстры, зброя, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, прадметы, якія не ўвайшлі ў калекцыю, абразы, нумізматыка, значкі, фотаздымкі, друк, скульптура. У музеі 6 залаў: «Вялікая Айчынная вайна», «Промыслы і рамёствы», «Шапавальства», «Прырода Дрыбінскага краю», «Абразы», «Народнае адзенне».

Першая зала прысвечана перыяду Вялікай Айчынный вайны. Экспазіцыя прадстаўлена тэматычнымі стэндамі: «Мірны час», «Пачатак вайны, акупацыя», «Партызанскі рух на тэрыторыі Дрыбінскага раёна», «Лісты з фронту», «Героі Савецкага Саюза». Экспануюцца дакументальныя матэрыялы, фотаздымкі, зброя, плакаты ваеннага часу.

У зале «Промыслы і рамёствы» дэманструюцца прадметы хатняга побыту Дрыбінскага краю, якія адлюстроўваюць асаблівасці жыцця, сельскагаспадарчых заняткаў, рамёствы і промыслы мясцовых жыхароў. У экспазіцыю ўваходзяць прылады працы сялян, рамесныя вырабы, прадметы хатняга ўжытку, фотадакументы.

Зала экспазіцыі «Шапавальства» дэманструе працэс стварэння валеных вырабаў: шапак, валёнак, рукавіц. Абсталявана пад майстэрню саматужніка (прылады працы і вырабы).

Экспазіцыя залы прыроды краю прадстаўлена дажыначным снапом, у які ўплецены сельскагаспадарчыя культуры, што вырошчваюць на палях Дрыбінскага раёна. Экспануюцца фотавыстаўка на тэму «Дарагія куткі нашага краю» і чучалы птушак.

У зале «Абразы» зберагаюцца каля 100 абразоў, канфіскаваных на Брэсцкай мытні і перададзеных у музей Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем.

Зала народнага адзення прадстаўляе калекцыю традыцыйнага народнага касцюма Дрыбіншчыны. Дэманструюцца жаночы касцюм, які складаецца з кашулі, спадніцы, фартуха і гарсэта; ручнікі канца 19 — пачатку 20 ст. (з Дрыбінскага і суседніх раёнаў). Кампазіцыю дапаўняюць прадметы побыту: калаўроты, ткацкі станок, куфры.

Музей арганізуе і праводзіць выстаўкі, прымеркаваныя да ўсіх раённых мерапрыемстваў, стацыянарныя і перасовачныя. Прымаў удзел у фестывалі-ярмарцы «Дажынкі-2006» у г.Бабруйск і святкаванні Дня беларускага пісьменства ў г.Шклоў (2007). Работнікі музея рэгулярна выступаюць з радыёлекцыямі: «Музей і яго дзейнасць», «Дарогамі вайны», «Вызваленне Дрыбіна і ўсходняй часткі раёна». У 2005 г. на яго базе створана аматарскае аб'яднанне «Шапавал», дзе майстры-шапавалы перадаюць сакрэты свайго майстэрства школьнікам.

Адрас: 213430, гп.Дрыбін, вул.Савецкая, 5
Тэл.: +375-2241-246-08
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў,
Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.