Чацвер, 25.04.2024, 23:28

ДЗЯВОЧАЯ ГАРА

Галоўная »
ДЗЯВОЧАЯ ГАРА — 1) Дзевяцігaра, этнаграфічны аб'ект, верагодна, помнік язычніцкага культу на тэрыторыі Валожынскага раёна, за 0,5 км на захад ад в.Дуброва Маладзечанскага раёна. Звесткі пра дзявочую гару ўпершыню апублікаваны ў 1881 г. у «Слоўніку геаграфічным Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх», дзе прыводзіцца мясцовае паданне, паводле якога на гары закапана жывая дзяўчына і разам з ёй пахаваны два хлопцы, якія загінулі ў час спаборніцтва за права стаць яе мужам. Там жа ляжаў вялізны камень, на якім нібыта сядзела дзяўчына ў час спаборніцтва. У 1987 г. Э.М.Зайкоўскі на дзявочай гары правёў археалагічнае абследаванне і раскопкі.

Дзявочая гара — адзін з самых высокіх пунктаў у гэтай мясцовасці — знаходзіцца паблізу водападзелу Заходняй Бярэзіны і Свіслачы, амаль уся зарасла лесам. У найбольш высокай паўночна-ўсходняй частцы размешчана каля 20 курганоў (вышыня 0,5 — 1,5 м, дыяметр 6 — 12 м) і вялікая яма (магчыма, асталася ад каменя, згаданага ў паданні). Два курганы раскапаны. Адзін з іх складзены з камянёў, перасыпаных зямлёй. У ім на ўзроўні гарызонту выяўлены шкілет жанчыны, арыентаваны на захад; знойдзены таксама фрагменты керамікі 11 ст. і сярэбранае скроневае кольца, канцы якога заходзяць адзін за адзін. Другі курган насыпаны з пяску і абкладзены камянямі. У цэнтры кургана (ніжэй узроўню гарызонту) размяшчаўся шкілет жанчыны (захаваўся не цалкам), таксама арыентаваны на захад; выяўлены пярсцёнак і шкляная пазалочаная пацерка (11 ст.).

У час шурфоўкі ў іншых месцах гары культурны пласт не выяўлены. Назва помніка сведчыць пра яго сувязі ў старажытнасці з культам язычніцкай багіні кахання. Другая назва помніка — Дзевяцігара — відаць, звязана з культам багіні-дзевы, «панёсшай у лоне сваім» і з дзевяццю месяцамі цяжарнасці. Да нядаўняга часу на гары святкавалася купалле.

2) Этнаграфічны аб'ект і, верагодна, помнік язычніцкага культу ў г.Мсціславе Магілёўскай вобласці. Размешчана на правым беразе р.Вехры (вышыня над узроўнем ракі да 10 м, памеры пляцоўкі 108 х 48, па краях яе — вал вышынёй 2 — 2,5 м). Пра гару захавалася паданне, што яна нібыта была насыпана дзяўчатамі, што, як і назва помніка, сведчыць пра пэўную сувязь з культам язычніцкага жаночага бажаства, багіні-дзевы. У 1960 г. Л.В.Аляксееў правёў археалагічныя раскопкі помніка (у паўднёвай частцы пляцоўкі і на вале). Магутнасць культурнага пласта 0,4 — 0,6 м, верхняя частка яго ў старажытнасці была скапана для падсыпкі вала. У мацерыку выяўлена прамавугольная яма (без знаходак) і другая — неглыбокая і бясформенная (каля ўнутранага падножжа вала), у якой знойдзена некалькі лобных ці цемянных касцей маленькага дзіцяці. Верагодна, гэта былі рэшткі ахвярапрынашэння (дзіцячыя чарапы выяўлены таксама каля Бабінай гары пад Трахтэміравам на Украіне, аднак, паводле меркаванняў археолага Б.А.Рыбакова, гэта гара хутчэй за ўсё была прысвечана не багіні-дзеве, а багіні ўраджаю і лёсу).

Пра язычніцкі звычай прынясення ў ахвяру дзяцей згадваў у 12 ст. і Кірыла Тураўскі. У культурным пласце дзявочай гары трапляюцца рэшткі керамікі перыяду ранняй бронзы. Асноўная частка знаходак адносіцца да ранняга жалезнага веку (днепрадзвінская і зарубінецкая культуры). Вал быў насыпаны паступова: верхні пласт датуецца пачаткам н.э.; трапляюцца асобныя знаходкі перыяду Кіеўскай Русі і сярэдзіны 17 ст. Таму магчыма выкарыстанне дзявочай гары як язычніцкага культавага помніка і ў жалезным веку і ў перыяд ранняга феадалізму.

Аўтар: Э.М.Зайкоўскі
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.