Панядзелак, 29.04.2024, 01:12

ДЗЯРЖАЎНЫ МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Галоўная »
ДЗЯРЖАЎНЫ МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ заснаваны 06.11.1987 г. у Мінску паводле загаду Міністэрства культуры БССР. Адкрыты для наведвання ў 1991 г. Размешчаны ў гістарычным цэнтры горада ў 3 будынках Траецкага прадмесця. З'яўляўся галаўной арганізацыяй у Аб'яднанні дзяржаўных літаратурных музеяў, утвораным 25.03.1986 г. на базе Аб'яднанай дырэкцыі літаратурных музеяў Мінска. 29.06.2001 г. на падставе загаду Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з аб'яднання былі выведзены Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, пазней Літаратурны музей Петруся Броўкі разам з філіяламі. Аб'яднанне было рэарганізавана і далучана да ўстановы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры». Першым кіраўніком музея з'яўляўся Л.Т.Хадкевіч. З 2002 г. дырэктар Л.В.Макарэвіч.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Асноўны фонд музея з філіяламі (2008) налічвае 41 087 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 4706 адзінак. Экспазіцыйна-выставачная плошча 8 залаў галаўнога музея 371,9 м² (разам з 4 філіяламі 832,7 м²).

Музей з'яўляецца буйнейшым літаратурным музеем краіны, займаецца дакументаваннем літаратурнага працэсу ў Беларусі ў шырокім гістарычным кантэксце. Тут захоўваюцца і дэманструюцца матэрыялы, якія адносяцца да жыцця і творчасці вядомых беларускіх пісьменнікаў: ад рэдкіх аўтографаў, кніг, рукапісаў, фотаматэрыялаў, дакументаў да твораў выяўленчага мастацтва і мемарыяльных рэчаў. Сярод найбольш значных па колькасці і адметнасці персанальных матэрыялаў вылучаюцца архівы пісьменнікаў В.Быкава, В.Віткі, А.Вярцінскага, Ц.Гартнага, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Звонака, В.Зуёнка, У.Караткевіча, У.Карызны, К.Крапівы, М.Лынькова, С.Новіка-Пяюна, Я.Семяжона, Цёткі, І.Чыгрынава, І.Шамякіна і інш. Рарытэты музея складаюць рукапісныя кнігі (царкоўнага і свецкага зместу) і старадрукі 17 — 18 ст. (Віленскай друкарні Мамонічаў, Нясвіжскай друкарні Радзівілаў, Полацкага езуіцкага калегіума), прыжыццёвыя выданні: «Гапон» В.Дуніна-Марцінкевіча (1855), «Вянок» М.Багдановіча (1913), «Абразкі» З.Бядулі (1913), «Сялянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны» Я.Чачота (1845) і інш., асабістыя рэчы, рукапісы, творы класікаў беларускай літаратуры, пісьменнікаў 19 — пачатку 20 ст. (З.Бядулі, Цёткі, К.Буйло, Я.Купалы, Я.Коласа і інш.), каштоўныя выданні і перавыданні пачатку мінулага стагоддзя — «Дудка беларуская» (1907), «Смык беларускі» (1908) Ф.Багушэвіча, «Шчароўскія дажынкі. Купала» В.Дуніна-Марцінкевіча (1910), «На зачарованых гонях» (1923), «Салавей» (1927) З.Бядулі, «Вязанка» Я.Лучыны (1903) і інш., кнігі з аўтографамі, экслібрысы, рэдкія адзінкі іканаграфіі, фотаматэрыялы 19 — 1-й палавіны 20 ст., матэрыялы, звязаныя з развіццём літаратурнага працэсу 1920-30-х г. (А.Бабарэкі, М.Гарэцкага, М.Зарэцкага, А.Мрыя, Я.Пушчы, К.Чорнага і інш.). У музеі захоўваюцца асабістыя рэчы Ц.Гартнага, У.Дубоўкі, К.Крапівы, М.Лынькова, Я.Маўра, С.Новіка-Пяюна, І.Шамякіна, партрэты беларускіх пісьменнікаў, экслібрысы, ілюстрацыі да твораў беларускай літаратуры мастакоў Э.Агуновіча, В.Барабанцава, В.Бялыніцкага-Бірулі, А.Волкава, П.Драчова, А.Кашкурэвіча, М.Купавы, П.Лука, А.Марыкса, А.Тычыны, В.Фёдаравай, М.Філіповіча, Л.Шчамялёва, В.Янушкевіча і інш.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Музейны збор уяўляе комплекс разнастайных крыніц (рукапісы, рукапісныя кнігі, друкаваныя выданні, старадрукі, кнігі з аўтографамі), што складае 69% ад агульнай колькасці музейных прадметаў асноўнага фонду. Значнымі з'яўляюцца калекцыі рэчыўных помнікаў, фотаматэрыялаў, графікі, этнаграфіі. Большая частка музейнага збору ўкамплектавана ў 1987-97 гг. (62,5% ад агульнай колькасці адзінак асноўнага фонду). Павялічылася колькасць фондавых паступленняў за 2002-07 гг. (20,4% асноўнага фонду). Назіраецца тэндэнцыя пастаяннага росту новых паступленняў у сувязі з неабходнасцю і неадкладнасцю дакументавання зменаў у літаратурна-творчым, культурным і грамадскім жыцці краіны.

У дзейнасці музея значнае месца займае праца з філіяламі, якія створаны ў розных абласцях Беларусі. Яны выконваюць ролю мемарыяльных аб'ектаў і размяшчаюцца на радзіме вядомых пісьменнікаў. Пасля рэарганізацыі аб'яднання за музеем было замацавана права аператыўнага кіравання 6 філіяламі: Літаратурны музей К.Чорнага ў в.Цімкавічы (Капыльскі раён), Музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе» ў в. Завоссе (Баранавіцкі раён), Гісторыка-літаратурны музей у в.Гарадок (Маладзечанскі раён), Музейны комплекс у в.Плябань (Маладзечанскі раён), Музей-сядзіба Ф.Багушэвіча «Кушляны» ў в.Кушляны (Смаргонскі раён), Літаратурны музей Максіма Гарэцкага ў в.Багацькаўка (Мсціслаўскі раён). У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10.12.2007 г., загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 18.12.2007 г. і рашэннем Маладзечанскага райвыканкама ад 27.12.2007 Гісторыка-літаратурны музей (в.Гарадок) і Музейны комплекс (в. Плябань) перададзены ў камунальную ўласнасць Маладзечанскага раёна і замацаваны за аддзелам культуры Маладзечанскага райвыканкама.

Дзяржаўны музей беларускай літаратуры

Музей праводзіць літаратурна-дакументальныя, мастацкія і фальклорна-этнаграфічныя выстаўкі. Значнае месца займаюць персанальныя літаратурныя выстаўкі, прысвечаныя юбілейным датам з дня нараджэння і выхаду твораў беларускіх пісьменнікаў, у т.л. А.Адамовіча, Я.Брыля, В.Быкава, З.Бядулі, Ц.Гартнага, С.Грахоўскага, М.Гусоўскага, К.Каганца, У.Караткевіча, К.Крапівы, Я.Лучыны, М.Лынькова, А.Макаёнка, Я.Маўра, П.Панчанкі, Я.Семяжона, М.Танка, І.Шамякіна, А.Якімовіча і інш. У музеі пастаянна арганізоўваюцца дзіцячыя выстаўкі. Створаны перасоўныя выстаўкі «Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы...» (В.Дунін-Марцінкевіч), «Быў. Ёсць. Буду...» (У.Караткевіч), «Шляхамі Ф.Багушэвіча».

З 1991 г. штогод праводзяцца Міжнародныя Гарэцкія чытанні, вынікам якіх з'яўляецца выданне навуковых зборнікаў. Да 60-годдзя вызвалення Беларусі падрыхтаваны тэматычны каталог «Пісьменнікі Беларусі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны» (2005). У музеі ладзяцца творчыя вечарыны, літаратурныя сустрэчы, музейныя святы, прэзентацыі новых кніг, акцыі, конкурсы, уручэнні літаратурных прэмій, дэманструюцца міжнародныя выставачныя праекты ў галіне літаратуры. На аснове фондавых матэрыялаў з прымяненнем мультымедыйных праграм навуковыя супрацоўнікі праводзяць лекцыі і педагагічныя заняткі для школьнікаў. У 2005 г. музеем заснавана намінацыя «Сябра музея», паводле якой граматамі ўзнагароджваюцца творчыя асобы і арганізацыі, якія спрыяюць развіццю музейнай справы. Супрацоўнічае з вядучымі навуковымі цэнтрамі, установамі культуры і грамадскімі арганізацыямі краіны.

Адрас: 220029, г.Мінск, вул.Максіма Багдановіча, 13
Тэл.: +375-17-334-72-61; +375-17-334-56-21
Сайт: bellitmuseum.by
Аўтар: І.Б.Лапцёнак
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.
Меню
housekvar.ru
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
housekvar.ru
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
housekvar.ru

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.