Пятніца, 29.03.2024, 00:39

ДЫВАН

Галоўная »
ДЫВАН – 1) тканы (часам вышываны, вязаны) выраб з воўны, шоўку, бавоны, лёну або штучнага валакна, прызначаны для ўпрыгожання і ўцяплення жылля. Дыван прыбівалі да сцяны, як і дэкаратыўнымі посцілкамі, засцілалі ложак; імі ўпрыгожвалі інтэр’еры царкоўных храмаў. Дыван быў абавязковым атрыбутам вясельнага абраду (у час шлюбу пад ногі маладым слалі дыван або посцілку).

дыван
Дыван. Вёска Баброўнікі Валожынскага раёна

Найбольш пашыраная кампазіцыя дыванаў – геаметрычны ці раслінны арнаментальны ўзор па цэнтры поля, акаймаваны шлякам. Беларускае дыванаткацтва мае шматвяковыя нацыянальныя традыцыі ў распрацоўцы ўзорыста-колеравых кампазіцый, тэхнік і прыёмаў ткання (глядзіце Ткацтва).

Археалагічныя знаходкі сведчаць, што на Беларусі дываны вядомы з часоў Кіеўскай Русі. Самыя старажытныя – бязворсавыя двухбаковыя дываны-кілімы. Ворсавыя дываны пачалі вырабляць у канцы 14 ст. У 14 – 17 стст. дыванаткацтва паступова ператварылася ў рамяство: узніклі ткацкія цэхі ў Слоніме (1605), Капылі (1652) і інш., а таксама ткацкія майстэрні пры маёнтках і манастырах, у якіх працавалі прыгонныя сяляне.

Дываны-кілімы ткалі ў нескладанай тэхніцы палатнянага перапляцення з выкарыстаннем каляровага ўтку, які ўтвараў звычайна геаметрычныя ўзоры. У 16 – 18 стст. традыцыйны геаметрычны арнамент дапоўніўся раслінным – стылізаваныя кветкі, вазоны і інш. Паступова ўскладнілася тэхніка ткання дываноў. Пачалі выкарыстоўваюць розныя віды пераборнага ткацтва, якое дазволіла разнастаіць узор і колеравую гаму тканін (матывы стылізаваных кветак, галінкі з лісцем, гарманічна скампанаваныя вакол цэнтра).

дыван
Вёска Паставічы Старадарожскага раёна

Унікальная з’ява ў еўрапейскім ткацтве – падвойныя дываны, якія выраблялі на Беласточчыне і Гродзеншчыне, часткова на Віцебшчыне. Складаная тэхніка выканання (глядзіце Падвойнае ткацтва) патрабавала ад ткачых вялікага майстэрства. Падвойныя дываны выкарыстоўвалі звычайна ў вясельным абрадзе, таму на іх вытыкалі матывы вясельнага карагода з фігуркамі дзяўчыны і хлапца, а таксама выявы птушак, зрэдку дрэва жыцця.

У наш час узорныя кампазіцыі дываноў сталі больш разнастайнымі за кошт распрацоўкі асобных элементаў і шматколернасці. Кампазіцыі з папярочных палос, дзе спалучаюцца элементы расліннага і геаметрычнага арнаменту, пераважаюць у дываноў Гродзенскай вобласці. Для дываноў Гомельскай вобласці характэрны буйныя геаметрычныя ўзоры, вакол якіх кампануюцца меншыя элементы, і яркая насычаная колеравая гама (некаторыя дываны нагадваюць тканыя вітражы). Дываны Мінскай і Магілёўскай абласцей як шматколерныя, так і двухколерныя з геаметрычным і раслінным арнаментам. На Віцебшчыне дываны больш стрыманага колеру – пераважна двухколерныя з геаметрычным малюнкам. Вышываныя дываны дэкорам і кампазіцыяй падобныя на тканыя.

2) Вырабы, маляваныя на тканіне, радзей паперы або цыраце, прызначаныя для ўпрыгожання інтэр’ера жылля. Глядзіце маляваныя дываны.

Аўтар:
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.