Пятніца, 15.12.2017, 14:50

ДРЫСВЯЦКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА


ДРЫСВЯЦКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА размешчаны на возеры Дрысвяты ў паўночнай частцы вёскі Дрысвяты Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Пабудаваны ў 1929 г. з дрэва паводле праекта Л.Вітан-Дубейкаўскага (паводле іншых крыніц, у 1924—26 г..). Закрыты ў 1964 г. Дзейнічае з 1991 г., адрэстаўрыраваны.


У 16—18 ст. каля крапаснога вала быў пабудаваны невялікі касцёл, прысвечаны святым апосталам Пятру і Паўлу. На сучаснае месца храм перанесены ў пачатку 18 ст. пасля Паўночнай вайны, а там, дзе стаяў старажытны храм, пастаўлены каменны крыж. Захавалася копія акта першапачатковай фундацыі касцёла, напісанага «на сойме валном у Вильни» 06.02.1514 г.: «Жыкгимонт Божю млстю корол Полский, Великий Княз Литовский, Руский, Пруский, Жомойтский, Мазовецкий, Инфлянтский, панств и земль пан и дедич. Упатруючы и уважаючы мы то в нас с милностю, иж на том свете заслуги нет перед Пном Богом лепшое, яко в розмногженю хвалы Божое, а звалашча межы людми и подданымі иншыми, которые еще недавно с темностей поганских сут навершеные на веру хрестиянскую, розказали есмо воеводе нашому Виленскому пну Миколаю Радзивилу, державцы Дрысвяцкому, абы збудавал церков Матки Божое набожества светого рымского костела в месте нашом Дрысвяцком...». Старажытны касцёл быў пабудаваны Мікалаем Радзівілам паводле каралеўскага ўказа ў 1514 г. Гісторыю касцёла ўскладняе інвентар касцёлаў і манастыроў Віленскай дыяцэзіі 1667—75 гг., у якім гаворыцца, што стары касцёл перабудаваны ў 1611 г. Лукою Ласоўскім, а ў 1673 г. папраўлены і новымі гонтамі накрыты Мікалаем Германовічам. «Слоўнік геаграфічны каралеўства Польскага...» (Варшава, 1881. Т. 2) паведамляе, што драўляны касцёл рамантаваўся ў 1725 г. ксяндзом Рудамінам. У інвентары 1744 г. згадваецца касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла, збудаваны віленскім ваяводам Л.Пацеем сумесна з Я.Гарайнам. Інвентар 1783 г. падае, што касцёл Пятра і Паўла збудаваны Пацеем на новым месцы; касцёл жа першай фундацыі стаяў «за местам на востраве». Падчас Першай сусветнай вайны цалкам знішчаны.

Помнік драўлянага дойлідства з рысамі стылю мадэрн. Пры знешняй авангарднай арыгінальнасці захаваў касцельны кампазіцыйны канон: аднавежавы прамавугольны ў плане храм з пяціграннай апсідай, прытворам і сакрысціямі. Зрубы накрыты асобнымі пукатымі дахамі — двухсхільным з заломам над асноўным аб'ёмам і вальмавым над апсідай. На галоўным фасадзе вялікі шырокі вальмавы навес падтрымліваецца чатырмя тонкімі мураванымі калонамі і ўтварае галерэю-падценне. Такія ж падценні зроблены і пры сакрысціях. Вежа-званіца над галоўным фасадам шасціярусная: два ніжнія ярусы чацверыковыя, над імі — васьмярык, вышэй — маленькі купал на дзвух цыліндрычных шыйках. Ярусы вылучаны прафіляванымі карнізамі пад гонтавымі сцёкамі. Дах над апсідай завершаны маленькай фігурнай сігнатуркай, якая ўзбагачае сілуэт і пластыку храма. Вертыкальна ашаляваныя фасады прарэзаны паўцыркульнымі, круглымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

У інтэр'еры 8 драўляных слупоў падтрымліваюць кесонную столь, якая пакрыта алейнай арнаментальнай размалёўкай. Над нартэксам размешчаны хоры. Галоўны алтарны абраз «Пакланенне вешчуноў» набыў уплыў еўрапейскіх стыляў готыкі і рэнесансу (першае дакументальнае сведчанне адносіцца да 1674 г.). Паводле інвентару 1744 г., галоўны алтар касцёла «рознымі колерамі найцудоўнейшым чынам намаляваны» ў 1743 г. ксяндзом Дусяцкім Рудамінам, меў у першым ярусе абраз «Укрыжаванне Збавіцеля», у другім — «Святыя Пётр і Павел».

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [137]
Адукацыя [13]
Спорт [487]
Здарэнні [116]
Грамадства [243]
Эканоміка [10]
Транспарт [67]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [9]
Каляндар
«  Снежань 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.