Пятніца, 19.04.2024, 22:43

ДВУХНІТОВАЕ ТКАЦТВА

Галоўная »
ДВУХНІТОВАЕ ТКАЦТВА — адна з найбольш старажытных і распаўсюджаных тэхнік народнага ткацтва. Ткацтва на 2 нітах давала магчымасць атрымаць тканіны палатнянага ці рыпсавага перапляцення. Выкарыстоўвалася самастойна і ў спалучэнні з іншымі відамі ткацтва (закладным, браным, выбарным, ажурным, пераборным; глядзіце адпаведныя артыкулы). Двухнітовым спосабам звычайна ткалі льняное палатно (кужаль, зрэб’е, радно), некаторыя ўзорыстыя тканіны (спаднічныя, посцілкавыя) з разнаколернай ільняной або шарсцяной пражы, ручнікі. Аснова дэкаратыўнага рашэння – клетка і палоска.

двухнітовае ткацтва
Двухнітовае ткацтва. "Костачкі"

У канцы 19 – пачатку 20 ст. клятчастыя льняныя спадніцы (рабізны, рабакі, рабушкі, рабейкі, саматканкі і інш.) у вёсках насілі амаль паўсюдна. Рэгінальныя асаблівасці выяўляліся ў пераважанні якога – небудзь колеру (напрыклад, на Магілёўшчыне і Гомельшчыне чырвонага, на Віцебшчыне цёмна – сіняга) або вертыкальных ці гарызантальных палос, маштабных клетак. Сярод шарсцяных двухнітовых спаднічных тканін найбольш пашыранымі былі тканіны ў палоску (даматканкі Брэстчыны, андарак і Магілёўшчыны) і клетку (андаракі Міншчыны і Гомельшчыны). На аснове палатнянага перапляцення атрымлівалі розныя дробныя ўзоры, выкарыстоўваючы каляровыя ніткі асновы і розныя камбінацыі двухчаўночнага ўтку. Так, для спаднічнай тканіны "костачкі" (Віцебшчына, Магілёўшчына) рабілі двухколерную аснову, у якой цёмныя і светлыя ніткі чаргаваліся праз адну. Пры запраўцы красён іх накідвалі ў розныя ніты (напрыклад, цёмныя ў першы ніт, светлыя ў другі), мяняючы месцамі праз роўную колькасць нітак. Светлыя і цёмныя ніткі ўтку чаргаваліся ў тым жа парадку. Пры гэтым атрымлівалі тканіну са штрых авымклятчастым узорам.

двухнітовае ткацтва
Двухнітовае ткацтва. Тканіна для андарака.
Вёска Зялёнкі Любанскага раёна


У тканінах для фартухоў, ручнікоў і іншых выкарыстоўвалі ўточны рыпс, атрыманы на аснове палатнянага перапляцення (тонкія ніткі ўтку поўнасцю перакрывалі больш тоўстыя ніткі асновы). Такім чынам атрымлівалі палосы шчыльнага ўточнага насцілу (пераважна чырвонага колеру) на белым фоне. Такі спосаб упрыгожвання тканін называўся ператыканнем (Палессе). Шырока выкарыстоўваліся і дробныя двухчаўночныя ўзоры – зубчыкі, шашачкі. Такія ж прыёмы арнаментацыі характэрны для льняных посцілкавых тканін Гомельшчыны (посцілкі "кацавыя"), у якіх рэдкія ніткі асновы (цераз трасціну) поўнасцю пакрываліся ніткамі ўтку. Своеасаблівых дэкаратыўных эфектаў дабіваліся выкарыстаннем утку рознай таўшчыні і рознай шчыльнасці натыкання ўтку (фартухі Заходняга Палесся). Для атрымання вузкіх узорыстых палосак у зеў закладвалі тонкія шнуркі, скручаныя з нітак кантрастнага колеру (напрыклад, чырвонага і чорнага, чырвонага і белага і інш.). Такі прыём выкарыстоўвалі ў тканінах для фартухоў, спадніц (Столінскі раён), ручнікоў (Гомельскі раён), пазней – пры тканні палавікоў і посцілак.

Аўтар: М.М.Віннікава
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.