Пятніца, 26.04.2024, 01:41

ДЗЯРЖЫНСКІ РАЁННЫ ГІСТОРЫКА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ

Галоўная »
ДЗЯРЖЫНСКІ РАЁННЫ ГІСТОРЫКА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ заснаваны ў г.Дзяржынск у 1985 г. У аснову музея леглі дакументы і матэрыялы, якія збіралі з 1963 г. вучні сярэдняй школы № 3 пад кіраўніцтвам дырэктара школы, у далейшым першага дырэктара музея І.І.Лысака. Адкрыты для наведвальнікаў 06.11.1987 г. Да 2005 г. музей з'яўляўся структурным падраздзяленнем аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама, 16.11.2005 г. рэфармаваны ў дзяржаўную ўстанову з сучаснай назвай. З 1988 г. дырэктар В.Ф.Чарненка.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 5985 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 3499 адзінак Агульная плошча музея 530 м², плошча экспазіцыі 276 м². Асноўная экспазіцыя размешчана ў 6 залах: З гісторыка-краязнаўчых, зале прыроды, выставачнай і лекцыйнай.

У фондах музея больш за 20 калекцый: нумізматыка, жывапіс і графіка, дакументы, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, друкаваныя выданні, рукапісы, археалогія, баністыка, фалерыстыка, зброя, адзенне, музычныя інструменты, прадметы этнаграфіі і побыту, фотадакументы, іканапіс, кераміка, сцягазнаўства, народнае мастацтва, плакаты, матэрыяльныя помнікі, філакартыя, прадметы рэлігійнага ўжытку. Найбольш цікавымі музейнымі прадметамі з'яўляюцца: кіепадобная шпілька 2 — 3 чвэрці 1-га тыс. н.э., знойдзеная пры раскопках ва ўрочышчы Кальвіншчына ў 1995 г., манетны скарб 16 — 17 ст., «Земледельческий журнал» 1840 г., «Гісторыя лейб-гвардыі сапёрнага батальёна 1812 — 1852 гг. з планамі і малюнкамі» 1852 г., звон 1802 г., знойдзены пры будаўніцтве дарогі, грамафон канца 19 ст., малыя скульптуры «Пустэльнік» і «Летапісец» В.Чарнабрысава, калекцыя рускіх абразоў 19 ст. і інш.

У 1-й зале музея прадстаўлены экспанаты, якія расказваюць аб гісторыі Дзяржыншчыны са старажытнасці да 1917 г. У іх ліку прадметы, знойдзеныя ў час археалагічных раскопак, якія адносяцца да эпохі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў (фрагменты арнаментаванага керамічнага посуду, каменныя сякеры, бронзавая фібула, сердалікавыя пацеркі і інш.), скарб манет 17 ст., прадметы з раскопак кальвінскага збору, матэрыялы аб вайне 1812 г., дакументы аб будаўніцтве Маскоўска-Брэсцкай чыгункі на тэрыторыі Койданаўскай воласці. Адноўлены інтэр'ер беларускай сялянскай хаты, дзе экспануюцца прадметы матэрыяльнай культуры Беларусі канца 19 — пачатку 20 ст.: прылады працы, вырабы народнай творчасці, хатнія рэчы і інш. Другая зала ахоплівае перыяд з 1917 г. да 1941 г. Тут экспануюцца дакументы і матэрыялы пра падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. і грамадзянскай вайны 1918-20 гг., аб германскай і польскай акупацыі, дзяржаўнай граніцы з Польшчай у 1921-39 гг., аб 16-м Дзяржынскім пагранатрадзе, калектывізацыі ў раёне, аб першай у Беларусі Койданаўскай машынна-трактарнай станцыі і Дзяржынскім польскім нацыянальным раёне. Трэцяя зала музея прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны ў раёне. Экспануюцца матэрыялы і асабістыя рэчы землякоў — Герояў Савецкага Саюза: А.К.Бурака, М.М.Гармозы, А.І.Гурына, М.І.Казея, І.С.Леановіча, Я.І.Фаміных, М.Ф.Шарко, а таксама франтавікоў, удзельнікаў падпольнага і партызанскага руху. Цэнтральную частку экспазіцыі займае макет партызанскай зямлянкі. Прадстаўлены матэрыялы аб знакамітых земляках, сярод якіх пісьменнікі К.Каганец, Л.Калюга, С.Шушкевіч, А.Глобус, фантаст Ю.Брайдэр, гісторык і археограф М.М.Улашчык, акадэмікі НАН Беларусі Ф.С.Марцінкевіч, М.І.Міцкевіч, В.У.Івашын, М.В.Бірыла і інш. Адлюстравана таксама культура раёна. Адукацыі і ахове здароўя прысвечаны асобныя раздзелы экспазіцыі. У зале прыроды прадстаўлены флора і фауна раёна.

У выставачнай зале музея арганізуюцца выстаўкі разнастайнага накірунку — мастацкія, этнаграфічныя, дзіцячай творчасці, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выстаўкі з замежных пасольстваў.

У музеі праводзяцца таксама тэматычныя экскурсіі: «Наш край у далёкім мінулым», «Мястэчкі ў Беларусі», «Народныя рамёствы», «Вялікая Айчынная вайна на тэрыторыі раёна», музейна-педагагічныя заняткі, кіналекторыі, віктарыны, семінары, прэзентацыі і інш.

Адрас: 222720, г.Дзяржынск, вул.Ленінградская, 6
Тэл.: +375-1716-552-57
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў,
Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.